Сувязь “тры ў адным”

ХХІ стагоддзе – час высокіх тэхналогій. І хутказменных: калі нешта яшчэ нядаўна самае перадавое і сучаснае не вытрымлівае ціску новых распрацовак, рашэнняў і саступае пазіцыі. Падобны рух асабліва характэрны і найбольш заметны на прыкладзе тэхналогій прыёму–перадачы, узнаўлення інфармацыі. Няпроста і нятанна паспяваць за працэсам, аднак, Ляхавіцкі РВЭС Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” заўсёды трымае руку на пульсе падзей.

Так да канца наступнага года ў нашым раёне РУП “Белтэлекам” заменіць тэлефонныя нумары тысячы абанентаў, пры гэтым адбудзецца іх перападключэнне да лічбавай сеткі новай генерацыі NGN/IMS (New Generation Networks).

У такім выпадку па тэлефонным кабелі перадаецца адразу 3 віды інфармацыі, якая закадзіравана лічбамі “0” і “1”: галасавыя даныя для тэлефоннай сувязі, масіў інтэрнэт-даных і ві-дэакантэнт. Перадача адбываецца са скорасцю да 5 Мбіт у секунду.

Безумоўна, большасць карыстальнікаў, асабліва людзі сучасных поглядаў і памкненняў, чакаюць-не дачакаюцца, калі ў іх дом прыйдзе такі ўзровень тэлефаніі і прынясе з сабой проста фантастычныя магчымасці. Але ў любым грамадстве існуюць і кансерватыўныя меркаванні. Такія абаненты з асаблівай насцярожанасцю адносяцца да любога новаўвядзення, а тут яшчэ і нумар тэлефона памяняць давядзецца. Аднак, па словах начальніка Ляхавіцкага РВЭС Анатолія Лукашэвіча, падстаў для хвалявання не існуе. Па-першае, пра змену нумара на першым часе будзе паведамляць аўтаадказчык. Па-другое, змененыя нумары тэлефонаў адразу ж заносяцца ў рэспубліканскую даведачную службу “109”. Да таго ж, у большасці абанентаў зменіцца толькі першая ці,  максімальна, дзве першыя лічбы “старога” тэлефоннага нумара.

Затое выкліканая зменай нумара дробязная нязручнасць кампенсуецца шматлікімі перавагамі і цэлым каскадам новых магчымасцяў. Гэта і магчымасць карыстацца недаступнымі раней сэрвісамі, і высокая якасць інтэрактыўнага тэлебачання, і большая скорасць доступу ў інтэрнэт. А яшчэ – функцыі вызначэння нумара, пераадрасацыя, будзільнік, скарочаны набор нумара і іншае. Зараз у адным прыватным доме або кватэры можна пры жаданні мець адразу некалькі тэлефонных нумароў. У пер-спектыве адкрываецца магчымасць падключэння да глабальнай сеткі без выкарыстання камп’ютара – з вывадам інфармацыі на экран дамашняга тэлевізара, а таксама арганізацыя відэатэлефаніі па спрошчанай схеме і лепшай якасці. Плануецца стварэнне і іншых новых сэрвісаў і паслуг.

Тэлефонная сетка новага пакалення, што ўкараняецца ўжо і на Ляхавіччыне, базіруецца на інтэлектуальнай платформе NGN/IMS (IP Multimedia Subsystem) і працуе з універсальнымі камп’ютарнымі IP-пратаколамі, перыферыйнымі звеннямі якой з’яўляюцца ўстройствы DSLAM – начыненыя электронікай шафы шэрага колеру. Іх можна ўжо ўбачыць, напрыклад, у адным з двароў па вуліцы Будаўнікоў у горадзе Ляхавічы. Аналагічнае абсталяванне зманціравана і ў памяшканнях былых АТС. Да канца года ў раёне будзе задзейнічана 8 такіх вузлоў. Ад цэнтральнай платформы інфармацыя да іх паступае па оптавалаконным кабелі, а ад шафы да абанента – па правадной меднай сетцы. Пры гэтым DSLAM раскватараваны так, што невялікая даўжыня меднай пары – 1–1,5 кіламетра – дазваляе павялічыць скорасць перадачы даных да 5Мбіт у секунду для кожнага абанента. Старыя ж механічныя станцыі дазваляюць падтрымліваць толькі класічны тэлефонны сігнал, таму для абанентаў такіх станцый  інтэрнэт і інтэрактыўнае тэлебачанне паступаюць з другой крыніцы, а скорасць патоку інфармацыі, мякка кажучы, абмежаваная. Пры гэтым у век аптымізацыі ўтрымліваць адразу дзве паралельныя сеткі вельмі накладна, тым больш, што той жа DSLAM апрацоўвае адразу тры віды інфармацыі. Ужо не кажучы пра тое, што старыя станцыі спажываюць у дзясяткі разоў больш энергіі.

Нарэшце адзначым, што перападключэнне абанентаў “старых” АТС у тэлефонныя сеткі на базе інтэлектуальнай платформы NGN/IMS будзе для іх абсалютна бясплатным. Аднак – у планавым парадку. Доступ да тэлефаніі новага пакалення можна атрымаць і па-за чаргой, але толькі за пэўную плату. Там, дзе такая тэхнічная магчымасць існуе, для кватэрнага абанента плата складзе крыху больш за 29 тысяч рублёў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *