Дыялог зацікаўленых бакоў

У мінулую сераду нашы землякі мелі магчымасць звярнуцца са сваімі праблемамі да намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалая Снапкова, які праводзіў прыём грамадзян у Ляхавіцкім райвыканкаме.

Першая просьба прагучала ад жыхара раёна Мікалая Чыжыкава, і  датычыла яна газіфікацыі вёсак Карані, Дайнякі, Тумашы. Калі дакладней, то гэта даўняе пытанне знаходзіцца ў стадыі актыўнага вырашэння. Створаны ў 2009 годзе спажывецкі кааператыў па газіфікацыі «Сучасны Дом» нават падаў сваю прапанову на конкурс у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзеянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрасаюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН, – і выйграў, што стала вядома літаральна днямі. Такім чынам да чатырох мясцовых ініцыятыў, якія ўжо рэалізуюцца  па даным праекце ў нашым раёне, дабавілася яшчэ адна з адрасам «Сучаснага Дома» – «Адраджэнне сяла шляхам стварэння прывабных камфортных умоў пражывання». Гэта значыць, што па Праграме развіцця ААН Еўрасаюз выдаткаваў рэсурсы на выраб праектнай дакументацыі па падводцы газаправода да вёскі.
Да намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта заяўнік звярнуўся з просьбай аб садзеянні ў далейшай рэалізацыі праекта, і Мікалай Снапкоў паабяцаў, што гэтае пытанне застанецца на ягоным кантролі.
Яшчэ адна наша зямлячка, пенсіянерка Марыя Пацукевіч, якая ўзнагароджана ордэнам Маці (яна з мужам вырасціла і выхавала пяцёра дзяцей), звярнулася да Мікалая Генадзьевіча  з просьбай разгледзець магчымасць  прадастаўлення дадатковых ільгот шматдзетным маці. Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта пацікавіўся, дзе жывуць дзеці жанчыны, выслухаў яе меркаванне наконт дадатковай падтрымкі мнага-дзетных маці.
– Зараз па даручэнні Прэзідэнта мы прапрацоўваем магчымыя меры для стымулявання нараджальнасці. Дадатковыя льготы для тых, хто выхоўвае пяць і больш дзяцей, – сапраўды  добрая ідэя, якая заслугоўвае ўвагі і дэталёвай прапрацоўкі, – зазначыў Мікалай Снапкоў.
Пытанні працаўладкавання, прыватызацыі жылля, пенсійныя і іншыя ўздымалі перад Мікалаем Снапковым не толькі жыхары нашага горада і раёна, але Баранавіцкага і Лунінецкага раёнаў, Баранавіч. Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта  ўважліва выслухаў усіх грамадзян. Іх звароты Мікалай Снапкоў узяў на кантроль.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фото Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *