Каштоўнасці на стагоддзі. У Ляхавіцкім раёне ўдзельнікам вайны ўручылі юбілейныя медалі

Юбілейны медаль Паўлу Здановічу ўручае начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна Аляксандр Байчык.

Уладзімір Пракапенка.

Дзякуй за магчымасць радавацца мірным світанкам, шчасліваму дзіцячаму смеху, вучыцца і марыць. Гэтыя і іншыя словы бязмежнай удзячнасці і шчырыя пажаданні даўгалецця і здароўя былі адрасаваны 22 ветэранам Вялікай Айчыннай вайны з нашага раёна. Ім, паважаным і заслужаным людзям, напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь уручаны юбілейныя медалі. Да ўдзельнікаў вайны з урачыстай місіяй завіталі прадстаўнікі раённага савета ветэранаў, ваенкамата, «Белай Русі», БРСМ, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Салдат Перамогі Уладзімір Пракапенка  з гонарам далучыў гэту ўзнагароду да баявых. У памяці ветэрана падзеі, за якія на вайне атрымаў свой першы медаль «За абарону Савецкага Запаляр’я». Пасля былі і іншыя.
Час, калі ваяваў на Карэльскім фронце, удзельнічаў у баях за Мурманск, вызваляў горад Кіркінэс у Нарвегіі, – незабыўны. Потым быў медаль «За перамогу над Японіяй», што стаў апошняй ваеннай адзнакай у адважнай біяграфіі кулямётчыка Пракапенкі.
Праз дзесяцігоддзі на пінжаку заззяў ордэн Айчыннай вайны II ступені. 16 красавіка 1947 года Пракапенка ўступіў у мірнае жыццё, атрымаў самую гуманную прафесію – стаў педагогам. Уладзімір Васільевіч прайшоў шлях ад настаўніка пачатковых класаў да дырэктара Мядзведзіцкай школы, намесніка загадчыка райана. Якую б пасаду ні займаў, заўсёды вызначаўся адказнасцю, добрасумленнасцю і асаблівай інтэлігентнасцю. За руплівую працу атрымаў ганаровыя знакі «Выдатнік народнай адукацыі БССР» і «Выдатнік асветы СССР».
…Цікавы субяседнік, адкрыты і шчыры, Уладзімір Васільевіч расказвае пра дружбу з раёнкай, што доўжыцца сем дзесяцігоддзяў.
Навуку сапёра ветэран Вялікай Айчыннай вайны Павел Здановіч асвоіў напрыканцы 1944 года, калі аказаўся ў вучэбцы ў Барысаве. Можна толькі здагадвацца, што адчуваў ён, 18-гадовы юнак, абясшкоджваючы міны, якія хаваліся ў самых нечаканых месцах. Рызыка была заўсёдная. Галоўнае ў сапёрнай справе – асцярожнасць і дакладнасць, уменне заўважаць і прыкмячаць. Сапёр памыляецца толькі адзін раз. Ён рабіў сваю небяспечную справу беспамылкова.
Пасля Перамогі Павел Здановіч яшчэ шэсць гадоў працягваў ачышчаць ад мінаў зямлю на Наўгародчыне, на якой затым наліваўся колас, працавала тэхніка. Давялося Паўлу Здановічу свае навыкі сапёра прымяніць і ў Прыбалтыцы.
Уменне прагназаваць сітуацыю дапамагло Паўлу Паўлавічу стаць выдатным прафесіяналам-эканамістам: загадваў райфінаддзелам райвыканкама, а на заслужаны адпачынак пайшоў з пасады кіраўніка аддзялення аграпрамбанка.
Многае ў жыцці пабачылі-адчулі Уладзімір Пракапенка і Павел Здановіч, цвёрда засвоілі адно: галоўныя каштоўнасці не грошы і не рэчы, а мір і спакой на роднай зямлі. Яны нязменныя і непераходныя –
вечныя.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Каштоўнасці на стагоддзі. У Ляхавіцкім раёне ўдзельнікам вайны ўручылі юбілейныя медалі

  • 28/02/2018 в 22:24
    Permalink

    Жадаю нашым ветэранам доўгіх гадоў і здароўя. Дзякуй за мір і жыццё!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *