Чыстая субота для лесу

15 кастрычніка па ініцыятыве  Міністэрства лясной гаспадаркі ў рэспубліцы прайшла акцыя “Чысты лес”. Яе мэтай было аб’яднанне намаганняў нераўнадушных людзей, якія гатовы ўнесці свой уклад у навядзенне парадку ў лесе, вакол населеных пунктаў, паказаць прыклад адносін да галоўнага прыроднага багацця нашай краіны.

Жыхары  раёна не   засталіся ў баку ад акцыі. Ляхавіцкі лясгас вызначыў участкі для ўборкі лесу ад смецця, арганізаваў падвозку і адвозку людзей, забяспечыў іх неабходным інвентаром. Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўсім саставам разам з членамі раённага клуба беларускай асацыяцыі ЮНЕСКА “Заранка” і іх куратарам Н. Маслоўскай, гімназістамі і педагогам-псіхолагам   Т. Шыбун таксама сталі ўдзельнікамі “Чыстага лесу”. Ачысцілі ад смецця тэрыторыю плошчай         4 гектары пры берагавой паласе вадасховішча “Мінічы” ля вёскі Мыслабаж.

Засмечанасць лесу і берагавых палос вадаёмаў сведчыць пра тое, што многія аматары адпачынку на прыродзе не вызначаюцца высокай культурай паводзін. Яны пакідаюць пасля сябе смецце і часта бязлітасна адносяцца да лясных насаджэнняў, высякаюць іх для кастроў, іншых ”паходных” патрэб. А хтосьці наогул вывозіць у лес бытавое смецце з населеных пунктаў.

За даны від правапарушэнняў за 9 месяцаў сёлета работнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя склалі 14 пратаколаў. Агульная сума штрафаў – амаль 1,5 мільёна рублёў.

Як важна, каб кожны чалавек усвядоміў, што лес – гэта наш зялёны дом і ўтрымліваць яго трэба ў чысціні і парадку, берагчы кожнае дрэўца, кожны куст і кветачку. Яны ж ачышчаюць паветра ад пылу, шкодных рэчываў, абагачаюць яго кіслародам, прыносяць радасць і ўмацоўваюць здароўе. Чысціня і парадак у гаі і ельніку, дуброве і змешаным лесе залежаць ад чалавека – ад нас з вамі, нашай культуры і ад адносін як да самой прыроды, так і да працы людзей, хто садзіць, расціць, ахоўвае лясы.

Падчас кастрычніцкай акцыі кожны меў магчымасць выказаць сваё  стаўленне да гэтага пытання ўласным удзелам у ёй.

Сяргей БАРГАМОН,
начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *