Чужых дзяцей не бывае

Усе бацькі хочуць, каб іх дзіця вырасла і стала сапраўдным чалавекам. Дарослыя імкнуцца рэалізаваць у дзецях тое, што не атрымалася ў іх, перадаць ім свае навыкі і ўменні, вучаць іх адрозніваць дрэннае ад добрага, выхоўваюць словамі і справамі, як могуць – аберагаюць ад праблем і бед.  Ад таго, якімі мы іх выхаваем, што закладзём у дзяцінстве і падлеткавым узросце, залежыць будучыня іх і наша таксама, і  ўсёй краіны ў цэлым. Менавіта таму выхаванне – справа не толькі бацькоў, сям’і, школы, але і грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў.

Напрыканцы мінулага тыдня на не зусім звычайную сустрэчу ў райцэнтры сабраліся прадстаўнікі органаў улады, праваахоўных органаў, педагогі, медыкі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, бацькі. На базе СШ № 1 прайшоў першы ў гісторыі Ляхавіччыны раённы бацькоўскі сход пад назвай “Узаемадзеянне школы, сям’і і грамадскасці ў выхаванні асобы дзіцяці”. Адкрываючы яго, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч падкрэсліла: “Чужых дзяцей не бывае. Праблемы дзяцей – гэта праблемы нас, дарослых. Выхоўваць дзяцей лягчэй, чым перавыхоўваць”. Гэтыя словы сталі  лейтматывам су-стрэчы.

Адукацыйная прастора Ляхавіччыны – гэта 53 установы адукацыі (гімназія, 16 школ, 19 дашкольных устаноў, па 2 – дадатковай і прафесійнай адукацыі, установа спецыяльнай адукацыі, сацыяльна-педага-гічны цэнтр, цэнтр сучасных сродкаў навучання, 3 дамы сямейнага тыпу і аздараўленчы лагер “Чайка”. З 1500 маленькіх жыхароў райцэнтра ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў 962 наведваюць дзіцячыя садкі. У школах вучацца 3170 хлопчыкаў і дзяўчынак, 2863 юных і таленавітых займаюцца ў 197 гуртках.

Як адзначыла Святлана Юрлевіч, усё больш значную ролю ў фарміраванні духоўнасці і культуры школьнікаў адыгрываюць цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і раённы цэнтр турызму і края-знаўства, дзе ў 126 гуртках займаюцца 1566 дзяцей. А гэта значыць, што рабяты ў свабодны ад вучобы час, пакуль бацькі на рабоце, не пакінуты самі на сябе, а займаюцца карыснай і цікавай справай, вучацца дапамагаць адзін аднаму. І падчас летніх канікулаў педагогі імкнуцца ахапіць як мага больш дзяцей сваёй увагай і клопатам. Так, летам 2011 года паспяхова працавалі 28 аздараўленчых лагераў, у якіх адпачылі, паправілі здароўе і набраліся сіл 1395 юных ляхавічан, аздароўлена 68 дзяцей-сірот.

Святлана Юрлевіч падкрэсліла, што педагогі імкнуцца ўстанавіць цеснае супрацоўніцтва з сацыяльнымі, культурнымі, пра-ваахоўнымі органамі. Распрацоўваюцца і рэалізуюцца сумесныя выхаваўчыя мерапрыемствы па прафілактыцы злачыннасці і дзіцячага траўматызму. У гэтых накірунках у раёне дзейнічаюць комплексныя праграмы. Але таксама неабходна, каб дзіцячыя сады і школы зрабілі і бацькоў сваімі саюзнікамі, тады мы станем мацней ва ўсіх адносінах і зможам вырашыць многія праблемы больш грунтоўна.

Яна адзначыла, што намаганні педагогаў у раскрыцці здольнасцей рабят прыносяць свае станоўчыя вынікі. Былі названы прозвішчы юных талентаў, якія, дзякуючы сваёй працаздольнасці, энергіі, імкненню да ведаў, дабіліся выдатных вынікаў у вучобе, спорце і творчасці. Але, разам з тым, падкрэслівалася, што, на жаль, не пра ўсіх дзяцей бацькі клапоцяцца. 65 непаўналетніх з 32 сямей знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. А гэта значыць, што з боку пэўных службаў да іх павінна быць самая пільная ўвага, ім патрэбна асаблівая дапамога. Важна даць дзецям, якія засталіся па розных прычынах без бацькоў,  пяшчоту, клопат і любоў.

Зацікавілі ўдзельнікаў сходу даныя анкетавання, якое праводзілася сярод дзяцей і бацькоў. Для 36 працэнтаў юных рэспандэнтаў сям’я з’яўляецца самым важным у жыцці, для 67 працэнтаў бацькі – абаронцы, а для 31 працэнта – сябры. 54 працэнты апытаных дзяцей незадаволены тым, што ў сем’ях бываюць канфлікты. Што датычыцца дарослых, то 63 працэнты з апытаных лічаць узаемаадносіны ў сваёй сям’і добрымі.

Пра прычыны, якія штурхаюць падлеткаў на правапарушэнні і злачынствы, расказваў намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме  Юрый Несцяровіч. Ён паведаміў, што ў 2011 годзе непаўналетнія ўчынілі 8 злачынстваў, 5 з якіх – крадзяжы. 106 чалавек прыцягнуты камісіяй да адміністрацыйнай адказнасці, 21 падлетак за-трыманы за распіццё спіртных напіткаў. Асноўнымі прычынамі падлеткавай злачыннасці Юрый Несцяровіч назваў безнагляднасць, наяўнасць свабодных кішэнных грошай у дзяцей. Каб знізіць колькасць негатыўных з’яў у падлеткавым асяроддзі, дакладчык лічыць мэтазгодным узмацніць кантроль з боку дарослых і больш увагі надаваць прававому выхаванню падрастаючага пакалення.

Загадчыца сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, псіхолаг Святлана Галееўская падрабязна, з прыкладамі расказала пра неабходнасць узаема-дзеяння сям’і, школы і грамадскасці ў сацыялізацыі дзяцей.

Нікога з прысутных не пакінуў абыякавым невялікі, але вельмі цікавы і змястоўны псіхолага-педагагічны практыкум. Псіхолаг гімназіі Таісія Шыбун разам са сваімі калегамі паказала ўрывак з жыцця – ранішні паход мамы з дачкой у дзіцячы сад. Здавалася б, звычайныя забароны дарослага малому: не размаўляй, не замінай, не падслухоўвай і г.д., а колькі за ўсім гэтым фарміруецца комплексаў у дзіцяці, і як цяжка яму з імі прыходзіцца ў жыцці. Напэўна, многія з прысутных задумаліся над такімі паводзінамі і зрабілі высновы.

Старшыня бацькоўскага камітэта гімназіі Валерый Равінскі расказаў пра вопыт сацыяльнага партнёрства сям’і і школы ў выхаванні дзяцей. Яшчэ адна адметная асаблівасць раённага бацькоўскага сходу – магчымасць задаць хвалюючае пытанне кампетэнтным субяседнікам. Так намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны парадаваў настаўнікаў і бацькоў, расказаўшы, што ў наступным годзе, магчыма, у Ляхавічах з’явіцца басейн, а таксама разглядаецца пытанне аб адкрыцці дзіцячага кафэ.

Пракурор раёна Аляксандр Ярашэвіч адказаў на пытанне, ці магчыма спагнаць аліменты з чалавека, які пазбаўлены бацькоўскіх правоў: “Згодна  ч. 3 артыкула 82 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь, пазбаўленне бацькоўскіх правоў не вызваляе ад абавязкаў па ўтрыманні дзяцей. Заява аб спагнанні аліментаў падаецца ў суд і дзяржаўнай пошлінай не абкладаецца”. Што датычыцца пытання, ці караецца законам прымяненне насілля ў адносінах да непаўналетняга, адказ быў наступны: “Фізічнае пакаранне супрацьзаконнае. У любым выпадку нельга ўпадаць у крайнасці. Лепш прымяняць больш гуманныя метады выхавання”.

Першы намеснік начальніка РАУС Аляксандр Бурбіцкі расказаў пра правілы знаходжання непаўналетніх у вячэрні час на вуліцы. Ні адно з зададзеных пытанняў не засталося без кампетэнтнага адказу.

Па выніках раённага бацькоўскага сходу была прынята рэзалюцыя.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *