Ляхавіцкі «Антось Лата» – фаварыт фестывалю

Тры дні з 24 па 26 лістапада Івацэвічы можна было назваць ці не самым тэатральным горадам краіны. Менавіта сюды, на заключны этап фестывалю «Тэатральнае Палессе», з’ехаліся пераможцы раённых і гарадскіх тураў. Сёлета гэта 15 тэатральных калектываў Брэстчыны, якія здзіўлялі сучасным падыходам да класічных пастановак, новым бачаннем п’ес і рэпертуарам. Дарэчы, былі і аўтарскія праекты. Завіталі на фестываль і аматарскія калектывы з іншых абласцей.

Дыпламаванай, у прамым сэнсе гэтага слова, прыехала з конкурсу тэатральная студыя Ляхавіцкага гарадскога Дома культуры. Спектакль «Антось Лата», які даў пуцёўку на ўдзел у фестывалі, не пакінуў раўнадушным ні журы, ні публіку незвычайным рэжысёрскім ходам, эмацыянальнасцю і шчырасцю выканання роляў, арыгінальным музычным і светлавым афармленнем. Выступаць перад рэжысёрам-пастаноўшчыкам Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Цімафеем Ільеўскім, прызнаецца рэжысёр ляхавіцкай студыі Арцём Бадак – экзамен сур’ёзны. Задачу выкласціся на ўсе сто працэнтаў і паказаць, на што здольныя, выканалі выдатна. Пасля ўрачыстага адкрыцця выступаць нашым акцёрам давялося першымі, а значыць трэба было задаць тон тэатральнаму спаборніцтву.
Сёння яны ўспамінаюць: выступленне прайшло на адным дыханні. Калі «ЛВ» пісаў пра прэм’ерны спектакль, неаднаразова падкрэслівалася, што па рэжысёрскай задумцы ў пастаноўцы мінімум дэкарацый, а касцюмы не адцягваюць увагу ад ігры акцёраў. Гэта дазваляе без праблем паставіць спектакль на любой сцэне. Такі комплексны падыход прынёс калектыву чаканую перамогу – дыплом І ступені за лепшы спектакль! Канешне, не без увагі і рэдкая ў плане пастановак п’еса: выбар і лепшае сцэнічнае ўвасабленне твора нацыянальнай драматургіі таксама адзначаны дыпломам. Прайграць спектакль у думках, яшчэ да кастынгу акцёраў, прадумаць іх рухі, нават міміку і, самае галоўнае, прыўнесці ў яго тое, што будзе адрозніваць ад іншых пастановак, пад сілу толькі рэжысёрам. І з гэтай задачай Арцём Бадак і Міхась Стрыжоў справіліся выдатна: узнагарода ў намінацыі «за лепшую рэжысуру» адправілася да нашых землякоў.
Удзел у фестывалі такога маштабу для калектыву дэбютны. Прыемна, што яшчэ і пераможны. Сёння ўдзельнікі студыі прызнаюцца, гэта было нечакана. Калі ўбачылі, з якімі шыкоўнымі дэкарацыямі, вялікай акцёрскай трупай прыехалі іншыя калектывы, нават разгубіліся. Асабліва ўразіла пастаноўка «Вялікі Гэтсбі» народнага драматычнага калектыву Івацэвіцкага ГДК.
– Для нас гэта вялікі вопыт. Захапляе фестывальная атмасфера, творчасцю прасякнута амаль усё. Цяпер будзем рыхтавацца да міжнароднага фестывалю «Паралельныя сусветы», што праходзіць у Баранавічах. Абяцаем вельмі пастарацца, каб наступны спектакль уразіў не менш. Гэта будзе работа ў зусім іншым напрам-
ку, – дзеляцца сакрэтамі ўдзельнікі
тэатральнай студыі.
Маргарыта КУХТА.

Фота з архіва рэдакцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *