Прыгоды ў летніку

Залівісты школьны званок ужо не кліча рабят і  настаўнікаў на ўрок — ён на адпачынку, як і гарэзлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Любімыя летнія канікулы ва ўсю набіраюць абароты. Як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Надзея  Сокал, у чэрвені звонкімі дзіцячымі галасамі будуць запоўнены ўсе сярэднія гарадскія і сельскія (акрамя Навасёлкаўскай) школы.

650 рабят (522 ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў) з задавальненнем адпачываюць, набіраюцца сіл і станоўчых эмоцый у 18 аздараўленчых прышкольных лагерах. Тут рабятам весела, цікава, незабыўна. Адно запамінальнае мерапрыемства змяняе другое, новыя знаёмствы перарастаюць у сяброўства. Дні ў прышкольных лагерах ляцяць непрыкметна, рабяты з нецярпеннем чакаюць кожную раніцу.

Надзвычай багаты запас гульняў, цікавых спраў і мерапрыемстваў, якія прапануюць настаўнікі, а па сумяшчальніцве і выхавальнікі на чале з начальнікамі лагераў, дапаўняе смачнае харчаванне (як адзначыла Надзея Сокал, сёлета, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, яно трохразовае, а не двухразовае).

Перавагі дзённых прышкольных лагераў адчуваюць і бацькі  адпачываючых тут дзяцей. Пакуль дарослыя на рабоце, дзеці ў летніку дагледжаныя, накормленыя, займаюцца карыснымі справамі, а не бавяць час у пошуку, у тым ліку, небяспечных прыгод і гульняў. На сямейны бюджэт такая пуцёўка асаблівым цяжарам не кладзецца. У прышкольных лагерах за 18 дзён чэрвеня бацькоўская даплата складае ў сярэднім каля 80 тысяч рублёў у залежнасці ад узросту,  пры тым, што агульны кошт пуцёўкі ў прышкольныя летнікі — ад 308 да 368 тысяч рублёў (розніцу аплачвае дзяржава).

101 наш юны зямляк з 4 па 23 чэрвеня стаў жыхаром 5-ці імправізаваных вуліц (атрадаў) незвычайнага горада Сонейка, які гасцінна расчыніў дзверы ў гімназіі на змене «Вясёлы горад дзяцінства». І з першых дзён калектыўнага адпачынку рабяты разам з выхавальнікамі акунуліся ў віхур гульняў, забаў, падарожжаў, спаборніцтваў, экскурсій, сустрэч з цікавымі землякамі. Гэтым летам гімназісты накірункам дзейнасці свайго летніка абралі экалагічны, а таксама здаровы лад жыцця. Дзеці разам з дарослымі навядуць парадак каля мурашнікаў, пабываюць на возеры Свіцязь. Шмат цікавых праграм і конкурсаў запланавана для раскрыцця творчых здольнасцяў і талентаў юных. Не абыдзецца без вясёлых забаўляльных мерапрыемстваў.

Яшчэ да ўрачыстага адкрыцця змены (а яно адбылося 7 чэрвеня) у гасцях у адпачываючых пабывалі з паказальнымі выступленнямі, размовамі, дыспутамі супрацоўнікі міліцыі, дэпартамента аховы, выратавальнікі. Завітаў у госці да гімназістаў  і самадзейны лялечны тэатр з Ліды. Такі адпачынак сваім юным сябрам арганізоўваюць творчыя, ініцыятыўныя педагогі, якія любяць і разумеюць дзяцей,  (у асноўным настаўнікі пачатковых класаў) на чале з начальнікам лагера Наталляй Белай.

Аздараўленчая кампанія стартавала і ў 4-х гарадскіх дзіцячых садах — тут працуюць кругласутачныя летнікі, дзе падчас змены працягласцю 18 дзён адпачываюць 97 шасцігодак. Пры кошце пуцёўкі 800 тысяч рублёў бацькі даплачваюць 202 тысячы рублёў. І пры гэтым у многіх сем’ях адпадае пытанне, на каго пакінуць 6-гадовую дачку або сына, у якіх адбыўся ўжо выпуск у дзіцячым садзе, а да школы яшчэ амаль  3 месяцы. А так дзіця будзе цэлыя  суткі разам з равеснікамі адпачываць, загартоўвацца, есці — па раскладзе.

З сярэдзіны чэрвеня пачнуць работу інтэлектуальны летнік «Эўрыка» і абаронча-спартыўны «Выратавальнік» на базе Дараўскага ДС-СШ, палатачны лагер для юных турыстаў «Рабінзоны». А чарговы сезон аздараўленчага лагера «Чайка» — гэта размова асобая. Вернемся да яе пасля адкрыцця  змены.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *