Брэстчына рыхтуецца выбіраць

Запрашэнні на выбары ў Брэсцкай вобласці атрымалі больш за 984 тысячы выбаршчыкаў, паведаміў старшыня абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання Аляксандр Каляда.
У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, у кожнага выбаршчыка ёсць права да 12 лютага праверыць, ці ўключаны ён у спіс і ці правільныя звесткі пра яго ўказаны.
На 7 лютага ў выбарчых камісіях усіх узроўняў зарэгістраваны 2815 назіральнікаў, у тым ліку 2076 – ва ўчастковых выбаркамах. Самае вялікае прадстаўніцтва ў РГА «Белая Русь» (1181 назіральнік) і ГА «БРСМ» (1143 назіральнікі).
У Брэсцкай вобласці ва ўсе віды Саветаў трэба будзе выбраць 2962 дэпутаты, у тым ліку 57 дэпутатаў у абласны Савет, 107 – у гарадскія, 500 – у раённыя, 76 – у Саветы гарадоў раённага падначалення і 2222 – у сельскія. На гэтыя месцы прэтэндуюць 3254 кандыдаты. Больш за 200 з іх адкрылі спецыяльныя выбарчыя рахункі для збору добраахвотных ахвяраванняў.
Ад 67 кандыдатаў у выбарчыя камісіі было пададзена 289 паведамленняў аб правядзенні масавых мерапрыемстваў на адкрытых пляцоўках, ад 92 кандыдатаў – 199 заяў аб правядзенні сустрэч з выбаршчыкамі ў памяшканнях. Па інфармацыі РУП РТЦ «Тэлерадыёкампанія «Брэст», 40 кандыдатаў у дэпутаты абласнога Савета са 141 скарысталіся правам звярнуцца да выбаршчыкаў у эфіры радыё «Брэст» са сваімі праграмамі. «На самай справе мы чакаем большай актыўнасці ад кандыдатаў напярэдадні выбараў», – адзначыў Аляксандр Каляда.

БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *