ЗВАРОТная сувязь

З пачатку года да старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча па асабістых  пытаннях звярнуліся 88 грамадзян. Сямёра з іх – падчас кастрычніцкага прыёму.
Не было выпадку, каб не аказалася жадаючых трапіць на прыём па асабістых пытаннях да кіраўніка раёна. І не столькі з-за пасады Вяча-слава Сельмановіча, але і з-за ўпэўненасці, што ён не толькі выслухае, але абавязкова пачуе праблему, унікне і пры яе абгрунтаванасці паспрыяе вырашэнню. З усімі вынікаючымі з гэтага складнікамі. Як мінімум, чалавек атрымае тлумачэнне ці кансультацыю з алгарытмам далейшых дзеянняў. Умяшальніцтва кіраўніка раёна ў вырашэнне праблемы можа ўвасобіцца ў даручэнне, выкананне якога абмяжоўваецца пэўным тэрмінам. Усе звароты застаюцца на кантролі да іх поўнага вырашэння.
Якія праблемы хвалююць нашых землякоў? Мяркуючы па тэмах, узнятых на кастрычніцкім прыёмным дні, – найбольш жыллёвыя.
…На якой падставе дачку знялі з чаргі на жыллё, катэгарычна пытаецца адна з заяўніц. Высвятляюцца наступныя абставіны: па-першае, гэта самая дачка не прадставіла неабходныя дакументы, хаця была папярэджана аб такой абавязковай неабходнасці; па-другое, знаходжанне ў чарзе можна аднавіць, калі сабраць пакет дакументаў.
Наступная заяўніца ў роспачы: пасля разводу, з 2013 года, яна не можа пражываць у сваім доме – былы муж не пускае на парог. Па словах жанчыны, яна аплачвае палову камунальных паслуг, а дом з’яўляецца сумесна нажытай маёмасцю. Падаць іск на раздзел не мела магчымасці з-за адсутнасці грошай.
Як выстветлілася, сітуацыя не тупіковая. Тут жа на прыёме юрыст райвыканкама парэкамендаваў жанчыне звярнуцца ў суд з іскам аб устанаўленні парадку карыстання жылым памяшканнем. Рашэнне суда будзе абавязковым для выканання.
Яшчэ адна заяўніца высвятляла, наколькі рэальна ў бліжэйшы час яе сям’і атрымаць камерцыйнае жыллё ў райцэнтры. Галоўная ўмова, якая ўлічваецца пры размеркаванні такога жылля, – дата пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
У данай сям’і, зыходзячы з нумара чаргі, наваселле ў бліжэйшы час не прадбачыцца. Хаця існуе альтэрнатыўнае рашэнне, уступіць у жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў. І гэту інфармацыю заяўніца  атрымала пры звароце да старшыні райвыканкама.
Па яшчэ адным пытанні, з якім да старшыні райвыканкама звярнуўся заяўнік, даручэнне дадзена дырэктару ДРБУ-200 Ігару Пілінозе і в.а. старшыні Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандру Мацюшэнку: вывучыць сітуацыю і вырашыць яе па сутнасці. Жыхар в. Вялікая Лотва паскардзіўся, што пасля адсыпкі дарогі вада патокам пасля дажджу льецца ў яго двор.
Як вы мяркуеце, шаноўныя чытачы, хто абавязаны разабрацца з гэтым пытаннем? Так, тыя, каму і даручыў гэта зрабіць Вячаслаў Сельмановіч. Толькі не зразумела, чаму чалавеку давялося ісці на прыём да кіраўніка раёна, чаму яго не пачулі на месцы?
Кропку ў рашэнні праблемы, якую ўзнялі дзве ляхавічанкі, таксама прыйшлося ставіць старшыні райвыканкама. Правамоцныя прэтэнзіі жыхарак дома  № 35 па вуліцы Інтэрнацыя-нальнай, што ў Ляхавічах, пацвердзілі фотаздымкі: запацелыя шклопакеты, адстаўшыя ля іх шпалеры, відавочная вільгаць на пачарнелых сценах. І гэта ў доме, які здадзены ў эксплуатацыю ў 2015 годзе. Хаця, дзеля справядлівасці зазначым, што ПМК-13, якая будавала яго, была падрадчыкам, а  ўстаноўка шклопакетаў знаходзіцца на сумленні індывідуальнага прадпрымальніка. Заяўніцы страцілі надзею дачакацца  работы над памылкамі, таму і звярнуліся да кіраўніка раёна. І правільна зрабілі.
Вячаслаў Сельмановіч даў даручэнне жылкамунгасу тэрмінова абследаваць усе шклопакеты ў доме, ІП – неадкладна  замяніць няякасна ўстаноўленыя вокны, а спецыялістам – растлумачыць жыхарам, як правільна карыстацца шклопакетамі. Вячаслаў Лукіч падкрэсліў, што людзі не павінны цярпець нязручнасці з-за нявырашаных пытанняў паміж падрадчыкам і субпадрадчыкам.
І яшчэ адна выснова адназначна просіцца быць агучанай: большасць пытанняў, з якімі на прыём да старшыні райвыканкама ў той дзень звярнуліся людзі, павінна была вырашыцца на ўзроўні кампетэнтных службаў. На жаль, і на гэтым асабліва засяродзіў увагу Вячаслаў Сельмановіч, ёсць факты валакіты, павярхоўнага разгляду зваротаў грамадзян. І людзі вымушаны ісці са сваімі праблемамі, за справядлівым рашэннем, аб’ектыўнай ацэнкай у райвыканкам. Іншая справа, што звароты бываюць неабгрунтаваныя. Але і ў гэтым выпадку чалавеку трэба рас-тлумачыць сітуацыю, давесці да яго свядомасці законнасць вырашэння.
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *