Вельмі асабістыя пытанні

На пытанні землякоў падчас прамой лініі адказвала начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла ПАЛТАРАК.

У сувязі з тым, што пытанні датычацца асабістага жыцця грамадзян, прозвішчы не ўказваем.

— Па-за шлюбам нарадзіла дзіця, а пасля зарэгістравала шлюб з бацькам дзіцяці. Якім чынам можна запісаць мужа бацькам дзіцяці?

— Для гэтага вам  з мужам неабходна звярнуцца ў аддзел загса з дакументамі, якія пацвярджаюць асобу, пасведчаннем аб нара-джэнні дзіцяці і пасведчаннем аб заключэнні шлюбу і напісаць сумесную заяву аб устанаўленні бацькоўства. Такая працэдура робіцца бясплатна ў тэрмін не больш чым за два дні з дня падачы заявы.

— Якія дакументы неабходныя для скасавання шлюбу?

— Па пытанні скасавання шлюбу неабходна звяртацца ў суд. З 1999 года аддзел загса скасаваннем шлюбу не займаецца.

— Ці можна сёння падаць заяву на рэгістрацыю шлюбу ў студзені 2012 года?

— Так, можна. Заяву неабходна падаць не пазней чым за 15 дзён і не раней чым за тры месяцы да рэгістрацыі заключэння шлюбу. Але калі ёсць уважлівыя прычыны, то тэрмін падачы заявы можна скараціць. Дарэчы, нам вельмі часта задаюць пытанні, ці ёсць у графіку загса свабодны час на рэгістрацыю шлюбу (як правіла ў суботу). Хачу патлумачыць, што ў нас заўсёды ёсць магчымасць правесці рэгістрацыю шлюбу ў любы дзень тыдня.

— Мая дачка нарадзіла  дзіця па-за шлюбам. Зараз ёй патрэбна даведка пра тое, што звесткі пра бацьку і запіс акта аб нараджэнні ўнесены са слоў маці. Ці магу такую даведку атрымаць я, яе маці, або яе сястра?

— Вы задалі вельмі актуальнае пытанне. У сувязі з тым, што дакументы, якія захоўваюцца ў архіве аддзела загса, утрымліваюць звесткі, якія датычаць асабістага жыцця чалавека, заканадаўствам урэгуляваны парадак азнаямлення і атрымання інфармацыі з запісаў актаў грамадзянскага стану, больш таго, прадугледжана адказнасць устаноў загса за парушэнне парадку выкарыстання гэтай інфармацыі. У прыватнасці, даведкі, якія ўтрымліваюць звесткі з запісаў актаў аб нараджэнні, могуць быць выдадзены самому грамадзяніну, на каго складзены запіс акта, або яго бацькам, усынавіцелям, апекунам і папячыцелям. Іншым асобам, у тым ліку бабулям і цёткам — па даверанасцях, што засведчаны натарыяльна. У выключных выпадках даведкі могуць быць выдадзены іншым асобам, але па ўзгадненні з галоўным упраўленнем юстыцыі  аблвыканкама. У вашым выпадку ваша дачка сама павінна звярнуцца ў аддзел загса за атрыманнем даведкі або аформіць на вас даверанасць.

На прамую лінію паступалі званкі з пытаннямі, якія не адносяцца да кампетэнцыі аддзела загса, але грамадзянам былі дадзены нумары тэлефонаў службаў, куды можна звярнуцца з канкрэтным пытаннем.

Званкоў з пытаннямі на “прамую лінію” паступіла не вельмі шмат. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што грамадзяне маюць магчымасць пазваніць або прыйсці ў аддзел  загса  ў любы дзень і атрымаць бясплатную кансультацыю.

Нагадваем, што аддзел загса       для зручнасці грамадзян працуе з адным выхадным днём — у нядзелю. У сераду прыём праводзіцца з 8.00 да 20.00, у суботу – з 9.00 да 12.00, у астатнія дні – з 8.00 да 17.00.

Людміла ПАЛТАРАК,
начальнік аддзела загса.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *