Дзеці вайны

Дзеці вайны. Сёння яны людзі паважанага ўзросту, у многіх  ужо праўнукі. Але па-ранейшаму памяць вяртае ў вогненныя 40-я гады мінулага стагоддзя, калі паў-Еўропы знаходзілася пад  прыгнётам фашысцкай Германіі. Пакуты і боль, знявагу і голад, скалечаныя лёсы і раз’яднаныя сем’і, спаленыя гарады і вёскі, канцэнтрацыйныя лагеры і эшалоны людзей, якіх адпраўлялі на прымусовыя работы, — вось што прынёс «славуты» акупацыйны рэжым мірнаму насельніцтву.

Асвенцым, Бухенвальд, Майданэк… Фашысцкія лагеры смерці размяшчаліся не толькі ў Германіі, але і на акупаваных тэрыторыях, у тым ліку і на шматпакутнай зямлі Беларусі.

Мільёны людзей прайшлі праз жорны канцэнтрацыйных лагераў. Колькі іх загінула ад катаванняў, голаду,  нечалавечых медыцынскіх     эксперыментаў, згарэла ў печах, дакладна не ўстаноўлена і сёння. Каму ўдалося выжыць, не верылі ў сваё шчасце, а іх вызваліцелі — мужныя салдаты Перамогі, якія прайшлі агонь і полымя вайны, — не стрымлівалі слёзы, гледзячы на  знясіленых дарослых і дзяцей.

І, адкрываючы пасведчанне былога вязня канцлагера, нібы чарговы раз перагортваюць старонку свайго лёсу, назва якой  «паміж жыццём   і смерцю».  Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, многія з іх былі малалетнімі, але ў памяці назаўжды засталіся тыя страшныя дні зняволення. Так, напрыклад, ляхавічанцы Марыі Лентнер  было 6 гадоў. З маці і  трыма  малодшымі сястрычкамі яна жыла ў вёсцы пад Віцебскам. Вясной 1944 года ўсю сям’ю разам з іншымі аднавяскоўцамі фашысты калонай пагналі на чыгуначны вузел, а адтуль, як жывёл у вагоне,  прывезлі ў лагер «Лясное», што знаходзіў-  ся недалёка ад Брэста. Там паўгода  і праіснавалі ў жудасных умовах, спадзяваліся на вызваленне, верылі у доўгачаканую свабоду.

Сёння на Ляхавіччыне жыве 51 былы вязень фашысцкіх канцлагераў. Усе яны аб’яднаны ў  раённую арганізацыю ГА «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму», якую ўзначальвае Уладзімір Жаваранак. Ён у гады  вайны таксама прайшоў праз жорны фашысцкай няволі.

— Калі пачалася вайна, я разам з маці жыў у яе бацькоў у вёсцы пад Ваўкавыскам. І хаця быў зусім малым, добра памятаю той страшны дзень на пачатку кастрычніка 1941 года, калі ўсю нашу сям’ю арыштавалі. Дзед закалоў кабана, а нехта  данёс паліцаям і гітлераўцам. Ноччу наляцелі карнікі, рабілі вобыск, знайшлі каўбасы, а сала не было. І яны вырашылі, што сала дзед аддаў партызанам. Яго моцна збілі,  нас усіх завезлі ў яўрэйскае гета, якое было ў Ваўкавыску, — успамінае Уладзімір Юльянавіч.

Магчыма, іх сям’ю спасціг бы лёс  большасці нявольнікаў гета, але нейкім цудам маці падчас арышту прыхапіла з сабой пісьмо ад мужа, які знаходзіўся ў фашысцкім палоне пад Кенігзбергам. Маленькага Валодзю разам з маці як «неяўрэяў» адправілі туды ж. Старэйшаму Жаваранку, можна сказаць, «пашанцавала»: замест канцэнтрацыйнага лагера ён трапіў на прымусовыя работы.  Туды ж адправілі і яго сям’ю.

— У лесніка, дзе бацька працаваў спачатку, прабылі нядоўга, ён параіў паехаць да яго сястры. Так і зрабілі, пра што потым вельмі шкадавалі. Яна палонных не лічыла за людзей, здзекавалася, біла, таму ўцяклі і працавалі ў іншых гаспадароў:  бацька — сталяром, маці — на кухні.  Калі гітлераўцы пачалі адступаць, мы  схаваліся ў падвале. Калі ўпэўніліся, што гэта салдаты Савецкай Арміі, то радасці не было межаў. Дружна выскачылі і кінуліся да вызваліцеляў. Неўзабаве нас вярнулі дамоў, у Беларусь, — расказвае  былы вязень фашызму.

Уладзімір Жаваранак паспяхова закончыў школу, потым і Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Па размеркаванні  ў 1961 годзе прыехаў на Ляхавіччыну ў якасці селекцыянера ў толькі што створаны саўгас «Ганчароўскі». Праз 3 гады яго прызначылі на пасаду галоўнага  заатэхніка, дзе Уладзімір Юльянавіч працаваў да пенсіі. Разам з жонкай выхавалі  дзяцей, дачакаліся ўнукаў, ёсць нават  праўнукі.

Да дзяцей вайны, якія пакутавалі ў гітлераўскім палоне, у нашай дзяржаве  асаблівыя адносіны. Як паведаміла галоўны спецыяліст сектара быту ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Юрлевіч,  яны  па льготах і сацыяльных гарантыях прыраўноўваюцца да  ветэранаў Вялікай Айчыннай. Усе, хто атрымаў пасведчанне непаўналетняга вязня, маюць права на льготы пры праездзе ў грамадскім транспарце, санаторна-курортным лячэнні, забеспячэнні лекамі, ёсць пэўныя скідкі і пры аплаце жыллёва-камунальных паслуг.

…Яны пражылі доўгае жыццё, у якім было месца і радасці, і шчасцю, і гору. Але месяцы ў фашысцкай няволі пакінулі незагойныя раны ў сэрцы.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *