З размахам – па-жарабковіцку. Прафсаюзная акцыя ”Наш жывёлавод” крочыць па Ляхавіцкім раёне. Чарговы прыпынак – ААТ ”Жарабковічы”

Святочна і шчыра было ў другі дзень лютага ў Жарабковіцкім СДК. Тут ушаноўвалі лепшых жывёлаводаў мясцовай гаспадаркі. І калі на фермах яны, як належыць,  у рабочым спецадзенні, то на сустрэчу прыйшлі ў  модных сукенках і  строгіх касцюмах, як жартавалі самі – і не пазнаць.
Больш за 240 работнікаў – аператары машыннага даення і на адкорме, падвозчыкі, слесары і іншыя – задзейнічаны ў жывёла-гадоўчай галіне  таварыства. Кожны з іх стараецца працаваць добрасумленна і адказна, як рабілі іх бацькі, многія з сённяшніх працаўнікоў – аграрыі не ў першым пакаленні. Ім ёсць чым ганарыцца. Па выніках мінулага года ў гаспадарцы ў сярэднім ад кожнай каровы надоена па  5948 кілаграмаў малака. Тон задае новая малочнатаварная ферма “Чашчы”, дзе адпаведны паказчык 9632 кілаграмы малака. 6373 кілаграмы – леташні вынік  па МТФ “Гулічы”, 5805 кілаграмаў – па жарабковіцкай ферме, 5610 кілаграмаў – па зарытаўскай. За кожным кілаграмам – нястомная праца аператараў, якія клапатліва даглядаюць сваіх рагуль.
Адна з лепшых не толькі ў “Жарабковічах”, але і ў раёне Лідзія Чаркас. У 2016 годзе  Лідзія Аляксееўна ад кожнай каровы надаіла ў сярэднім 8284 кілаграмы малака.  Лідзія Чаркас заслужана прызнана адной  з лепшых  па выніках раённага спаборніцтва “Наш жывёлавод”, ініцыяванага прафсаюзам  работнікаў аграпрамысловага ком-плексу.
З чарговай працоўнай перамогай вопытнага аператара машыннага даення  шчыра павіншавала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура, якая ўручыла Лідзіі Чаркас падзячнае пісьмо галіновага райкама прафсаюза і грашовую прэмію. Дарэчы, Лідзія Чаркас не толькі ў надоях майстар, яна актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці. А яшчэ  адмысловая вышывальшчыца. У СДК была арганізавана яе персанальная выстава.
Прафсаюзны лідар аграрыяў раёна падзякавала жывёлаводам за плённую працу, пажадала новых працоўных здабыткаў і запэўніла,   што прафсаюз заўсёды побач – і райкам, і пярвічка. На свяце прафсаюзны лідар гаспадаркі Людміла Мікуліч уручыла  падарункі лепшым загадчыкам МТФ,  аператарам, слесарам.  Ушаноўвалі не толькі вопытных аграрыяў. Сярод маладога папаўнення адзначаны  аператары машыннага даення МТФ “Чашчы” Лілія Русак і Анжаліка Касцюк, “Гулічы” – Наталля Вайцяховіч.
А яшчэ ад прафсаюза быў арганізаваны салодкі стол. І за кубачкам духмянага чаю з пірагамі было пра што пагаварыць  слаўным працаўнікам.
Каб атмасфера сустрэчы была цёплай, вельмі пастараліся мясцовыя культработнікі, якія  ладзілі праграму “З любоўю”. А пасля канцэрта многія з тых, у чый адрас гучалі словы пашаны, адправіліся на фермы – што зрабіць, калі спецыфіка працы не дазваляе доўгіх перапынкаў.
Дарэчы, з леташняга лістапада па сёлетні  красавік камісіі ў складзе  прафсаюзных актывістаў,  спецыялістаў сельскай гаспадаркі  пабываюць на кожнай ферме, малочна-таварным комплексе, каб паглядзець на ўмовы быту і вытворчасці, вызначыць лепшых.  Пакуль пабывалі ў  ЗАТ “Белпрампрыбор” і ААТ “Жарабковічы”.
Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва райкама прафсаюза работнікаў АПК.

One thought on “З размахам – па-жарабковіцку. Прафсаюзная акцыя ”Наш жывёлавод” крочыць па Ляхавіцкім раёне. Чарговы прыпынак – ААТ ”Жарабковічы”

  • 08/02/2017 в 22:40
    Permalink

    Як бы гэта не гучала дзіўна, але такія конкурсы вельмі патрэбны жывёлаводам.Яны падштурхоўваюць, стымулююць і нават аб’ядноўваюць. Жаданне перамагчы пераадольвае ўсе цяжкасці і выдаткі нялёгкай прафесіі. Ды і магчымасць пакрасавацца ў прыгожай сукенцы — для жанчын таксама імпульс.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *