Прыйшла вясна – абнаўляцца пара

Даўно растаў снег і месцамі замест першацветаў адкрыліся не надта прыемныя малюнкі: смецце на газонах, тратуарах і вуліцах, зламаныя дрэвы. Першымі заварушыліся камунальнікі, якія ў адказе за чысціню і добраўпарадкаванне горада. Работы шмат: дворнікі на замацаваных тэрыторыях выграбаюць смецце, леташнія лісце і траву, чысцяць зацягнутую пяском праезную частку.

Распачалі грэйдзіраванне вуліц, якіх на балансе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» 88 кіламетраў, а яшчэ прадстаіць ямачны рамонт праезнай часткі з цвёрдым пакрыццём (1000 квадратных метраў). Гэта па плану, а колькі будзе на самай справе — пакажа час, бо заявак ад жыхароў паступае шмат.

Поўныя энтузіязму і творчых задумак работнікі брыгады азеляніцеляў. Яшчэ прымаразкамі яны пачалі абрэзку дрэў і кустоў на вуліцах і ў скверах горада. Сёлета плануецца высадзіць дрэўцы замест тых, якія былі зламаны ці дрэнна перазімавалі, новыя насаджэнні з’явяцца ля гаражнага масіву  па вуліцы Южакова. А ў   цяпліцы ўжо ва ўсю буяе расада кветак, якую работніцы Марыя Арэшка, Таццяна Паўлава, Юлія Ібрагімава пікіруюць у спецыяльныя кантэйнеры. Як зазначае майстар па добраўпарадкаванні і азеляненні Алена Макрэцкая, кветкі будуць высаджаны на клумбах, альпійскіх горках: ужо некалькі гадоў камунальнікі вырошчваюць расаду кветак пад патрэбу. А сёлета, падзялілася планамі Алена      Валер’еўна, у горадзе плануецца аформіць шмат утульных куточкаў, з малымі архітэктурнымі формамі, з кветкамі-мнагалетнікамі,  якія будуць радаваць гараджан яркімі фарбамі.

Аднак сказаць, што добраўпарадкаванне горада — гэта справа рук толькі камунальнікаў, нельга. Кожны гара-джанін павінен унесці свой уклад у навядзенне парадку. Уладальнікі сядзібаў ужо распачалі добраўпарадкаванне сваіх тэрыторый і прылягаючых да іх прыдарожных палос: вывозіцца смецце, рамантуюцца пад’язныя шляхі, абрэзваюцца дрэвы. «Чыстыя чацвяргі» аднавіліся на прадпрыемствах і ў арганізацыях: усе рэгулярна выходзяць на ўборку замацаваных тэрыторый.

Аднак, самыя грандыёзныя планы належыць ажыццявіць у дзень суботніка. Прычым, як вырашылі многія працоўныя калектывы, не абавязкова чакаць  гэтага дня, а можна ўжо сёння ўзяцца за справу. На пася-джэнні раённага штаба па правядзенні суботніка пастаўлены канкрэтныя задачы. Напрыклад, маладзёжны парк  на вуліцах  Будаўнікоў і Кальцавой, зону адпачынку на рацэ Ведзьма прыбяруць работнікі апарата райвыканкама, упраўлення райсельгасхарчу, супрацоўнікі РАУС і банкаўскія служачыя. На стадыёне «Колас» будуць працаваць выкладчыкі і трэнеры ДЮСШ, вакол сваіх уладанняў навядуць парадак работнікі РКБА. За абнаўленне парка, што па вуліцы Дзесюкевіча, адказваюць работнікі аддзела культуры райвыканкама. Вялікі аб’ём работ запланавалі медыкі: яны прыбяруць  тэрыторыю ЦРБ і прымуць удзел у добраўпарадкаванні палацава-паркавага ансамбля «Савейкі».

Дарэчы, сёлета будзе ўдзелена асаблівая ўвага навядзенню парадку ў гістарычных месцах Ляхавіччыны. Многія працоўныя калектывы выедуць у Грушаўку, Начу, Флер’янова, у іх ліку і работнікі аддзела культуры райвыканкама, якія будуць задаваць тон у рабоце. Асноўныя клопаты па добраўпарадкаванні Рэпіхава ўзяла на сябе лясная служба. Іменна тут неўзабаве пройдзе экалагічная сцяжына-турыстычны шлях. Работнікі лясгаса будуць працаваць і ў сваіх лясніцтвах на пасадках маладняку, добраўпарадкаванні ўжо існуючых міні-дэндрарыяў, пачнуць закладку  новых. Саджанцы дрэў лясгас таксама перадасць камунгасу для азелянення горада.

Як і ў папярэднія гады, добраўпарадкаванне помнікаў, мемарыялаў, брацкіх магіл — справа для вучняў   раёна. Хлопчыкі і дзяўчынкі і сёлета адправяцца па месцах баявой славы сваіх продкаў, каб падфарбаваць помнікі, прыбраць тэрыторыю, высадзіць кветкі. Гэтым часам работнікі аддзела адукацыі райвыканкама будуць працаваць на добраўпарадкаванні аздараўленчага лагера   «Чайка».

Не застануцца ў баку ад агульнай справы і работнікі прыватных арганізацый і прадпрыемстваў. Напрыклад, ТАА «Трансэлектракамплект» адпра-віцца на дапамогу тым, хто будзе  працаваць на добраўпарадкаванні палацава-паркавага ансамбля «Савейкі», аўтацэнтр «Вікторыя» — у Начу                і г.д.

Суботнікі па добраўпарадкаванні тэрыторый пройдуць і ў вёсках раёна.

Зразумела, што ўсе жадаюць бачыць свой населены пункт чыстым, утульным, прыгожым. А гэта залежыць  ад нас. Няхай кожны знойдзе гадзіну-другую, каб прысвяціць іх працы на карысць роднага горада ці вёскі: пасаджанае дрэўца, куст,             нават кветачка — пэўны ўклад у задуманую добрую справу. Агульную і вельмі важную.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *