Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця

Спрыяльныя знешнія ўмовы дазваляюць разлічваць на дадатковыя даходы ў бюджэт

Спрыяльныя знешнеэканамічныя ўмовы дазваляюць разлічваць на дадатковыя даходы ў бюджэт. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па вырашэнні актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.

Прэзідэнт канстатаваў наяўнасць немалой колькасці нявырашаных пытанняў і розных меркаванняў наконт гэтага, асабліва наконт напрамкаў расходавання бюджэтных сродкаў. «Рэальны сектар будзе, вядома ж, цягнуць коўдру на сябе, як гэта ў нас часта бывае. Фінансісты скажуць, што трэба перш за ўсё скарачаць дзяржаўны доўг», — адзначыў беларускі лідар.

«Маю пазіцыю чулі не толькі вы, але і ўвесь народ. Бюджэт служыць мэтам сацыяльнай палітыкі. Падаткі павінны максімальна вяртацца ў грамадства праз медыцыну, адукацыю, заработныя платы бюджэтнікам, падтрымку слабаабароненых слаёў насельніцтва», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Беларусі патрэбны прадпрыемствы, якія працуюць без пастаяннай падтрымкі з дзяржбюджэту

У час нарады

«Урад мае намер прадоўжыць практыку аказання дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам. Не спрачаюся, відаць, некага трэба і падтрымліваць. Аднак галоўнае пытанне: на якія мэты накіраваны прапановы па аказанні гэтай падтрымкі. Калі на бягучыя патрэбы, то абмеркаванне сёння можна і не пачынаць. Мы не бачым абяцанага эфекту ў поўным аб’ёме ад раней аказанай дзяржпадтрымкі. Нам патрэбны прадпрыемствы, якія жывуць без пастаяннай падтрымкі з дзяржбюджэту. Такім чынам мы прывыклі забіраць грошы настаўнікаў і ўрачоў і накіроўваць іх туды, дзе яны павінны зарабляцца і наадварот накіроўвацца ў бюджэт», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

«Мы за кошт бюджэту ўсім дапамагчы не зможам. Напрыклад, падтрымалі мадэрнізацыю многіх прадпрыемстваў, і цяпер іх эканоміка павінна быць самастойнай і вяртаць укладзенае», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Аб задачы росту даходаў насельніцтва: мы не можам у чорным целе трымаць народ

Абавязацельствы перад народам Беларусі павінны няўхільна выконвацца. На гэтым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.

«Хацелася б, каб прэм’ер-міністр далажыў аб тым, як будуць расці даходы насельніцтва: зарплаты, пенсіі. Мы не можам у чорным целе трымаць народ, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Як будзем павышаць эфектыўнасць бюджэтнай сістэмы для забеспячэння сацыяльных стандартаў грамадства? Ці дастаткова прапанаваных вамі мер для скарачэння дзяржаўнага доўгу?»

Аляксандр Лукашэнка таксама папрасіў міністра эканомікі праінфармаваць аб тым, што трэба зрабіць для апераджальнага эканамічнага росту. «Што стрымлівае гэты рост сёння? Аснова нашай эканамічнай палітыкі непарушная — калі бачыце неабходнасць пераўтварэнняў у любым напрамку (эканоміка, жыццё грамадства, асабліва прадпрыемствы матэрыяльнай сферы), закон адзін — сацыяльная адказнасць і ўлік інтарэсаў нашага народа», — падкрэсліў беларускі лідар.

«У абмеркаванні актуальных пытанняў мы павінны зыходзіць з таго, што ў нас ёсць абавязацельствы перад народам, якія патрабуюць няўхільнага выканання. Мэта нязменная — забяспечыць павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Эканоміка Беларусі паказвае ўстойлівы збалансаваны рост

Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы.

«У першым квартале бягучага года выконваюцца ўсе важнейшыя параметры прагнозу, зацверджаныя кіраўніком дзяржавы. У тым ліку тэмп росту ВУП — 105,1 працэнта, экспарт тавараў і паслуг — 129,8 працэнта. Сальда знешняга гандлю — $206 млн. Інфляцыя ў межах прагнозу: сакавік да снежня — плюс 2,5 працэнта», — паведаміў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, валавая дабаўленая вартасць прырастае ва ўсіх сектарах эканомікі — у прамысловасці, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, гандлі, транспартнай дзейнасці.

«У цэлым эканоміка паказвае ўстойлівы збалансаваны рост», — сказаў прэм’ер-міністр.

На пагашэнне дзярждоўгу Беларусі ў 2018 годзе накіруюць даўгавыя і недаўгавыя крыніцы ў прапорцыі 50/50

Паводле слоў прэм’ер-міністра, цяперашняя кан’юнктура цэн на сусветным рынку дазваляе разлічваць на большы ўзровень даходаў у бюджэт, чым планавалася раней. «Даходы, дапусцім, ад продажу нафтапрадуктаў маюць даволі добрую тэндэнцыю росту з улікам таго, што ў нас у законе аб бюджэце быў прадугледжаны ўзровень цэн на нафту ў памеры $43. А цяпер рэальна $73. Адпаведна, пад гэта фарміруецца пэўны ўзровень даходаў звыш таго, што было прадугледжана», — сказаў ён.

Андрэй Кабякоў у сувязі з гэтым лічыць, што да пытання выкарыстання дадатковых даходаў трэба падыходзіць акуратна. «Законам аб бюджэце прадугледжана, што ўсе даходы, звязаныя з атрыманнем пошлін ад нафтапрадуктаў, павінны накіроўвацца на пагашэнне дзяржаўнага доўгу. І ў нас з’яўляецца магчымасць у гэтым годзе забяспечыць суадносіны даўгавых і недаўгавых крыніц па пагашэнні дзяржаўнага доўгу ў прапорцыі 50/50. Гэта добрая лічба, якая фарміруе перадумовы да таго, каб у нас даўгавая нагрузка па дзяржаўным доўгу ў краіне паступова змяншалася», — заявіў прэм’ер-міністр.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што сітуацыя на знешніх рынках можа мець часовы кан’юнктурны характар. «Таму, з аднаго боку, мы не павінны прасядзець на старце і не скарыстацца гэтай магчымасцю, у тым ліку і для павышэння дабрабыту нашых грамадзян. З іншага боку, мы не павінны зрабіць, каб гэта была такая падтрымка, пасля якой мы будзем адчуваць праблемы з выкананнем бюджэту. Дзе правесці гэту залатую сярэдзіну — аб гэтым у тым ліку ішла размова на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы», — дадаў Андрэй Кабякоў.

Кабякоў: за неэфектыўнае выкарыстанне дзяржпадрымкі дырэктары прадпрыемстваў пазбавяцца пасад

«Што датычыцца кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія дапусцілі невыкананне ўмоў прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі, то яны адназначна не будуць прадаўжаць работу на гэтых прадпрыемствах. І ў іх будзе вялікая праблема з працаўладкаваннем на кіруючыя пасады ў краіне. Гэта прынцыповая пазіцыя і Прэзідэнта, і ўрада», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што па шэрагу прадпрыемстваў узнікаюць праблемы, звязаныя з выкананнем імі важных узнаўленчых функцый. «Калі бізнес-планы, якія прадугледжваліся пры прыняцці рашэнняў па інвесціраванні ў гэтыя прадпрыемствы, прыцягненні крэдытных рэсурсаў, не ў поўным аб’ёме спрацавалі і маюць значныя адхіленні, то па кожным такім прадпрыемстве будзе вывучацца сітуацыя, прычыны і вынік тых ці іншых памылак. Перш за ўсё, будзе персаніфікаваная адказнасць», — сказаў ён.

Разам з тым прэм’ер-міністр адзначыў, што дзяржава як уласнік, які валодае вытворчымі актывамі, павінна прымаць меры для таго, каб яны функцыянавалі эфектыўна. «Пытанне, якія гэта меры павінны быць. Перш за ўсё, арганізацыйнага характару — навядзенне парадку, дысцыпліна, зніжэнне затрат і ўдзелу пасрэдніцкіх структур у забеспячэнні як неабходнымі рэсурсамі для вытворчасці, так і пры продажы гатовай прадукцыі», — лічыць Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, дзяржпадтрымка ў выглядзе грашовых сродкаў будзе аказвацца толькі ў выключных выпадках. Такія рашэнні будуць прымацца індывідуальна. «Па кожным прадпрыемстве з адпаведнымі мерамі адказнасці будзе разглядацца пад павелічальным шклом. Па-добраму (гэта павінны пачуць кіраўнікі рэгіёнаў, прадпрыемстваў, галін), наогул лепш такія прапановы не ўносіць. А калі ўносіць, то за кожную коску і лічбу будзе строгая адказнасць», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў адначасова адзначыў і заслугу айчынных прадпрыемстваў у пытанні забеспячэння выканання даходнай часткі бюджэту і дадатнай дынамікі ў эканоміцы краіны ў цэлым. «Гэта ў тым ліку, і нават перш за ўсё, работа прамысловага комплексу краіны — і прамысловасці, і будаўніцтва, і транспарту, і дзяржаўных, і прыватных прадпрыемстваў. Гэта сведчыць аб тым, што сапраўды на бягучы момант ідзе ўстойлівы эканамічны рост», — сказаў ён.

Задача росту сярэдняй зарплаты ў Беларусі будзе вырашацца з упорам на адстаючыя прадпрыемствы

Прэм’ер канстатаваў, што па выніках сакавіка бягучага года не ўдалося ў поўнай меры выканаць задачу па дасягненні сярэдняй зарплаты ў Беларусі на ўзроўні снежня 2017 года. «Дэ-факта атрымалася, што мы ў сакавіку крыху не дасягнулі гэтага паказчыка. Сярэдняя заработная плата склалася на ўзроўні Br927. Мы дакладвалі, якім чынам тыя ці іншыя галіны, рэгіёны выконвалі задачы, звязаныя з забеспячэннем гэтага ўзроўню», — сказаў ён.

«Сёння робіцца большы ўпор на тыя арганізацыі, якія маюць значныя адхіленні ад паказчыка Br1 тыс. Павінны быць рэалізаваны меры па тых прадпрыемствах, дзе зарплата Br300-400, якія дазволілі б ім забяспечыць пры апераджальных тэмпах росту прадукцыйнасці працы адпаведны рост заработнай платы», — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, гэта задача няпростая, тым не менш яна павінна быць вырашана, каб забяспечыць для людзей прывабнасць іх рабочых месцаў і ў тым ліку не дапусціць адтоку кваліфікаваных кадраў за мяжу.

Мінэканомікі рыхтуе план па індустрыялізацыі Беларусі

Міністэрства эканомікі Беларусі распрацоўвае план па індустрыялізацыі, ён прадугледжвае рэалізацыю больш як 1,7 тыс. інвестыцыйных праектаў. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Уладзімір Зіноўскі нагадаў, што раней кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача ўраду дасягнуць да канца 2025 года ВУП у памеры $100 млрд. Чакаецца, што яго памер у бягучым годзе складзе $60 млрд.

«Міністэрства эканомікі ўвесь мінулы год і пачатак бягучага займаецца распрацоўкай плана так званай індустрыялізацыі нашай краіны. Да кожнага са 118 раёнаў будуць прывязаны пэўныя інвестыцыйныя праекты, ці гэта агучаныя міністэрствамі, ці гэта выпрацаваныя губернатарамі. Пакуль у гэтым плане 1 740 праектаў», — сказаў міністр.

Плануецца, што гэты план будзе разгледжаны ў ліпені на Прэзідыуме Савета Міністраў. «Калі ён будзе ажыццёўлены, цалкам рэальна дасягнуць лічбы $100 млрд ВУП», — лічыць Уладзімір Зіноўскі.

Праекты хочуць рэалізаваць за кошт інвестыцый і ўласных грошай прадпрыемстваў. «Трэба дасягнуць таго, каб крэдытныя рэсурсы — я заўсёды аб гэтым кажу — каштавалі для прадпрыемстваў 5-6 працэнтаў. І тады цалкам магчыма, каб прадпрыемствы, прыцягваючы іх, маглі пашырацца або будаваць новыя праекты пад гэту праграму», — адзначыў ён.

Па матэрыялах БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *