Праца са знакам «плюс» —важкі складальнік развіцця

У сераду старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук вёў чарговы прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Напярэдадні, у аўторак, расклад быў такі: жніво, будаўніцтва фермаў, адкрыццё пасля капітальнага рамонту медустановы ў Тухавічах, а да гэтага — першыя тысячнікі, пастаянна — якасць жніва, тона-гектарнае вымярэнне ўборачнай, выкананне дзяржзаказу… Да таго ж,добраўпарадкаванне, падрыхтоўка школ да новага навучальнага года, канкрэтныя адрасы землякоў, якія звярнуліся са сваімі праблемамі да кіраўніка раёна, і многае, многае іншае, што ўваходзіць у службовыя абавязкі старшыні райвыканкама. Жнівень у гэтым сэнсе — час надзвычай насычанай работы, як, дарэчы, і любы іншы месяц, але са спецыфікай рашэння важнай, стратэгічнай, жыццесцвярджальнай задачы — уборкі зерневых.
І першае пытанне да кіраўніка раённай вертыкалі, канешне, датычыць жніва

— Дзмітрый Міхайлавіч, ці спраўджваюцца надзеі на ўраджай? Якія высновы падказвае сёлетняе жніво?
— Жніво спрадвеку па праву называюць вянцом хлебаробскай працы. Калі вобразна, то працы наогул. Яно і экзаменуе, і адначасова адказвае на пытанні, як паклапаціліся пра зямлю, ці была дакладна захавана агратэхналогія на працягу ўсяго цыкла, што папярэднічаў уборачнай, — ад падрыхтоўкі глебы і сяўбы да таго, хто і як жне, адвозіць, сціртуе, дасушвае. Перакананы, што ў тэхналогіі павінна быць жорсткая дыктатура, а не дэмакратыя, і тым больш не дэмагогія. У тых сельгаспрадпрыемствах, якія гэтым кіруюцца, вынікі жніва вартыя павагі: у СВК «Ляхавіцкі», напрыклад, ураджайнасць зерневых на сённяшні дзень за 70 цэнтнераў з гектара, у «Шляху новым» — 70. Ёсць чым ганарыцца.
Увогуле, сёлетні ўраджай хлябоў радуе. Калі летась намалацілі 56 тысяч тон зерня, то сёння мяркуем — каля 75 тысяч, а гэта значыць больш чым на 30 працэнтаў прырасце раённы каравай. І ўраджайнасць плюсуе на 10 цэнтнераў з гектара па стане на сённяшні дзень. Але не ўсюды патэнцыял урадлівасці глебы выкарыстоўваецца ў поўнай меры. Была надзея на больш высокі ўраджай у СВК «Жарабковічы», але, на жаль, пакуль ён не радуе.
Не толькі жніво, але і давядзенне да ладу саломы, ворыва, сяўба азімага рапсу, уборка льну — на парадку дня.

І літаральна паўсюдна трэба працаваць са знакам «плюс» — толькі такім чынам мы забяспечым выкананне прагнозных паказчыкаў і развіццё эканомікі. Дарэчы, гэта датычыць і сёлетняй рэканструкцыі адзінаццаці фермаў раёна. Дзве новыя, пабудаваныя ў СВК «Ляхавіцкі» і «Шлях новы», апраўдваюць сябе і колькасцю, і якасцю прадукцыі, што пастаўляюць на перапрацоўчае прадпрыемства. Рэканструяваныя фермы жыццёванеабходныя: толькі яны ў стане забяспечыць вытворчасць малака належнай якасці. У «Шляху новым», напрыклад, дзеля ўкаранення сучасных тэхналогій, а, значыць, дзеля канчатковага выніку, працуюць плённа і аператыўна. На сённяшні дзень тут ужо рэканструявалі пяць вытворчых жывёлагадоўчых памяшканняў і плануюць шостае будаваць. Да таго ж, капітальна адрамантавалі два склады. Свядомыя адносіны да рашэння пастаўленых задач! Кожны кіраўнік павінен быць гаспадаром і памятаць, што будаўніцтва фермаў — таксама тэхналогія, якая патрабуе выканання работ своечасова, без аўралаў.
— Вынікі работы за першае паўгоддзе сведчаць, што прамысловасць раёна не знізіла вытворчасць у параўнанні з мінулым годам.
— Удакладню: нават ідзе з пэўным ростам паказчыкаў, у прыватнасці, на СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» і «Торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі». На малочным, напрыклад, мэтанакіравана і сістэматычна праводзіцца рэканструкцыя асобных участкаў вытворчасці. Завод, дарэчы, з’яўляецца адзіным у раёне вытворцам інавацыйнай прадукцыі. Ёсць перспектывы ў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», які ўключаны ў рэспубліканскую праграму рэканструкцыі льноперапрацоўчых прадпрыемстваў. Сёння заводу вельмі важна падрыхтаваць якасную сыравінную базу для стабільнай работы на працягу года. Кожны дзень у гэтым вызначальны.
Вызначальны ён для любой вытворчасці. Трэба больш актыўна папраўляць сітуацыю ў кааппраме райпо, камбінаце бытавога абслугоўвання. Асобная размова пра будаўнічыя арганізацыі. Аб’ём вытворчасці, спецыфіка, якасць работ, кадравае пытанне — усё гэта на парадку дня. Дарэчы, у ПМК-17 з прыходам новага кіраўніка намецілася станоўчая тэндэнцыя. Але гэта толькі пачатак, раённая ўлада спадзяецца, што будзе і адпаведны пазітыўны працяг. Ад упраўлення капітальнага будаўніцтва таксама чакаю актыўнай, ініцыятыўнай, выніковай работы.
Адзначу плённыя намаганні КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» па добраўпарадкаванні. Камунгас робіць многае па абслугоўванні насельніцтва, аказанні камунальных паслуг. Прадпрыемства абавязана якасна рашыць і яшчэ адну задачу — усебакова і поўна падрыхтавацца да зімы.
— Дзмітрый Міхайлавіч, у нашым раёне апошнім часам з’явілася шмат новых адрасоў, якія сведчаць пра вырашаныя сацыяльныя пытанні. Што б Вы вызначылі ў першую чаргу?
— Чалавек і яго праблемы ў цэнтры ўвагі органаў улады. Дзяржаўны клопат пра развіццё сацыяльнай сферы канкрэтызуецца штогод і ў пабудаваных, адрамантаваных, рэканструяваных установах аховы здароўя, адукацыі, культуры, аб’ектах фізкультуры і спорту. Зусім нядаўна ў аграгарадку Русінавічы пасля капітальнага рамонту і рэканструкцыі адчынены фізкультурна-аздараўленчы комплекс, на гэтым тыдні — медустанова ў Тухавічах. Літаральна днямі важкі падарунак атрымаюць вастраўчане — тут таксама пасля капрамонту будзе адкрыты мясцовы СДК.
Вялікая рэканструкцыя і дабудова чакаюць і раённую паліклініку. Падрыхтоўчыя работы ўжо вядуцца. На гэты аб’ект выдаткоўваецца з бюджэту 15 мільярдаў рублёў.
Рыхтуюцца да новага навучальнага года ўстановы адукацыі, на што з раённага бюджэту таксама выдаткаваны неабходныя сродкі. Спадзяюся, што шэфы, усе працоўныя калектывы, спонсары паклапоцяцца пра тое, каб Дзень ведаў для рабят стаў яшчэ больш радасным і незабыўным.
Ляхавічанам, мяркую, будзе прыемна даведацца, што ў наступным годзе плануецца будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады.
І яшчэ, з увядзеннем у эксплуатацыю новага будынка РАУС з’явіцца магчымасць прадаставіць у цэнтры горада месца для натарыяльнай службы. Гэта будзе зручна для наведвальнікаў.
Працягваюцца работы па добраўпарадкаванні райцэнтра. Але, на жаль, у сувязі з падаражаннем будаўнічых матэрыялаў не ўсё запланаванае атрымаецца зрабіць сёлета.
— Дзмітрый Міхайлавіч, да вас як да кіраўніка раёна землякі звяртаюцца са сваімі праблемамі. Прамыя тэлефонныя лініі, прыёмы па асабістых пытаннях, у тым ліку выязныя, удзел у рабоце інфармацыйна-прапагандысцкай групы прыносяць новыя тэмы і для роздуму, і для прыняцця мер. Што б Вы вызначылі найперш?
— Пачуць чалавека, разабрацца ў яго праблеме, у рамках закона паспрыяць вырашэнню — такі і толькі такі падыход павінен быць. Мне прыемна, калі магу дапамагчы чалавеку, які звярнуўся з надзённай праблемай. Але бываюць нагоды для звароту надуманыя, а праблемы такія, якія могуць і павінны рашыць для пажылога чалавека яго дзеці і ўнукі. Вельмі хацелася б, каб свядомасць і сумленне для ўсіх былі не проста словамі і абстрактнымі паняццямі.
Аналізуючы звароты грамадзян, раблю яшчэ адну выснову: трэба каб максімальна ўважліва і вынікова працавалі ў гэтым напрамку сельскія органы ўлады, службы і арганізацыі, у кампетэнцыі якіх рашэнне пэўных пытанняў. Адным словам, бюракратычнага падыходу не павінна быць.
— Дзякуй за размову, Дзмітрый Міхайлавіч.
Гутарыла Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *