Зоркі як прызванне

На пінжаку ляхавічаніна Васілія Падзіны сярод мноства ўзнагарод – медаль трох ступеняў “За бездакорную службу”.  І гэта верная прыкмета таго, што са сваіх 70-ці  не адно дзесяцігоддзе ён самааддана служыў Радзіме.

Васілій Сямёнавіч – з пакалення, чыё дзяцінства выпала на першыя пасляваенныя гады. Украінскі пасёлак з прыгожай назвай Кацерынопаль, як і тысячы іншых вёсак і гарадоў, паступова аднаўляўся пасля разбуральнай фашысцкай акупацыі…
Ці марыў калісьці хлопчык са звычайнай сялянскай сям’і, што стане ваенным і будзе годна насіць пагоны з вялікімі зоркамі? Магчыма. Пра гэта тады мроілі ці не ўсе яго равеснікі. Але пасля школы ён выбраў іншую прафесію – самую мірную – вырошчваць хлеб.
Лёсавызначальнай стала служба ў арміі. Юнак зразумеў: гэта – яго. І рашуча памяняў трактар на танк. Колькі машын прайшло праз яго рукі – падлічыць цяжка, як і тое, колькі гадзін правёў на палігоне, перабіраючы і рэгулюючы тэхніку. Адначасова паспяваў і вучыцца, атрымаў спецыяльную адукацыю. Вайсковае начальства вылучыла стараннага і дысцыплінаванага афіцэра, які ўмеў працаваць не толькі з тэхнікай, а і з людзьмі. Так ён трапіў у ваенкамат.
Ляхавічы не былі першым райцэнтрам, дзе давялося праходзіць службу, але менавіта тут затрымаўся надоўга. Без малога 8 гадоў узначальваў раённы ваенны камісарыят. Адсюль у званні падпалкоўніка звольніўся ў запас.
Без справы сядзець не стаў: працаваў у розных арганізацыях – сумленна і шчыра (па-іншаму ў яго не атрымліваецца), займаўся грамадскай работай.
Васілій Сямёнавіч стаяў ля крыніц стварэння раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў, узначальваў яе 16 гадоў. І нават пасля таго, як склаў свае кіраўніцкія паўнамоцтвы, застаецца яе актыўным членам. Заўсёды з жаданнем сустракаецца з падрастаючым пакаленнем, удзельнічае ў патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі.  Перакананы, што армейскую школу павінен прайсці кожны юнак, бо яна з учарашняга школьніка здольна зрабіць сапраўднага мужчыну – адказнага, рашучага, смелага, разважлівага.
Сёння ва Узброеных Сілах праходзіць службу старэйшы ўнук – і сэрца дзеда поўніцца гонарам.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *