Ляхавічане праявілі сваю павагу да удзельнікаў Афганскай вайны


Мужныя, стойкія, высакародныя людзі, верныя сябры. Гэта пра іх, воінаў-інтэрнацыяналістаў, сярод якіх большасць – афганцы. Ім выпала ваяваць. Пад кулямі душманаў, пад спякотным сонцам, у гарах і на гарачай зямлі. Яны выконвалі воінскі абавязак. І засталіся вернымі доўгу, годнасці, сяброўству, уменню суперажываць.
73 нашы землякі былі салдатамі афганскай вайны. Сёння яны – ветэраны. Сотні суайчыннікаў не вярнуліся дамоў з Афганістана, сярод іх Уладзімір Малахвей і Святаслаў Мядзвецкі –– хлопцы з Ляхавіччыны, якія загінулі на той далёкай вайне ў чужой краіне.
Сёння ў раёне жыве і працуе 61 воін-інтэрнацыяналіст: мужчыны, якія прайшлі выпрабаванне Афганам, і дзве жанчыны – Людміла Буханава і Ганна Пяткевіч. Двое салдат выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Сірыі і Егіпце.
Па традыцыі 15 лютага ў нашай краіне адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Урачыстасці прайшлі і на Ляхавіччыне. У райваенкамаце з воінамі-інтэрнацыяналістамі сустрэліся намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Юруць, урач-тэрапеўт райбальніцы Ніна Таранда.
Пад гукі духавога аркестра, годна, трымаючы крок прайшлі па вуліцах горада былыя салдаты. У іх ужо сталі дарослымі дзеці, у кагосьці падрастаюць унукі. Але афганскае рэха па-ранейшаму нагадвае пра былое, а ў снах усплываюць імгненні далёкіх баёў, твары загінуўшых аднапалчан і такія рэдкія імгненні цішыні сярод пекла вайны.
Да помніка героям, загінуўшым у час вызвалення раёна ад фашыстаў, ляглі кветкі і вянкі ад воінаў-інтэрнацыяналістаў. Хвіліна маўчання, хвіліна памяці…
У цэнтры пазашкольнай работы быў працяг урачыстасцяў. Уладзімір Крук уручыў Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта воінам-інтэрнацыяналістам Ігару Лесніку і раённага Савета дэпутатаў — Уладзіміру Ціцікшу, падзячныя пісьмы райвыканкама Анатолію Расоху і райсавета – Уладзіміру Рабцэвічу.
Удзельнікам афганскай вайны і бацькам загінуўшых аказана матэрыяльная дапамога.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *