Востраў – гэта казка. У маладой сям’і ў Востраве Ляхавіцкага раёна вялікая падсобная гаспадарка з птушыным ухілам

Кожны чалавек – сам каваль свайго шчасця, перакананы Юлія і Віталій Мінцэвічы з Вострава. Уласнымі рукамі яны ўпэўнена будуюць свой надзейны і ўтульны сямейны ачаг

Калі вельмі-вельмі пра нешта марыць – абавязкова збудзецца. У гэтым цвёрда ўпэўнена 32-гадовая жыхарка аграгарадка Востраў Юлія Мінцэвіч.
– Колькі разоў уяўляла, як лячу розную жыўнасць. Думала, што мне наканавана стаць ветэрынарам, аднак, не склалася. Споўніць дзіцяча-юнацкую мару дапамог муж. Сёння мая любоў да жывёлы ўвасобілася ў вялікую падсобную гаспадарку, – расказвае Юлія.
Сям’я Мінцэвічаў у Востраве вядомая.
Юля – тутэйшая, выпускніца мясцовай школы. Вучылася добра, была цікаўнай і ўжо тады спрабавала рабіць першыя крокі ў бізнесе: з братам разводзілі і гадавалі на продаж трусоў. Пасля вучобы ў Баранавіцкім універсітэце – работа праграмістам на торфабрыкетным заводзе і «БелДане», дзе і адбылася лёсавызначальная сустрэча з будучым мужам. Сёлета ў іх маладой сям’і – пяцігадовы юбілей.
У Віталія свой шлях і ў Ляхавіцкі раён, і ў прыватную справу. Ён ніколі не баяўся цяжкасцей, імкнуўся знайсці прымяненне сваім ведам у розных прафесіях. Атрымаў ветэрынарную адукацыю, але працаваў не па спецыяльнасці. Аднойчы яго мама прачытала, што прадпрыемства «БелДан» запрашае на работу спецыялістаў сельскагаспадарчага профілю. Параіла сыну паспрабаваць – адчувала мацярынскае сэрца, што гэта аб’ява стане вызначальнай у яго жыцці. Юнак паспрабаваў, працуе заатэхнікам вось ужо дзевяць гадоў.

Мужчына, як і вядзецца спрадвеку, лакаматыў сямейнага цягніка. Пра такіх, як Віталій Мінцэвіч, гавораць: ёсць камерцыйная жылка. А што гэта і сапраўды так, пацвярджаюць факты.
Сёння ў маладой сям’і   вялікая падсобная гаспадарка з птушыным ухілам: разводзяць індыкоў, лічы, у прамысловых маштабах.
Гэтай вясной у іх вывелася каля чатырох тысяч індычанят. Амаль усіх, за выключэннем дзвюх соцень (пакуль гадуюцца, а праз месяц-другі таксама пойдуць на продаж як далікатэснае дыетычнае мяса), рэалізуюць яшчэ маленькімі гаспадарам-прыватнікам на вырошчванне.
А пачалося ўсё некалькі гадоў назад, калі ў гаспадарцы з’явіліся курыца і певень (потым, праўда, аказалася – два пеўні). Далей – больш. Тут абжыліся дэкаратыўныя куры маранс, якія неслі яйкі шакаладнага колеру. Два гады назад набылі чатыры інкубатары, у кожны з якіх змяшчалася па 50 індычыных яек. Цяпер у іх тры максі-інкубатары па 1500 яек кожны і яшчэ каля дзясятка – меншых. Даглядаць за птушыным маладняком Юлія і Віталій вучыліся самастойна, у тым ліку на сваіх і чужых памылках. Нягледзячы на дзіцячы ўзрост сямейнага бізнесу, Мінцэвічы ўжо маюць сваю кліенцкую базу. Лічаць, што заняцца бізнесам у наш час не праблема. Галоўнае нават не першапачатковы капітал (ёсць нямала банкаў, дзе можна атрымаць крэдыты, як і робяць Мінцэвічы, а можна пазычыць у сяброў-знаёмых). Важна – пралічыць усё, каб не прагарэць. І абавязкова любіць справу, якой займаешся, і верыць у поспех.
Цяпер на прыватным падвор’і маладых гаспадароў засталося каля трох дзясяткаў індыкаў, яшчэ амаль дзве сотні часова раскватараваліся на падвор’і Юліных бацькоў, якія жывуць непадалёк.
Рабочы дзень у заатэхніка Віталія Мінцэвіча пачынаецца ў 8 гадзін раніцы. Да «БелДана» рукой падаць, так што да работы ён паспявае ўправіцца па птушынай гаспадарцы.
– Навошта жонку рана будзіць, няхай паспіць, пакуль у дэкрэтным. Ёй на працягу дня клопатаў хопіць, – з пяшчотай гаворыць мужчына.
Увогуле, каханне, уважлівасць, захапленне адзін адным у мужа і жонкі відавочныя ва ўсім: у кожным позірку, дотыку, словах і ўчынках. З’яўляецца ўражанне, што яны і смяюцца аднолькава: залівіста, зайздросна захапляюча.
Кветкавае ўбранне вакол дома №26 па вуліцы Маладзёжнай – справа рук і штодзённага клопату Юліі, а дапамагаюць ёй чатырохгадовая Яна і двухгадовая Алеся.
Не адной птушынай справай жывуць Мінцэвічы. Віталій заканчвае навучанне ў Віцебскай сельскагаспадарчай акадэміі, Юля з дзяўчынкамі развіваюць уласны ютуб-канал, дзе малышкі дэманструюць разнастайныя вырабы, зробленыя з дапамогай мамы. А яшчэ арганізуюць для вясковай дзятвы і не толькі экскурсіі «на паўлінаў і індыкоў паглядзець».
Падчас размовы з Мінцэвічамі неаднойчы заўважала, з якой любоўю, павагай, пяшчотай яны гавораць пра бацькоў адзін аднаго.
– Цесць і цешча ў мяне таленавітыя. Таццяна Аляксееўна гатова падтрымаць нас у любых пачынаннях. Яна выдатны педагог, Юліна захапленне матэматыкай – ад яе. Ігар Іванавіч – майстар на ўсе рукі, бачылі б, якія арэлі ён робіць. А як спявае! – расказвае Віталій.
А яго жонка з натхненнем прыгадвае пра вяндлярню, якую зрабіў свёкар Іосіф Іванавіч, і пра тое, якая выдатная бабуля Таццяна Іпалітаўна. Бацькі Віталія жывуць у вёсцы Малінава ў Смаргонскім раёне, але прыязджаюць пагасціць у Востраў.
А тым часам па вальеры (яго будаваў гаспадар уласнымі рукамі) важна прагульваюцца паўліны. Асабліва ўразіў чорна-плечы з доўгім рознакаляровым хвастом. Раз у год ён па-царску развітваецца са сваім шыкоўным упрыгажэннем. Пяро –выдатны матэрыял для розных пано, кампазіцый і г.д. Дарэчы, паўлінаў з задавальненнем купляюць аграэкасядзібы. Зараз на падворку Мінцэвічаў у «яслях» падрастаюць маленькія птушаняты – будучыя павы і паўліны.
На пытанне пра магчымасць пераезду ў горад маладая гаспадыня сцвярджае: ад дабра дабра не шукаюць. У аграгарадку створаны ўсе ўмовы для таго, каб тут заставалася моладзь. Школа, дзіцячы садок, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, магазіны, аддзяленні ашчаднага банку і пошты – усё ў крокавай даступнасці. Дамы газіфікаваны. «БелДан» дапамагае сваім работнікам уладкоўваць быт. Ды і суседзі – цудоўныя людзі.

І калі з адносінамі Юлі да Вострава ўсё зразумела – яна бязмежна любіць мясціны, дзе прайшло яе дзяцінства і юнацтва, дзе жывуць яе бацькі, сябры, шматлікія знаёмыя, дзе нарадзіліся яе дачушкі, дзе ёсць (і, яна ўпэўнена, заўжды будзе) іх дом, то словы Віталія «Востраў – гэта казка, Востраў – гэта цуд» інакш, як прызнаннем у любві да сваёй новай малой радзімы, не назавеш. Малады чалавек такую выснову не адмаўляе і сцвярджае, што ніколі не прамяняе аграгарадок   нават на самую прыгожую ў свеце сталіцу.

ПРЫЗНАННЕ

– Гэтыя цудоўныя мясціны нібы створаны для развіцця падсобнай гаспадаркі. У нас свая прасторная сядзіба. Домік выдзеліла ЗТАА «БелДан», дзе я працую. Вакол прырода, побач ўся неабходная інфраструктура – нездарма вёска стала аграгарадком. Галоўнае – жаданне, сілы, здароўе, з гэтым у нас з Юляй усё ў поўным парадку. Будзем і далей развівацца ў сваёй справе. Вопыт ёсць. Плюс яшчэ супердапамога ад любімай
цешчы Таццяны Аляксееўны, –   разважае аптыміст Віталій.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара і з сямейнага архіва Мінцэвічаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *