Лістапад упаўнаважыў заявіць

Здаецца, толькі ўчора было лета.Мы з нецярпеннем чакалі сапраўднага цяпла, а потым ад душы скардзіліся на празмерную спякоту. «Вітамініліся» чарніцамі і малінай і бясконца змагаліся з пустазеллем у агародах. Разам з усёй краінай штодзень слухалі, глядзелі і чыталі весткі са жніўных палёў і старанна рыхтаваліся да пачатку новага навучальнага года…
Не паспелі азірнуцца, як наваколле кардынальна змяніла сваё багатае сакавіта-зялёнае ўбранне на жоўта-чырвона-аранжавае – прыгожае, але вельмі ненадзейнае. Нават самы лагодны подых ветрыку здольны нанесці яму непапраўную шкоду. Зусім крыху – і ўся прыгажосць апынецца ў нас пад нагамі. Шкада… Затое які маляўнічы дыван восень рассцяліла па зямлі! Асабліва лірычныя натуры сцвярджаюць, што гэта шчодры і высокамастацкі восеньскі падарунак – магчымасць яднання з прыродай і выдатны фон для сэлфі і фотасесіі.
Праўда, з такім меркаваннем, мусіць, згодны не ўсе. Штодзень на барацьбу з лісцем выходзяць дворнікі, узброеныя мятлой і граблямі. Зграбаюць лісце ў яркія кучы і мараць пра тое, калі з дрэва ападзе апошні лісток. Іх таксама можна зразумець. Тыдзень-другі – і дождж з лёгкім тэмпературным мінусам ператвораць учарашні яркі дыван у непрывабнае бурае покрыва, убіраць якое значна цяжэй. Так што ў дворнікаў гарачы час. І, дарэчы, не толькі ў іх.
«ЛВ» паведамляў ужо, што кастрычнік аб’яўлены ў раёне месяцам добраўпарадкавання. Да пачатку каляндарнага лістапада трэба паспець многае: навесці чысціню і парадак на гарадскіх і вясковых вуліцах, у парках і скверах, на вытворчых тэрыторыях, на прысядзібных участках і ў дварах шматкватэрнікаў. Прыбраць лішняе, у тым ліку апалае лісце з тратуараў, дарожак, паркаў і садоў, «сухацветы» з учарашніх клумбаў. Ну і, безумоўна, пазбавіцца ад рознага рукатворнага хламу, які зусім не ўпрыгожвае наваколле.
Кастрычніцкі лістапад упаўнаважаны заявіць: навядзенне парадку – справа агульнай важнасці.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Маргарыты КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *