Погляд за кулісу, ці Прэлюдыя касавіцы

Слова мае сцэнічнае гучанне, але ў зусім іншым значэнні выкарыстоўваецца і ў механіцы. Яшчэ, аказваецца, і ў сельскай гаспадарцы. Гэта, калі рады асноўнай сельскагаспадарчай культуры чаргуюцца на палетку з радамі нейкай іншай расліны. Дык вось, «нейкай іншай» пры такім раскладзе адводзіцца роля шырмы. Ці кулісы, а пасевы такога кшталту, як растлумачылі ў раённым упраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання, носяць назву кулісных. Ёсць такія палі і ў нашым раёне, на якіх азімую свірэпу «падпірае» азімае жыта. Зараз мікс названых сельгаскультур, а таксама свірэпа ў чыстым выглядзе дастаткова выраслі і выкарыстоўваюцца як корм для буйной рагатай жывёлы. Становяцца пашай, убіраюцца ў якасці дадатковай падкормкі для статкаў.
Як сведчыць статыстыка райсельгасхарчу, па стане на 10 мая на мэты падкормкі гаспадаркі раёна ўбралі амаль 900 тон зялёнай масы. Найбольш – ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», больш за 300 тон – «Шлях новы», паспыталі смак свежай зялёнай масы статкі жывёлы ДП «Нача» і «Востраў-Агра». А вызваленыя ад зялёнага ўраджаю палі паслужаць аграрыям яшчэ раз. У якасці яравых палеткаў для найбольш цеплалюбівых культур, аптымальныя тэрміны сяўбы якіх працягваюцца.
Яшчэ факт уборкі зялёнай масы на падкормку можна разглядаць як прэлюдыю вельмі блізкай ужо касавіцы.
Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *