Халодная пакупка

Выкарыстана ілюстрацыя

Тэмпература ў гандлёвых залах большасці магазінаў, аб’ектаў грамадскага харчавання райпо 14-15 градусаў цяпла – гэта яшчэ нядрэнна, калі сказаць, што бывае і менш… А па санітарна-гігіенічных патрабаваннях павінна быць 17-23 градусы. Холадна прадаўцу, некамфортна  пакупнікам, псуецца тавар, які прадаецца ў такіх крамах…

Дыскаўнтар “Родны кут” па вуліцы 17-га  Верасня (многія звыкла называюць яго па-ранейшаму – “Ветэран”) – запатрабаваная гандлёвая кропка ў ляхавічан. Гэта адзін з нямногіх  магазінаў у райцэнтры, дзе ў шырокім асартыменце прадаюцца  разнастайныя салодкасці і, што  немалаважна,  танней, чым у іншых. А яшчэ тут штодня ў продажы      свежы хлеб. І, безумоўна, прыемны бонус для пакупнікоў – уважлівыя і ветлівыя прадаўцы. Яны стараюцца, каб тут заўсёды быў добры выбар прадукцыі, нават ведаюць густы сваіх  пастаянных пакупнікоў. Але з позняй восені да ранняй вясны ёсць у гэтым магазіне і непрыемная акалічнасць – холад. Шкада прадаўцоў, якія ў такіх умовах вымушаны працаваць, ды і пакупнікам  няўтульна. Да неабходных па санітарных нормах 17-23 градусаў цяпла недацягваецца  істотна. Гандлёвая кропка сілкуецца цяплом ад уласнага катла. Няўжо ніхто не заклапочаны такім станам спраў? Хаця ён уласцівы і некаторым іншым магазінам.
–  Я ўжо прывыкла, што ў гандлёвай зале холадна,  а вось калькулятар адмаўляецца лічыць – холадна  і   яму, – гаворыць прадавец аднаго  з магазінаў райпо.
Холадна ў “Кааператары”, “Мэблі”…
Нізкая тэмпература, адпаведна – павышаная вільготнасць. Можа і добра некаторым відам прадукцыі ў такіх умовах, але не ўсякаму асартыменту даспадобы – хутка цвіль з’яўляецца, гніль. Куды ўсё гэта? Спісваць ці прапаноўваць  пакупніку?
Радуюцца  тэмпературы 8-10 градусаў са знакам  плюс у магазіне “Мэбля”, бо, гавораць, бывала раней амаль мінусавая. “Пацяплела”  пасля таго, як летась  тут уставілі новыя вокны. Праўда, шмат  цяпла забірае адсутнасць тамбураў. Пры такім “плюсе” тавар псуецца: не на карысць  шафе ці канапе знаходзіцца ў  сырасці і холадзе.
Тэмпературу плюс 9 градусаў  у гандлёвай зале “Мясной лаўкі” зафіксавала ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Паліна Ляўкевіч у час студзеньскага  маніторынгу  аб’ектаў гандлю.
– І нават з улікам дапушчальна-папраўчых плюс-мінус  5 градусаў, тэмпература значна ніжэй нормы. Аналагічныя тэмпературныя паказчыкі  ў магазіне “Спадарожнік”, што ў Вялікім Гарадзішчы. Кіраўніцтву райпо выдадзены рэкамендацыі па ўхіленні выяўленых парушэнняў. Калі ва ўказаныя тэрміны сітуацыя не выправіцца, будзе ўжо адміністрацыйнае спагнанне, – зазначыла ўрач-гігіеніст.
Ну а як з “надвор’ем” на прадпрыемствах  грамадскага харчавання райпо?  Збіраецеся  адсвяткаваць  якую-небудзь асабістую падзею ці правесці карпаратыў у кафэ    “Алеся” ці рэстаране ”Ластаўка” – апранайцеся цяплей, бо рызыкуеце  замерзнуць. У “Алесі”, якую таксама праманіторылі спецыялісты райЦГіЭ, у абедзенна-банкетнай зале было крыху больш за 10 градусаў цяпла, нязначна цяплей у адміністрацыйным будынку спажывецкага таварыства.
Хто ў адказе за ўсё гэта? Безумоўна,  наймальнік – кіраўніцтва райпо. Што прадпрыме па выпраўленні сітуацыі яно, прафкам, спецыяліст па ахове працы і іншыя зацікаўленыя службы і асобы, застаецца загадкай.
Галіна КАНЬКО.
Выкарыстана ілюстрацыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *