Без браку. 18 снежня органы загса адзначаюць стогадовы юбілей

Гавораць, што дакладнасць –ветлівасць каралёў. Не ў меншай ступені гэта візітоўка супрацоўнікаў аддзела загса. На брак, памылкі ў іх рабоце – табу

Вольга Новік  і Людміла Палтарак

Што такое загс? Месца, дзе жаніха і нявесту аб’яўляюць мужам і жонкай. Шчаслівыя бацькі тут атрымліваюць першы галоўны дакумент свайго дзіцяці – пасведчанне аб нараджэнні. Прыходзяць сюды людзі і па жалобнай прычыне. Яшчэ ў загс звяртаюцца, каб змяніць імя ці прозвішча, аднавіць страчанае пасведчанне аб шлюбе ці нараджэнні, атрымаць юрыдычную кансультацыю на гэту тэму і па іншых прычынах. Адны наведвальнікі змяняюць другіх – для іх гэта звычайная дзяржаўная ўстанова. А для тых, хто ім тут дапамагае, спяшаецца сюды штодня – месца работы.
18 снежня органы загса адзначаюць стогадовы юбілей. Сёння на старонках «ЛВ» сустрэліся былыя і цяперашнія супрацоўнікі аддзела загса Ляхавіцкага райвыканкама.

Разалія ХМАРУК, загадчыца  аддзела загса з 1961 па 1991 гады:
– Нават не лічыла, колькі шлюбаў зарэгістравала, колькі пасведчанняў аб нараджэнні выдала за 3 дзесяцігоддзі работы ў загсе. Але вяселлі – толькі малая частка таго, чым займаецца загс. Калі пачынала працаваць, вельмі шмат людзей звярталася з заявай аб аднаўленні запісаў: падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе многія дакументы, у тым ліку і метрыкі, прапалі, былі знішчаны.
А на вяселле маглі прыйсці толькі жаніх і нявеста, здаралася, што і пярсцёнкаў не было. Потым жыццё стала больш заможным, вяселлі – багацейшымі. Іншы раз чакалі маладых да позняга вечара: то машыны па дарозе ў Ляхавічы сапсуюцца, то жаніх да нявесты з іншага горада доўга едзе. У 60-70-я гады большасць шлюбаў рэгістравалася ў гарадскім Доме культуры, бо ў загсе для гэтага не было спецыяльнай залы. На ўрачыстасці тады абавязкова прысутнічаў і віншаваў маладых дэпутат гарадскога Савета дэпутатаў. Для правядзення рэгістрацыі шлюбаў для мяне па спецзаказе пашылі бардовую сукенку, вельмі яе любіла.
Аднойчы перад рэгістрацыяй падышла маці нявесты: «Разалія Паўлаўна, у 1962 годзе вы мяне з мужам распісвалі, потым нараджэнне нашых траіх дзетак рэгістравалі, цяпер вось малодшага сына, як і яго братоў, жэніце…». Прыемна.

Галіна ШЫРКО, працавала  спецыялістам аддзела загса:
– Уяўляю, наколькі цяжка было Разаліі Паўлаўне з усім спраўляцца – яна адна і ўсё паспявала. Я прыйшла ў загс спецыялістам у 1984 годзе і працавала да 2005 да выхаду на пенсію. Мне пашанцавала з начальнікамі. З інтарэсам вучылася ў Разаліі Хмарук. Тады загс размяшчаўся ў двух невялікіх пакоях. А ўрачыстую рэгістрацыю шлюбаў праводзілі то ў ГДК, то ў музычнай школе. Бралі з сабой магнітафон з запісам марша Мендэльсона, падсвечнікі, ручнікі, іншыя неабходныя рэчы. Даводзілася звяртацца за музычным суправаджэннем да баяністаў, якія ігралі на вяселлях.
Потым загс узначаліла Валянціна Сапун. З Валянцінай Паўлаўнай прыдумалі новы сцэнарый рэгістрацыі шлюбу. Увялі традыцыю: на пялёстках спецыяльных штучных кветак кожная сямейная пара ставіла свае подпісы і дату рэгістрацыі. Дарэчы, гэтыя кветкі захоўваюцца і цяпер.
Супрацоўнікі загса не маюць права рэгістраваць шлюбы сваіх блізкіх. Калі выходзіла замуж мая дачка, рэгістрацыю праводзіла Разалія Паўлаўна, а сын жаніўся – Валянціна Паўлаўна.
Лёгка, камфортна працавалася з Людмілай Палтарак. Старанна рыхтаваліся да кожнай рэгістрацыі шлюбу. Разумелі, што гэта вельмі важная і знакавая падзея ў жыцці пары, таму імкнуліся кожны раз стварыць няхай маленькае, але свята. І як жа радаваліся, калі нядаўнія маладажоны прыходзілі зноў – за пасведчаннем аб нараджэнні першынца, пасля другога, трэцяга дзіцяці…

Валянціна САПУН, загадчыца  аддзела загса з 1991 па 2001 гады:
– Сустракаючы вясельны картэж, штораз лаўлю сябе на думцы: як жа нядаўна гэта было – цэлае дзесяцігоддзе я мела непасрэднае дачыненне да важнейшых асабістых падзей у жыцці многіх людзей.
Пачатак 90-х гадоў выдаўся складаным. У памяці – талоны, купоны, доўгія чэргі, начныя пераклічкі ў іх. Пры падачы заявы на рэгістрацыю шлюбу мы выдавалі маладым талоны на пакупку заручальных пярсцёнкаў, адзення і абутку для жаніха і нявесты, спіртнога для вясельнага стала.
Дагэтуль працавала сакратаром у Падлескім сельвыканкаме, таму загсаўская работа была знаёмай. Раней усе актавыя запісы, прычым у двайным экзэмпляры, афармляліся ўручную. А граматнасць, уважлівасць, адказнасць, нераўнадушнасць, камунікабельнасць ва ўсе часы былі неабходнымі якасцямі для супрацоўнікаў загса. Тут няма дробязей, бо ў загсе выдаюцца дакументы, і гэтым усё сказана. Чаго толькі варты архіў з першых пасляваенных гадоў і да сённяшніх дзён.
У рабоце здараліся і кур’ёзныя выпадкі. Аднойчы на прыём прыйшоў мужчына і заявіў: яму неабходна памяняць… знак задыяка. Да гэтага паспеў ужо змяніць прозвішча на гучнае. Давялося праявіць вялікае цярпенне і тактоўнасць, каб растлумачыць чалавеку немагчымасць такой працэдуры.
Работа ў загсе – самы светлы, насычаны цікавымі падзеямі адрэзак працоўнай біяграфіі ў маім жыцці.
Сніцца сон: я спазняюся на рэгістрацыю шлюбу, а ўся плошча перад загсам запоўнена аўтамабілямі. Прачынаюся, а сэрца, здаецца, выскачыць…
Віншую ўсіх сваіх калег, былых і сённяшніх, са стагоддзем органаў загса. Жадаю ўсім здароўя і дабрабыту!

Людміла ПАЛТАРАК,  былы начальнік аддзела загса  райвыканкама з 2001 па 2017 гады:
– На мінулым тыдні мела гонар разам з калегамі з іншых раёнаў Брэстчыны ўдзельнічаць у юбілейным святкаванні, стагоддзя органаў загса Беларусі. Нас ушаноўвалі ў абласной філармоніі. Колькі цёплых і прыемных слоў сказана ў адрас былых і сённяшніх супрацоўнікаў загса. Кожны атрымаў падзяку-віншаванне ад старшыні аблвыканкама Анатолія Ліса.
Так, за апошнія дзесяцігоддзі многае ў нашай рабоце змянілася. Напрыклад, раней усе актавыя запісы рабілі ўручную, пасведчанні (аб рэгістрацыі шлюбу, нараджэнні, смерці) пісалі толькі шарыкавай ручкай. Цяпер для гэтага ёсць спецыяльная камп’ютарная праграма. Хаця патрабаванні да афармлення дакументаў строгія заўжды.
Канешне, наша работа, у першую чаргу, –  непасрэдныя зносіны з людзьмі. Таму даводзіцца быць і псіхолагам: умець выслухаць наведвальніка, калі патрабуецца – даць слушную параду. Некаторы час аддзелы загсаў не займаліся скасаваннем шлюбаў, але, пачынаючы з 2013 года такую функцыю зноў дабавілі. Справа не самая прыемная. Але ж радасць адчуваеш, калі, у тым ліку дзякуючы і тваім аргументам, угаворам, пара, якая падала заяву на скасаванне шлюбу, мірыцца і забірае заяву. Здорава, сям’я захавалася!
Перш за ўсё работнік аддзела загса –  юрыст. І павінен ведаць заканадаўства не толькі сваёй краіны, але быць у курсе іншых. Апошнім часам павялічылася колькасць шлюбаў, у якіх жаніх ці нявеста – замежныя грамадзяне. Напачатку стагоддзя такіх пар было 1-2 у год, цяпер і да паўтара дзясятка даходзіць. Здараецца, што маладажоны і ўвогуле – з іншай краіны. Так, сёлета зарэгістравалі шлюб жаніха і нявесты з Украіны.
Хачу адзначыць яшчэ адну сучасную тэндэнцыю: змяніўся падыход да арганізацыі вяселляў. Цяпер усё радзей арганізуюцца ўрачыстасці з запрашэннем мноства гасцей. Хаця рэгістрацыя шлюбу не залежыць ад маштабу вяселля, яна заўсёды запамінальная, урачыстая і шчырая. Галоўнае – сумеснае жыццё маладых, якія абмяняліся пярсцёнкамі і далі згоду называцца мужам і жонкай.

Вольга НОВІК,  выконваючая абавязкі начальніка  аддзела загса:
– Канешне, цяпер у загсе створаны выдатныя ўмовы і для работнікаў, і для наведвальнікаў. Многае ў рабоце камп’ютарызавана. Напрыклад, дзейнічае аўтаматычная сістэма «загс» для ўнясення запісаў актаў грамадзянскага стану. Мы беражліва захоўваем тое, што назапасілі нашы калегі, якія цяпер на заслужаным адпачынку. Асаблівы гонар – архіў, дзе захоўваюцца дакументы, што выдаваліся з ліпеня 1944 года. Нядаўна перадалі ў Нацыянальны архіў Беларусі метрычныя кнігі з Дараўскага касцёла (запісы датаваны з 1823 па 1929 гады) і Крывошынскай царквы, дзе, напрыклад у кнізе «шлюбны обыск» змешчаны даныя аб заручынах за перыяды з 1887 па 1894 і з 1909 па 1913 гады, а таксама зарэгістраваны вяселлі, нараджэнні за 1920, 1942-1946 гады. Усяго ў нашым архіве налічваецца больш за 26 тысяч запісаў. Гэта найкаштоўнейшы скарб.

Запісала Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва загса і «ЛВ».

З УЗНАГАРОДАЙ!
Граматай Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу ў органах дзяржаўнага кіравання, адказныя адносіны да выканання службовых абавязкаў па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і ў сувязі са стагоддзем з дня ўтварэння органаў загса ўзнагароджана кіраўнік справамі Начаўскага сельвыканкама Ірына ВАЙЦЕШЫК.
Падзячныя пісьмы раённага выканаўчага камітэта з гэтай нагоды накіраваны кіраўніку справамі Конькаўскага сельвыканкама Алене ІВАНОЎСКАЙ; былому спецыялісту аддзела запісу актаў грамадзянскага стану райвыканкама Галіне ШЫРКО;
Падзячнае пісьмо раённага Савета дэпутатаў – былому сакратару Куршынавіцкага сельвыканкама Алене  ХАЛАДЗІНСКАЙ.

Разалія Хмарук

Валянціна Сапун і Галіна Шырко

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *