Выбірайце “Ляхавічок”

Без перабольшвання, фірменны гандаль СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” — паказальны для райцэнтра ва ўсіх адносінах. А пачыналася ўсё ў 1992 годзе, калі ў вёсцы Галаўнінцы адкрылася першая фірменная кропка – магазін “Верас”. Праз год яшчэ адна крама з аналагічнай назвай да радасці гараджан і гасцей горада з’явілася і ў Ляхавічах.

Цяжка падлічыць, колькі за гэты час пакупнікоў скарысталіся паслугамі фірменных магазінаў  прадпрыемства. А пра папулярнасць тутэйшага кафетэрыя – зручнага і ўтульнага месца для адпачынку дзяцей і дарослых – сведчаць не толькі шчырыя водгукі ўдзячных наведвальнікаў, але і пастаянны “аншлаг”. Тут не толькі збіраюцца аматары сустрэчы за кубачкам кавы ці гарбаты, прыходзяць адпачыць сем’і з дзецьмі, але і адзначаюцца дні нараджэння і іншыя святы.

Сакрэт папулярнасці “Вераса” даволі просты – смачна, карысна, якасна і па прымальнай цане. Пакупніцкі інтарэс да гэтых аб’ектаў ніколі не змяншаецца, бо ў “Верасе” можна набыць любыя прадукты – малочныя, мясныя, бакалею і кансервы, хлеб і хлебабулачныя вырабы, паўфабрыкаты, цукеркі і кандытарку, шмат чаго іншага,  што патрэбна на стале ў кожным доме. Пасля вывучэння попыту ў магазіне, акрамя прадуктаў, з’явіліся і паліцы для спадарожных тавараў: на месцы можна затаварыцца ўсім — ад крэму для рук да мыйных сродкаў.

Як расказала  галоўны спецыяліст па гандлі СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” Тамара Гірыловіч, цяпер у “Верасе”  налічваецца каля 2000 найменняў розных тавараў, і больш як 30 з іх – непасрэдна прадукцыя пад знакамітым і папулярным брэндам “Ляхавічок”.  Сёлета за 10 месяцаў тавараабарот склаў 8 мільярдаў 800 мільёнаў рублёў – у супастаўных цэнах гэта 115 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2010 года.

У тым, што малочная прадукцыя з ляхавіцкім адрасам смачная і карысная, спажыўцоў, якія аднойчы яе пакаштавалі, пераконваць не трэба.  Ды і выбар такі, што вочы разбягаюцца: смятана і малако, сметанковае масла  і ёгурты, плаўленыя сыркі з дабаўкамі і кефір, мусы і  тварожныя крэмы – далёка не ўвесь пералік карыснай цэльнай і кісламалочнай прадукцыі малочнага завода. Яна, між іншым,  – неаднаразовы пераможца конкурсу “Лепшы прадукт года”, у тым ліку і ўладальніца гран-пры за стабільна высокую якасць.

Прадукцыя СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” па-ранейшаму папулярная і запатрабаваная  не толькі ў Ляхавічах, але і ў Баранавічах, Пінску, Брэсце, Мінску.  Аднак, дырэкцыя і гандлёвы аддзел завода не збіраюцца спыняцца на дасягнутым і шукаюць новыя рынкі збыту, што ва ўмовах  сучаснай вялікай канкурэнцыі не так і проста. Якасць прадукцыі бярэ сваё, тым больш калі граматна і паспяхова яе данесці да спажыўцоў.  “Сёлета восенню  малочны завод упершыню двойчы вывез сваю прадукцыю на расшыраны кірмаш, які праводзіўся ў Брэсце.  4 тоны прывезенай “малочкі” разышліся вельмі хутка. На наступны раз людзі прыходзілі зноў і прыводзілі сваіх знаёмых і суседзяў”, – расказвае Тамара Гірыловіч.

Не забываюць на заводзе і пра сваіх землякоў, пашыраюць формы гандлю, у тым ліку і выязнога.  Для больш шырокага вывучэння спажывецкага попыту ў суботу 26 лістапада з 10 да 16 гадзін на вуліцы Інтэрнацыянальнай (каля гімназіі) будзе арганізаваны выязны гандаль Ляхавіцкага малочнага завода. Па словах Тамары Гірыловіч, пакупнікам будзе прадастаўлены вялікі пералік прадукцыі, у тым ліку мусаў, ёгуртаў, крэмаў, малака, масла  і кефіру. Акрамя малочнай, у продажы будзе іншая найбольш хадавая і папулярная прадукцыя. А на мяса куранят,  каўбасныя і вэнджаныя вырабы гандлёвая надбаўка будзе зніжана на 10 працэнтаў.

Прыходзьце, выбірайце, купляйце і частуйцеся на здароўе!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *