Па шляху муфты: з Юбілейнай у Казахстан /фота/

Дырэктар ТАА «Трансэлектракамплект» Генадзій Сакуць.

На мінулым тыдні дэлегацыя ТАА “Трансэлектракамплект”  на чале з Генадзіем Сакуцем  пабывала на прадпрыемстве па выпуску вырабаў з пластмасы ва ўкраінскім горадзе Хмяльніцкі.

– Асноўная мэта паездкі – азнаямленне з новымі тэхналогіямі вытворчасці  прадукцыі, выпуск  якой  плануем  у бліжэйшы час асвоіць і мы, – расказвае Генадзій Станіслававіч.
З  адходаў  сыравіны, якая выкарыстоўваецца для выпуску электратэхнічнай прадукцыі,  у таварыстве вырашылі атрымаць карысць – даць ім другое жыццё ў выглядзе пластмасавага посуду, дыванкоў і  іншых неабходных гаспадарчых  дробязяў.   Намеснік дырэктара ТАА  Яўгеній Сяргей тлумачыць, што зараз вывучаюцца попыт  і прапанова, працягваецца будаўніцтва новага цэха, наперадзе – закупка неабходнага абсталявання. На прадпрыемстве спадзяюцца, што і гэта прадукцыя зной-дзе  свайго  пакупніка. Прычым,  не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Як гэта  13 гадоў назад адбылося з  электрамантажнымі тэрмаўсадачнымі  муфтамі. Менавіта з  іх выпуску пачалася гісторыя ТАА “Трансэлектракамплект”, заснавальнікам і нязменным кіраўніком якога і з’яўляецца Генадзій Сакуць.
Калі  напрыканцы 2003 года ў  нашым райцэнтры было зарэгістравана  гэта таварыства, многія меркавалі, што прадпрыемства чакае лёс прадпрыемства-аднадзёнкі.  Тым больш, што  вытворчасць  малазнаёмая і нязвыклая – выраб электрамантажных тэрмаўсадачных муфтаў рознага сячэння. Здавалася, каму патрэбныя  гэтыя муфты?  Час паказаў: патрэбныя ды яшчэ як.
Сёння ”Трансэлектракамплект”  –   адно з самых стабільных  вытворчых прадпрыемстваў раёна, паспяхова развіваецца і добра вядома не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Тут працуюць 93 чалавекі, якія гатовы выканаць  разнастайныя электрамантажныя  работы, выпускаецца  больш за 100 найменняў электратэхнічнай і кабельнай прадукцыі  (частка – па ўласных тэхналогіях). Акрамя асноўнай вытворчасці, паклапаціліся і пра   зручнасці для сваіх працаўнікоў  і жыхароў бліжэйшых вуліц: фірменны магазін  ”Трансэлектракамплекта” – аб’ект таксама папулярны.
Якасць – адна з галоўных умоў канкурэнтаздольнасці. Яна на асаблівым кантролі і не толькі ўнутраным. Прадпрыемства сертыфікавана па міжнароднай сістэме менеджменту якасці ISO 9001-2009 і кожныя тры гады паспяхова пацвярджае адпаведнасць міжнароднаму стандарту. Штогод спецыяльная камісія  арганізуе праверку для пацвярджэння якасці.  Сёлета гэта  адбылося напачатку снежня, і зноў ”Трансэлектракамплект” на вышыні: прэтэнзій да арганізацыі работы і якасці  прадукцыі няма. Гэта тэарэтычная  выснова. А практычная –  фуры  пад завязку загружаныя ляхавіцкімі муфтамі, якія   адпраўляюцца на экспарт. Асноўны рынак збыту –   Расійская Федэрацыя. Калі некалькі гадоў назад  хваля эканамічнага крызісу ахапіла і Расію, то ў поўнай меры адчула яе і наша прадпрыемства. У іншага кіраўніка апусціліся б рукі, але  не ў Сакуця.   На ”Трансэлектракамплекце” з падвоенай энергіяй пачалі  шукаць  новых партнёраў, новыя рынкі збыту,  пры гэтым  не збіраліся скасоўваць стасункі з даўнімі бізнес-калегамі.
–  Безумоўна, было цяжка. Нейкі, няхай і непрацяглы  перыяд працавалі са стратамі,  з запоўненымі складамі. Але спадзяваліся на лепшае.  Ніхто ні са спецыялістаў, ні з рабочых не звольніўся, не дапусцілі  скарачэння кадраў, плацілі людзям зарплату, – расказвае Генадзій Сакуць.
Паступова ўсё наладзілася.  Сёлета расійскаму партнёру  “Нева-ТрансКомплект” пастаўлена тавару больш, чым  летась.
Умацоўваюцца стасункі з украінскімі спажыўцамі:   за 2016 год ім  пастаўлена прадукцыі на 50 працэнтаў больш, чым у першы год супрацоўніцтва.   А гэта дадатковы прыток валюты. Днямі на Украіну  адправіцца  чарговая фура з  буйной партыяй кабельных муфтаў.
Сёлета ”Трансэлектракамплект” пашырыў бізнес-сувязі з прадпрыемствамі Казахстана –  яшчэ аднаго ўдзельніка  Еўразійскага эканамічнага саюза.  Яўгеній Сяргей падкрэслівае, што ў параўнанні з мінулым  годам тавараабарот з гэтай краінай  павялічыўся ўдвая. Ёсць задумкі наладзіць пастаўкі і на Захад: у якасці  патэнцыяльных  партнёраў разглядаюцца прадпрыемствы  ў Польшчы, Турцыі і іншых краінах.
На беларускім рынку прадукцыяй  ”Трансэлектракамплекта”  карыстаюцца арганізацыі   сістэмы Белэнерга,  аграпрамысловага комплексу, будаўнічыя.  За 13 гадоў існавання ад айчынных і замежных партнёраў  не было ніводнага адмоўнага водгуку  на кабельны электратэхнічны асартымент,  які “трансэлектракамплектаўцы” выпускаюць  па навейшых тэхналогіях.
Стварэнне на  прадпрыемстве з прыватнай формай уласнасці прафсаюзнай пярвічкі – яскравае  сведчанне таго, што  на ”Трансэлектракамплекце”  дзейнічае  прынцып сацыяльнага партнёрства.
–  За год  існавання нашай прафсаюзнай арганізацыі не было выпадку, каб давялося  разглядаць спрэчную сітуацыю паміж работнікам і наймальнікам.  Заключаны сёлета калектыўны дагавор накіраваны  і на замацаванне сацыяльных гарантый, і на павышэнне адказнасці працаўнікоў за выкананне сваіх прафесійных  абавязкаў, – сцвярджае старшыня прафкама  Яўгеній Сяргей.
Кіраўніцтва сумесна з прафсаюзам  робіць  нямала дзеля тых, хто тут працуе, іх сем’яў (у якіх, дарэчы, выхоўваюцца 63 дзіцяці).  На падрыхтоўку да новага навучальнага года на кожнага вучня выдаткавана пэўная сума, выдаюцца  бясплатныя пуцёўкі ў аздараўленчыя летнікі.  Хлопчыкі і дзяўчынкі, чые бацькі працуюць на ”Трансэлектракамплекце”,  абавязкова атрымаюць  навагоднія сюрпрызы. А 12 з іх адправяцца  напрыканцы снежня на абласную прафсаюзную ёлку.
– Мы шмат увагі надаём пытанням аховы працы. У цэхах сучаснае абсталяванне, работнікі забяспечаны спецадзеннем,  аснашчаны   ўсім неабходным пакоі для адпачынку.  Пры такіх уважлівых адносінах з боку адміністрацыі, людзі стараюцца працаваць з поўнай аддачай, – расказвае інжынер па ахове працы  Сяргей Наліўка.
Многія работнікі ТАА “Трансэлектракамплект”     тут  з моманту заснавання таварыства.  Звальненні – рэдкая з’ява, у асноўным пакідаюць прадпрыемства тыя, хто ідзе  на заслужаны адпачынак. Некаторыя, хоць і  на пенсіі па ўзросце,  працягваюць працаваць.
Гонар прадпрыемства – камплектоўшчыкі  Галіна Сокал, Валерый Гнідзін,  вадзіцель Уладзімір Максіменка, майстры Віталій Татарыновіч (сёлета яго прозвішча занесена на раённую Галерэю  славы), Генадзій Казакевіч. Усё заўсёды ў ажуры ў галоўнага бухгалтара Ганны Бецька. Прафесіянал сваёй справы – галоўны інжынер Аляксандр Гаспадура.  Стараецца і брыгада электрамантажнікаў, якую ўзначальвае Вячаслаў Галёнка.
Моладзь на прадпрыемства прыходзіць  адукаваная  і  са здаровымі амбіцыямі, адказная і добрасумленная.  Апрацоўшчык вырабу з пластмасы Максім Гунько,  машыніст станка Яраслаў Кручок, токар Віктар Кудзіновіч  складаюць  дастойную канкурэнцыю больш  вопытным калегам.
– У калектыве не першы год. Задавальняе ўсё – умовы працы, адносіны калег, заработная плата.  А Дзень энергетыка – сямейнае свята: муж працуе ў раёне электрасетак, – гаворыць  кантралёр гатовай прадукцыі Іна Вашчыла.
На прадпрыемстве за гады яго існавання склаліся і  сямейныя дынастыі: Жмурко, Максімчык, Юнік, Брэзіны.
Калі вытворчасць ад старонніх вачэй закрытая, то з фірменным гандлем прадпрыемства   ўсё наадварот. У  магазіне ”Трансэлектракамплекта”  заўсёды рады пакупнікам.   Брыгада  ў складзе  Марыны Булатай, Наталлі Квернадзэ, Наталлі Грамак, Святланы Чарняўскай  пад кіраўніцтвам старшага прадаўца Ларысы Бурба прапануюць шырокі асартымент харчовых тавараў. Стараюцца задаволіць пакупніцкі попыт землякоў. Магазін, як і прадпрыемства,  працуе з прыбыткам.
Ёсць і яшчэ адно, асабліва адметнае  ў рэаліях нашага прагматычнага часу, што вылучае ТАА “Трансэлектракамплект”.
Дырэктар прадпрыемства ўваходзіць у склад папячыцельскага савета, створанага пры ТЦСАН. Многія ініцыятывы ветэранскіх  і маладзёжных  арганізацый, таварыства Чырвонага Крыжа, сацыяльнай службы, устаноў адукацыі і аховы здароўя ўвасабляюцца ў жыццё  пры фінансавай падтрымцы ” Трансэлектракамплекта”.
…А гэтымі днямі прадпрыемства да ўсяго іншага займаецца вонкавым дызайнам.
– Не для перамогі ў конкурсе на лепшае пераднавагодняе ўпрыгожванне стараемся. Хочам, каб і нашы працаўнікі, і тыя, хто жыве побач ці проста праязджае па дарозе,  змаглі  адчуць святочную атмасферу навагоддзя, – зазначае Генадзій Сакуць.

Шаноўныя калегі –   

тыя, хто сёння працуе на прадпрыемстве, і нашы паважаныя ветэраны! Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды прафесійнага свята – Дня энергетыка. Дзякуй вам за добрасумленную

працу, падтрымку і давер. Жадаем моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту ў кожным доме і кожнай сям’і. Няхай ваш  жыццёвы шлях заўжды асвятляе зорка ўдачы і дабрыні.

Дырэкцыя і прафкам    

ТАА “Трансэлектракамплект”.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Брыгада мантажнікаў на чале з Аляксандрам Гаспадурам (у цэнтры).

Прадаўцы фірменнага гандлю Ларыса Бурба, Марына Булатая, Наталля Квернадзэ.

Інжынер па ахове працы Сяргей Наліўка і намеснік начальніка вытворчасці Віктар Матчэня.

Машыніст экструдзера Яраслаў Кручок.

Рабочы Сцяпан Ляшко.

Ліцейшчыкі Аляксандр Ксёнжык і Мікалай Харошка.

Наладчык Леанід Салата.

Апрацоўшчыкі Анатолій Лойша, Аляксандр Латушка, камплектоўшчыца Людміла Уласень.

Апрацоўшчыкі вырабаў з пластмасы Ахмед Гамідаў, Уладзімір Пятроўскі, Міхаіл Емяльянчык, Яўгеній Максімчык.

Апрацоўшчыкі Вячаслаў Трыбух і Сяргей Лушкевіч.

Вадзіцель Ігар Скуратовіч.

Камплектоўшчык Валерый Гнідзін, аплётчык Аляксандр Татарыновіч.

Токары Васілій Жмурко, Анатолій Кошман, Віктар Кудзіновіч, Астамур Абгаджава.

Кантралёр Іна Вашчыла, камплек-тоўшчыца Святлана Сірыська.

Намеснік дырэктара Яўгеній Сяргей і галоўны бухгалтар Ганна Бецька (у цэнтры) са спецыялістамі інжынерна-тэхнічнай, бухгалтарска-эканамічнай службаў.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *