Запраграмавана на сардэчнасць

Не заставацца абыякавай, здолець падтрымаць і дапамагчы любому, каму  патрэбна падтрымка і дапамога,  – гэта пра  ляхавічанку Аляксандру Матчэня. Яна  ў пастаянным руху  і заўсёды ў гушчыні падзей.  Пра такіх гавораць: з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Член прэзідыума райсавета ветэранаў, узначальвае  ветэранскую пярвічку Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, дыплом якога некалі атрымала.
З восені 1969 года  і да пенсіі Аляксандра Васільеўна працавала ў каледжы лабарантам,  у статусе  старшыні прафсаюзнай   пярвічкі навучэнцаў дзесяцігоддзе адстойвала іх інтарэсы. Тут  яна  свая, як і яе паважаныя аднадумцы-ветэраны. Іх запрашаюць на святы, сустрэчы, віншуюць.  На каледжскім зімовым “Снежным снайперы”  ды і на іншых  спаборніцтвах яны – паўнапраўныя ўдзельнікі, каманда.
На любое журналісцкае пытанне Аляксандра Васільеўна дае вычарпальны адказ. Яна ў курсе як ветэранскіх, так і прафсаюзных спраў, дакладна ведае, чым зацікавіць і равеснікаў, і моладзь. І гэта не дзіўна. Час, калі ўзначальвала прафсаюзную арганізацыю навучэнцаў каледжа, не прайшоў дарма. Яе  ўрокі актыўнасці, нераўнадушнасці, ініцыятыўнасці, якія  ў тым ліку фарміруюць  асобу будучага спецыяліста сельскай гаспадаркі, сёння ўспамінаюць з   удзячнасцю. Як шчыра гаворыць пра яе былы каляджанін, потым выкладчык, а сёння начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Дабрыянец.
Жыццярадасная і працавітая, Аляксандра Матчэня  з ранняй вясны да позняй восені    набіраецца энергіі і сіл на дачным участку ў садовым таварыстве. Не стамляецца ўпрыгожваць свой куточак разнастайнымі кветкамі –  ад іх жыццё, гаворыць, вясёлкава-светлае.   Насадзіла чаранкоў ружаў, хвалюецца, каб хаця не памерзлі. І ў садовым таварыстве, дарэчы,   вядзе бухгалтарскія справы.
А  колькі ў  біяграфічным  заліку нашай  апантанай зямлячкі грамадскіх пасад і нагрузак. Усе –   дарагая памяць.
Клопатам  Аляксандры Васільеўны акружаны і родныя. А як ганарыцца ўнукамі!  Чулая і ўважлівая, здаецца, яна проста  запраграмавана на сардэчнасць. Дзеліцца:
– Дапамагалі мне, і я дапамагала.  Ведаю, як на сэрцы становіцца цёпла і сонечна ад добрых слоў нават чужых людзей. Таму  заўсёды імкнуся быць карыснай, патрэбнай іншым.
15 студзеня Аляксандра Матчэня адзначыць прыгожы  юбілей. Няхай  жыццё  працягваецца яркай стужкай і будзе напоўнена радаснымі падзеямі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *