Захаванне энергіі

Кіраўнікі, іх намеснікі, спецыялісты аддзелаў, камітэтаў, упраўленняў аблвыканкама і некаторых абласных вытворча-тэхнічных структур, намеснікі старшынь райвыканкамаў Брэстчыны, што курыруюць у сваіх рэгіёнах пытанні энергазберажэння, і шэраг прадстаўнікоў іншых структур сталі ў мінулы чацвер удзельнікамі абласнога семінара па тэме “Новае ў энергазберажэнні”, што праходзіў на базе Ляхавіцкага раёна.

Нагода пагаварыць пра новае ў рацыянальных адносінах да энергарэсурсаў з’явілася адразу, як толькі госці пакінулі будынак раённай адміністрацыі. Ён, а таксама размешчаны побач будынак РВЭС і РВПС адрамантаваны іменна з улікам павелічэння іх холадаўстойлівасці. Устаноўлены шклопакеты, праведзена цеплавая рэабілітацыя сцен, заменены дах. Рэканструкцыя гарадскога Дома культуры каштавала бюджэту больш як 8 мільярдаў рублёў і праведзена была, у тым ліку, і ў адпаведнасці з энергазберагальнымі тэхналогіямі. Як адзначалася, укладзеныя ў рамонт грошы пачалі вяртацца: ва ўсіх выпадках  менш спажываецца цеплавой энергіі, электрычнасці, адпаведна, знізілася і сума іх аплаты. Да таго ж, па словах прадстаўніка РВПС, дзякуючы павышэнню камфартабельнасці працоўных месцаў, людзі сталі менш  “бюлетэніць”. Ці не ў гэтым галоўнае?

Ляхавіцкая ДЮСШ, куды ўдзельнікі семінара накіраваліся пасля, з’яўляецца спартыўным ядром раёна. Будынкі не новыя і нават не новаадрамантаваныя. Але ж, напрыклад, у рэабілітацыйна-аднаўленчым цэнтры ДЮСШ праведзены шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку, і з мэтай змяншэння яго рабочай энергаёмістасці.

На СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” семінар затрымаўся больш чым дзе. Склалася ўражанне, што мала якое іншае прад-прыемства ці арганізацыя раёна можа канкурыраваць з заводам у ашчадным стаўленні да пытанняў энергазберажэння. Па словах дырэктара прадпрыемства Вячаслава Жукоўскага, па некаторых удзельных паказчыках энергарэсурсаспажывання малочны завод дасягнуў ужо еўрапейскага ўзроўню. Напрыклад, што тычыцца расходу вады, патрэбнай для перапрацоўкі тоны малака. Складальнікі поспеху? Сучасныя тэхналогіі, новая тэхніка, штодзённы і паўсюдны ўлік і кантроль, падрыхтаванасць кадраў. Распрацавана і дзейнічае сістэма стымулявання работнікаў адпаведна іх стаўлення да пытанняў рацыянальнага выкарыстання энергетычных і іншага віду рэсурсаў. З мэтай павышэння каэфіцыента карыснага дзеяння, у планах малочнага завода значыцца рэканструкцыя кацельні, прадугледжаны некаторыя іншыя інавацыі.

Раённаму аддзелу адукацыі таксама было што сказаць з нагоды эканомнага спажывання энергетычных і іншага віду рэсурсаў. Практычна ў кожнай установе адукацыі ў апошнія гады праведзена ўкараненне тых ці іншых энергазберагальных мерапрыемстваў. Для прыкладу можна ўзгадаць замену вокнаў і абсталявання харчовых блокаў у шэрагу ўстаноў і іншае.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *