СВК «Шлях новы» з’яўляецца адным з лідараў раённага спаборніцтва на жніве

Жніво працягваецца. Яго рытм здаецца нармальным, рэжым — здаровым, калі ўсе сістэмы і асобныя органы ўборачнага механізма адпавядаюць, вобразна кажучы, медыцынскім 36,6 градуса. Дробныя збоі здараюцца — не без таго, аднак, выпраўляюцца ў аператыўным рабочым парадку і вызначальным фактарам не з’яўляюцца. Калі гаварыць у цэлым за раённы аграпрамысловы комплекс, пройдзена ўжо больш як дзве трэці ўборачнай дыстанцыі. Некаторыя з гаспадарак — не самых буйных у асноўным — увогуле выйшлі ці выходзяць на фінішную прамую. Важны этап — уборка азімага рапсу — застаўся ў мінулым і у актыў аграрыяў даў нядрэнны ўраджай алейнага насення. У параўнанні з мінулым годам, напрыклад, важкасць гектара паднялася даволі адчувальна і заметна. Найбольшай ўраджайнасці — 41,4 цэнтнера з гектара — дасягнуў СВК «Ляхавіцкі». З 35,6 цэнтнера прызавую тройку «замкнуў» СВК «Канюхі». У гэтым ганаровым рэйтынгу «Шлях новы» размясціўся паміж названымі гаспадаркамі і сабраў з адзінкі пасяўной плошчы 36,6 цэнтнера алейнага насення. Калі гаварыць пра ўборку зерневых і зернебабовых, то і ў гэтым кампаненце СВК «Шлях новы» адзін з лідараў у раённым спаборніцтве. І па тэмпах работ, і па ўраджайнасці, і па колькасці сваіх прадстаўнікоў на раённай Дошцы гонару. З прыкладна 1400 першапачаткова наяўных зерневых гектараў гаспадарка ўбрала ўжо каля 1000 ці больш як 70 працэнтаў ад неабходнага. Зерне «сыпле»: сярэднестатыстычны гектар аддае яго да 65 цэнтнераў. Заметна больш леташняга і на ўзроўні дзвюх-трох лепшых сельгасарганізацый раёна. Вышэй толькі «Ляхавіцкі» са сваімі 76 цэнтнерамі, які знаходзіцца па-за канкурэнцыяй. «Шлях новы» моцны таксама ўборачнымі экіпажамі. Старшы камбайнер Аляксей Кумейша і камбайнер Анатолій Дзядовіч (на здымку) у складзе экіпажа КЗС-1218 з пачатку работ убралі больш за 200 гектараў хлебнага поля, намалацілі каля 1300 тон зерня і на даны момант з’яўляюцца другім па прадукцыйнасці камбайнавым экіпажам Ляхавіччыны. Лепшы на гэтую дату маладзёжны экіпаж раёна таксама «родам» са «Шляху новага»: старшы камбайнер Руслан Бут і камбайнер Юрый Бруцкі, як і іх больш вопытныя калегі, кіруюць таксама КЗС-1218 і таксама вельмі паспяхова: з прыкладна 160 гектараў намалочана ўжо блізка да тысячы тон зерня. Гэта безадносна сямейных экіпажаў камбайнаў, вадзіцеляў на адвозцы: у тройцы лепшых у раённым спаборніцтве на жніве ў кожнай з названых намінацый цвёрда трымаюцца прадстаўнікі «Шляху новага».

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *