Рабіць дабро так проста

Навагоднія і калядныя святы — час, калі  пануе атмасфера дабрыні, радасці, шчырасці. У кожнага з нас, незалежна ад узросту і сацыяльнага статуса, ёсць  унікальная магчымасць зрабіць свята  казачным, таямнічым і непаўторным.  І гэта датычыцца не толькі блізкіх і родных, але і тых, каму дапамога асабліва неабходная — інвалідаў,  малазабяспечаных людзей, дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі.  Яны таксама чакаюць ад Новага году  падарункаў, увагі і клопату. Зрабіць свята  па-сапраўднаму радасным для іх у нашых сілах.

Ужо з першых момантаў  дабрачыннай акцыі «Калядны падарунак» (праводзіцца па ініцыятыве цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі), якая праходзіць з 21 снежня ў дзіцячым магазіне  «Аліса» ў райцэнтры, знайшлося  нямала жадаючых зрабіць падарунак выхаванцам ЦКРНіР і  пацыентам дзіцячага аддзялення райбальніцы.

Напрыклад, 5-гадовая Улада Каралёва знаходзіцца зараз у дзіцячым аддзяленні бальніцы, яна прызнана маючай патрэбу ў сацыяльнай абароне па пастанове камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Яе маці больш за ўсё любіць  алкаголь… Яшчэ адна двухмесячная пацыентка аддзялення чакае канчатковага афармлення дакументаў на апякунства, а пакуль замест мамы і таты ў яе  — медыцынскія работнікі…

Акцыя пычыналася  па-сапраўднаму святочна. Каля ўваходу ў магазін усіх сустракаў Дзед Мароз, а непасрэдна ў памяшканні ў цэнтры ўвагі — незвычайная ёлка. На ёй замест упрыгожванняў развешаны  выразаныя з паперы адбіткі дзіцячых далонек, на якіх —  імя і прозвішча дзіцяці і яго просьбы да Дзеда Мароза. А мары пра навагоднія падарункі ў рабят сапраўды здзяйсняюцца.  Так,  Дзіма Тумаш  папрасіў машынку,  Галя Алейнікава — плюшавае цацачнае медзведзяня,  Даша Пазнякова — касметыку, Ягор Шадура — салодкія пачастункі… Першым на акцыю адгукнуўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук.

Звяртаючыся да прысутных, ён адзначыў, што гэта сапраўды высакародная місія — выканаць  дзіцячае пераднавагодняе жаданне.

Хлопчыкі і дзяўчынкі  вераць у навагоднія цуды, і абавязак дарослых зрабіць усё магчымае, каб мара стала рэальнасцю. Дзмітрый Міхайлавіч выканаў мару  Улады Каралёвай, якая знаходзіцца зараз у бальніцы, і купіў для яе ляльку і салодкі падарунак. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч асабіста ад сябе падарыла  Паўлу Мацюшэнку машынку,  і яшчэ шмат падарункаў для рабят ад раённай арга-нізацыі ГА «Белая Русь».  Не засталася ўбаку ад акцыі і рэдакцыя «ЛВ». Галоўны рэдактар раёнкі  Вольга Барадзіна   па жаданні Ксюшы Пашкевіч набыла мазаіку, а для іншых дзяцей – альбомы і каляровыя алоўкі.  Да высакароднай місіі далучыліся  і ляхавічанкі Наталля Лісай, Зоя Гатоўчыц,  работнікі аддзела адукацыі, ЦКРНі Р, цэнтра дадатковай адукацыі і многія іншыя неабыякавыя і добразычлівыя людзі, якія не дзеляць дзяцей на сваіх і чужых, а  гатовы дапамагчы і падтрымаць іншых.

Ужо нават першы дзень акцыі паказаў, што сярод нас  такіх шмат  – было куплена разнастайных падарункаў  і тавараў для дзяцей больш як на мільён рублёў.

Акцыя “Калядны падарунак” у магазіне “Аліса” прадоўжыцца да 30 снежня.

Дарэчы, у панядзелак, 26 снежня, з 8 да 14 гадзін адзін з этапаў яе завітае ў фае Дома Саветаў. Зрабіце яшчэ адзін крок насустрач дабрыні.  І шчырая дзіцячая ўсмешка  будзе самай лепшай падзякай за атрыманы падарунак. Сапраўды, рабіць дабро – так проста і так прыемна.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *