Аграрная загартоўка. ААТ «Шлях новы»

Гэты год  адно з буйнейшых  сельгаспрадпрыемстваў  раёна «Шлях новы» праводзіць у новым фармаце – адкрытага акцыянернага таварыства.
– Статус акцыянера  да многага абавязвае нашых працаўнікоў, у першую чаргу, да яшчэ больш якаснага выканання сваіх прафесійных абавязкаў. У гаспадарцы ёсць усё неабходнае для выніковай работы: важкая эканамічная база, напрацаваныя тэхналогіі, і, канешне,  салідны кадравы складнік, – гаворыць выконваючы абавязкі дырэктара ААТ Віталій Кульбіцкі.

В.а. дырэктара Віталій Кульбіцкі з галоўным аграномам Аляксандрам Буйкевічам.

Сельскагаспадарчы сезон «Шлях новы» завяршыў напачатку лістапада на бурачных палетках. Кожны з 600 гектараў сёлета даў па 550 цэнтнераў. І гэта не выпадковае шанцаванне: своечасова пасеялі якасным насеннем, захавалі агратэхніку. Паспяхова завяршыў справу атрад механізатараў. На «Холмеры»  ад світання да змяркання шчыравалі Сяргей Паляшчук, Віктар Жмурко, Аляксандр Камінскі, вадзіцель пагрузчыка Вадзім Мышкавец.

Парадаваў мясцовых аграрыяў рапс ураджайнасцю 25 цэнтнераў алейнага насення з кожнага з 700 гектараў.
Збожжавая ніва таксама аддзячыла тутэйшым земляробам: 11127 тон – такі хлебны каравай пры сярэдняй ураджайнасці 43 цэнтнеры на круг.
Ад колькасці і якасці  кармоў у многім залежыць паспяховасць стойлавага перыяду і ўтрымання жывёлы.  У таварыстве назапашана на 26,5 цэнтнера кармавых адзінак на  ўмоўную галаву жывёлы. У севазварот уключаны новыя культуры (сорга), якія  вызначаюцца больш значным утрыманнем бялку і таннейшыя па сабекошце вытворчасці, чым кукуруза на сілас. Яе, дарэчы, нарыхтавана 35000 тон. У абласным спаборніцтве сярод корманарыхтоўшчыкаў у механізатара  Анатолія Варановіча першае месца, а ў яго   калегі Аляксандра Дзядовіча – трэцяе.
Бясспрэчнае першынство сярод 7 малочнатаварных фермаў гаспадаркі ў «Бажкоў» (загадчыца Наталля Махнач). Сярод  аператараў машыннага даення тон задаюць менавіта  бажкоўскія. Іна Тумаш за 10 месяцаў у сярэднім ад кожнай каровы надаіла 4918 кілаграмаў малака, Лілія Морская –  4566.  На МТФ «Зубелевічы» раўняюцца на Святлану Піваш, «Літва» – Марыю Марчык.
На снежань у «Шляху новым» намячаецца «малочная» прэм’ера: увядзенне першай чаргі МТФ «Сакуны», разлічанай на ўтрыманне 765  галоў буйной рагатай жывёлы. Напэўна, на карысць пойдзе здаровая канкурэнцыя з сучаснай мадэрнізаванай МТФ «Навасёлкі».
За новымі фермамі, багатым ураджаем, трывалай кармавой базай – штодзённая руплівая праца  аграрыяў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

 

Начальнік участка № 2 Аляксандр Пажога (справа) і механізатар Віктар Жмурко.

Аператары машыннага даення Іна Тумаш і Ірына Клімента.

Механізатары Аляксандр Станчык і Аляксандр Дзядовіч

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *