Мост праблем

Прыемная падзея — доўгачаканы рамонт моста праз раку Ведзьма ў Ляхавічах — азмрочылася зацягнутымі звыш усякіх дапушчальных і прымальных межаў тэрмінамі. Амаль 5 месяцаў транспарт рухаецца  па аб’язным маршруце. Канешне, гэта надзвычай нязручна. Іншая акалічнасць: зацягванне будаўніча-рамонтных работ уплывае на іх падаражанне…

Аб’ект гэты сацыяльна значны, падкрэслівае дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляха-віцкая ЖКГ» Аляксандр Мядзвецкі. І не танны: яго кошт 600 мільёнаў бюджэтных рублёў. Заказчыкам з’яўляецца жылкамунгас. Ён  праводзіў тэндар на выкананне работ, які  выйграла мінская фірма «Валан-мост».  Фірма гарантавала выканаць работы згодна праектных дакументаў за 4 месяцы. Тэндар адбыўся 14 красавіка, дагавор падпісалі адразу. Але, па сцвярджэнні Аляксандра Мядзвецкага, пачатак рамонту быў адкладзены з-за таго, што аўтапарк № 2 г. Баранавічы  своечасова не распрацаваў новыя аўтобусныя маршруты ў сувязі з закрыццём моста.

19 мая рух транспарту праз мост быў спынены, рамонт пачаўся. Дырэктар камунгаса падкрэслівае, што кіраўніцтва будаўнічай фірмы запэўніла раённую выканаўчую ўладу: праз 2 месяцы пасля пачатку работ рух праз мост будзе адноўлены.

Сёння, лічы, сярэдзіна кастрычніка. Пытанне застаецца адкрытым, правільней, — закрытым: аб’ект аказаўся доўгайграючым. Дагавор, па словах Аляксандра Мядзвецкага, заключаны правільна  і авансіраванне ажыццяўлялася з мясцовага бюджэту ў неабходных аб’ёмах і своечасова. Аднак, «Валан-мост» прамарудзіў з закупкай будаўнічых матэрыялаў, цэны на якія растуць. Ёсць пытанні і да якасці работ. Яе кантралюе незалежны тэхнагляд. Выяўленыя недахопы даводзіцца ўхіляць.

Двойчы заказчык накіроўваў пісьмы на адрас кіраўніцтва «Валан-моста» з патрабаваннямі ў вызначаны дагаворам тэрмін завяршыць рамонт. Кантракт з майстрам фірмы быў перапынены, гаворыць Мядзвецкі. Цяпер работы на аб’екце ўзначальвае галоўны інжынер фірмы.

Як паведаміў дырэктар жылкамунгаса, 10 кастрычніка рабочая камісія  палічыла магчымым адкрыць рух транспарту праз мост на тыдні, а аб’ект здаць да канца месяца.

Увесь гэты час раённая ўлада трымала і трымае пытанне ў полі зроку, ініцыіравала канкрэтныя меры па ўхіленні неапраўдана марудных тэмпаў работ. Ёсць прэтэнзіі ў яе і да  заказчыка — КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», і да падрадчыка — фірмы «Валан-мост». Менавіта раённая ўлада прыносіць прабачэнне насельніцтву за тое, што вызначаны тэрмін адкрыцця руху праз мост зацягнуты.

Вольга БАРАДЗІНА

Р.S. Калі нумар рыхтаваўся да друку, у рэдакцыю паступіла інфармацыя аб змяненнях у раскладзе аўтобуснага руху, якія ўводзяцца з чацвярга ў сувязі з адкрыццём руху праз мост (гл. 4 стар.).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *