Адпачынак з гарантыяй

15 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі. Мы ўсе – краіна і кожны з нас – жывём па Канстытуцыі. Асноўны Закон Беларусі рэгламентуе правы і абавязкі кожнага яе грамадзяніна. Сярод гэтых  гарантый – права на жыццё, свабоду, недатыкальнасць асобы і жылля, свабоду меркаванняў.
Артыкул 43 Канстытуцыі гарантуе працоўным права на адпачынак: штодзённы, штотыднёвы і штогадовы. Як яго праводзіць – кожны вырашае для сябе сам.
Галоўны спецыяліст па аздараўленні Алена Булатая расказала, што летась жыхарам Ляхавіцкага раёна выдадзена 205 пуцёвак у здраўніцы, у тым ліку 84 – дзецям. Асаблівай папулярнасцю ў нашых землякоў карыстаюцца санаторыі “Крыніца”, “Сасновы Бор”, “Бярэсце”, “Буг”, “Алеся”. Хлопчыкам і дзяўчынкам спадабаліся “Баравічок”, “Асілак”, “Случ”, “Зялёны бор”, “Налібокская пушча”. Дарэчы, дзіцячы адпачынак для сямейнага бюджэту – бясплатны. Аплачваць дарогу, страхоўку і іншыя паслугі давядзецца толькі тым, хто едзе адпачываць за межы краіны. Напрыклад, паездка ў санаторый “Беларусь” у Друскінінкай каштавала для бацькоў прыкладна 131 рубель. Бюджэту кошт адной дзіцячай пуцёўкі на 21 дзень у беларускі санаторый у сярэднім абышоўся ў 620 рублёў.
Дзяржава поўнасцю бярэ на сябе расходы і за санаторны адпачынак інвалідаў І і ІІ груп, ветэранаў вайны. У мінулым годзе  магчымасцю аздаравіцца бясплатна скарысталіся 23 такія жыхары Ляхавіцкага раёна. А, між тым, пуцёўка на 18 дзён каштавала летась 450-726 рублёў.
Не “кусаюцца” цэны на пуцёўкі і для працуючых грамадзян:  з 1 мая па 30 кастрычніка складаюць ад 20-ці працэнтаў сярэдняга заробку, а ў зімовыя месяцы і таго менш – ад 15-ці працэнтаў. 15-20 працэнтаў кошту пуцёўкі кампенсуюць і ветэраны працы. Калі жадаючых трапіць на санаторна-курортнае лячэнне больш, чым раёну выдзелена пуцёвак, апошнія заўсёды можна заказаць з поўнай аплатай непасрэдна ў санаторыі. Да таго ж, напрыклад, у здраўніцах Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прадугледжаны 25-працэнтныя скідкі для членаў прафсаюза. Напрыклад, на
18 дзён курсоўка ў папулярны санаторый “Буг” каштуе 772 рублі, калі вы член прафсаюза, з гэтай сумы вылічваецца 193 рублі – добрая эканомія ўласнага бюджэту.
Дапамагаюць грамадзянам набыць пуцёўкі ў санаторыі і прафілакторыі і прафсаюзныя пярвічкі.  Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага  комплексу  Ірына  Чура расказала, што ў мінулым годзе  84 работнікі сельгасарганізацый атрымалі датацыі на патанненне пуцёўкі ў санаторый для сябе ці ў летнік для сваіх дзяцей  на  агульную суму амаль 1200 рублёў.
Яшчэ некалькі месяцаў, і такія доўгачаканыя летнія канікулы прымуць у цёплыя абдымкі хлопчыкаў і дзяўчынак.  Хто на мора, хто ў падарожжа, а некаторыя рабяты з задавальненнем едуць аздаравіцца ў санаторыі, лагеры адпачынку. Многія юныя ляхавічане ўжо мараць пра чарговыя незабыўныя  дзянькі ў  любімым летніку “Чайка”,  які і сёлета  чарговы раз сустрэне рабят абноўленым. Камфортныя ўмовы для адпачынку,   свежае паветра, утульныя пакоі для пражывання, збалансаванае пяціразовае харчаванне.  А колькі цікавых конкурсаў, экскурсій, паходаў, гульняў ладзяць педагогі. Не дзіўна, што  за апошнія паўтара дзесяцігоддзя  ў кожнай змене – аншлаг адпачываючых.  Летась самыя яскравыя ўражанні з летніка каля Галаўнінцаў прывезлі дамоў больш за паўтысячы  хлопчыкаў  і дзяўчынак.  Такі ажыятаж тлумачыцца не толькі  цікавым і здаровым  адпачынкам, але і важкай дзяржаўнай датацыяй на аплату пуцёўкі: з агульнага кошту 315 рублёў 160 датавала дзяржава. Астатнюю суму дзялілі паміж сабой бацькі дзіцяці (32 рублі) і арганізацыя, дзе  адзін з іх працуе (123 рублі).
Для тых, хто любіць падарожнічаць, цікавіцца гісторыяй роднага краю, каму па душы сон у турыстычнай палатцы на беразе рэчкі ці на лясной паляне, не першы год дзейнічае  перасоўны лагер “Рабінзоны”. За такое задавальненне  бацькі  кожнага з 20 нашых юных землякоў заплацілі ўсяго  па 12 рублёў, астатнія  68 рублёў – бюджэтныя сродкі.
Цікавым быў адпачынак для 20 эрудытаў-школьнікаў   у аздараўленчым лагеры “Эўрыка” і  профільным абаронна-спартыўным “Выратавальнік” (арганізаваны  сумесна з РАНС),  дзе з карысцю бавілі час  20 рабят, якім падабаецца экстрым. Пры кошце пуцёўкі 84 рублі бацькоўская даплата склала 16 рублёў. Астатняе – зноў пастаралася дзяржава.
Працуюць і спартыўныя лагеры. Усе яны таксама  фінансуюцца ў сваёй большасці за дзяржаўны кошт.
Акрамя таго, па словах галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Вольгі Савасцюк, на базе  многіх школ раёна на канікулах працавалі лагеры з дзённым знаходжаннем, дзе адпачыла за  мінулы год амаль  тысяча гарадскіх і вясковых  хлопчыкаў і дзяўчынак. Асноўную частку расходаў зноў жа ўзяла на сябе дзяржава. Напрыклад, на леташніх асенніх канікулах амаль 150 хлопчыкаў і дзяўчынак з СШ № 2, Крывошынскай, Ліпскай, Начаўскай, Тухавіцкай сярэдніх школ і Малагарадзішчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу прыходзілі ў гэтыя навучальныя ўстановы не вучыцца, а адпачываць. Кошт пуцёўкі ў лагер  на 6 дзён склаў 30  рублёў. Бацькі заплацілі менш за 9 рублёў, астатняя сума выдаткавана са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.
Што датычыцца адпачынку дарослых, то  ў калектыўных дагаворах   многіх прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый прадугледжана выплата  матэрыяльнай дапамогі да водпуску, а таксама іншыя  даплаты.
Галіна КАНЬКО.
Артыкул 43 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Працоўныя маюць права на адпачынак. Для тых, хто працуе па найме, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, якi не перавышае 40 гадзiн, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *