Cэрцу люба, душы светла. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: Лабузы

Пра тое, што калісьці тэрыторыя сённяшняга Ляхавіцкага раёна ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, нагадваюць назвы вёсак: Літва, Лотва, Лабузы… Апошняя нібы схавалася паміж двума аграгарадкамі – Конькі і Дарава. З упэўненасцю можна сказаць: пабываеш у ёй аднойчы – захочаш вярнуцца зноў. Гэта вёска мае сваю адметнасць і свой каларыт, у якім адчуваецца смак да жыцця.

Сцяжынка да дому
Засяроджаны на справе, 65-гадовы Іван Сакун абкошвае тэрыторыю каля свайго дома па вуліцы Зарэчнай (у вёсцы, акрамя яе ёсць яшчэ Палявая, Калгасная, Хутарская). Косіць не модным агрэгатам, а звычайнай, як калісьці дзед, а потым і бацька, добра накляпанай касой. Іван Іванавіч карэнны тутэйшы жыхар, як і большасць насельніцтва Лабузоў (усяго зарэгістравана 36 чалавек). Адсюль і Мікалай Грыгаровіч. Іх з жонкай Сцепанідай Іванаўнай сядзіба – акуратная, дагледжаная. Працаваць Грыгаровічы любяць і ўмеюць. Гаспадыня была бухгалтарам у калгасе «Прагрэс», потым да выхаду на пенсію – загадчыцай фермы ў ардэнаносным «Кастрычніку». 44 гады за баранкай аўтамабіля – працоўная біяграфія Мікалая Андрэевіча.
Крочым па ціхай вуліцы. Пяшчотна палівае кожную кветачку ў двары прывабная стройная жанчына. Побач на стале сохнуць падрыхтаваныя да кансервавання агуркоў слоікі.
Знаёмімся. Галіна Каліноўская, аказваецца, наша калега, працуе ў Міністэрстве інфармацыі, прыехала да мамы ў водпуск.
– Бязмежна люблю гэтыя мясціны, адпачываю тут душой і целам. Саджуся ў Мінску ў электрычку. Цягнік набірае ход, а я ўсю дарогу ўзгадваю дзяцінства, юнацтва, кожную тутэйшую сцяжынку. І не магу дачакацца, калі ўбачу бацькоўскую хату, сваю любімую мамачку, – усхвалявана прызнаецца Галіна Вячаславаўна.
А вось і гаспадыня. Алена Міхайлаўна такая ж статная, рухавая, як і дачка. Зусім не выглядае на свае 78 гадоў.
– Раней за дзень столькі ўсяго магла перарабіць і дома, і на працы. Шчыравала ў паляводстве, потым у жывёлагадоўлі – расказвае Алена Каліноўская. Пераходзіць на тое, якія яе аднавяскоўцы добразычлівыя, шчырыя, працавітыя, заўжды гатовыя дапамагчы. А яшчэ не забываюць сцяжынку да бацькоўскага дома.
На адным з падворкаў на Зарэчнай гаманліва, весела, чуваць дзіцячы смех. Галоўныя дзеючыя асобы: Яўгеній Грыгаровіч (родам адсюль, жыве ў Баранавічах), яго дачка Таццяна і ўнучкі Віка і Ксюша.
– У Лабузах бываем часта, гэта ж мая бацькаўшчына. А дзецям якое раздолле: свежае паветра, на веласіпедах катаюцца, нават свой міні-басейн ёсць. За дзень так нагуляюцца, што засыпаюць імгненна, – распавядае Яўгеній Іванавіч.

Вёска майстроў
Трапілі ў казку? Не, выявы вясковага каларыту. Рознакаляровая хатка, гамак, ганарлівы певень, недзе квохча курыца, абгароджаны кусцікі парэчак, падсыпана бульба – карціна так і просіцца на палатно. Аўтар хараства Марыя Семярнік, а дапамагалі ёй ўнукі.
Як жа пасуе нашым вёсачкам квяцістае летняе ўбранне! Вось і ў Лабузах, каля якога падворка ні спыніся, – утульна, чысценька, прыгожа і на кожным – нешта сваё, не падобнае на іншыя сядзібы. Напрыклад, двор дома № 10 па вуліцы Калгаснай у яркіх жоўтых сланечніках, а каля аднаго з дамоў па вуліцы Зарэчнай расце «божае дрэва».
– Адчуйце, што за водар, лепш любога заспакаяльнага лякарства, – гаворыць гаспадыня Алена Каліноўская – цёзка сваёй сяброўкі, з якой мы ўжо паразмаўлялі. Каб пераканацца, што яна выдатная гаспадыня, дастаткова паглядзець у агародчык. А яшчэ жанчына – пастаянная падпісчыца «ЛВ» і сцвярджае, што без газеты як без рук.
– Што за вадзіца, выпіў кубачак, нібы памаладзеў, – зазначыў рэдакцыйны вадзіцель, пакаштаваўшы калодзежнай вады ў Каліноўскіх.
Алена Вікенцьеўна, нягледзячы на ўзрост, жвавая, паспявае ўсё. Але і дзеці (разам з мужам выгадавалі чатырох) пра маму не забываюць, прыязджаюць часта дапамагчы па гаспадарцы і адпачыць. Каліноўскія – музычная сям’я. Два сыны Георгій і Валерый – музыканты, адзін у Ляхавічах, другі – у Пінску. Унучка таксама пайшла «ў музыку».

Паміж учора і заўтра
Валерый Міхайлавіч прапанаваў сябе ў якасці экскурсавода па Лабузах, і мы адправіліся па знаёмым для яго маршруце. На паўночна-ўсходнім ускрайку Лабузоў на правым беразе Шчары ў акружэнні ліпаў, дубоў і сакавітых лугоў, нібы саромеючыся свайго разбурана-недагледжанага выгляду, схаваўся ад людскіх позіркаў былы фальварак паноў Ражанскіх.
– У адным пакоі настаўніца Марыя Васільеўна Шастак вучыла першакласнікаў і трэцякласнікаў, у другім Соф’я Мікалаеўна Кашуба – другакласнікаў і чацвёртакласнікаў. Нас было тады шмат, пасля ўрокаў весела разам вярталіся дамоў, – успамінае Валерый Каліноўскі.
У мураваным будынку пасля Вялікай Айчыннай вайны размяшчалася не толькі пачатковая школа, але і інтэрнат для настаўнікаў. Потым тут адкрылі магазін. А цяпер ад былой прыгажосці помніка дойлідства другой паловы ХІХ стагоддзя засталіся толькі паўразваленыя сцены. Але можна было б распрацаваць цікавы маршрут для патэнцыяльных турыстаў: у наваколлі Лабузоў нямала напамінаў пра Першую сусветную вайну. З 3 па 25 ліпеня 1916 года праз вёску наступалі рускія войскі падчас «Баранавіцкай аперацыі». Трагічны адгалосак у Лабузах пакінула і Вялікая Айчынная: у чэрвені 1944 года фашысты спалілі амаль усю вёску.
Час ад часу ўскрайкі Лабузоў становяцца месцам сустрэчы аматараў вандровак: маляўнічыя краявіды аблюбавалі турысты і праводзяць у гэтых каардынатах турыстычныя злёты.
Урадлівая глеба прываблівае ў Лабузы фермераў. Хтосьці займаецца вырошчваннем капусты, а, напрыклад, Кацярына Ласый арандавала летась больш гектара зямлі і высадзіла кусты маліны. Сёлета ўжо сабрала першы ўраджай. Юрый Дземянец не толькі ўпарадкуе купленую тут сядзібу, але і з’яўляецца актыўным малаказдатчыкам: арганізаваў у Лабузах міні-ферму, статак з 9 дойных кароў і 15 цялушак.
– Нялёгкі гэта бізнес, але ён таго варты. Штодня кожная карова дае па 15 літраў малака, якое здаю ў ААТ «Шлях новы». Планую пашыраць статак, – расказвае Юрый Дземянец.
…Як жа вальготна, раздольна дыхаецца свежым паветрам з адценнем водару летніх кветак, свежаскошанай травы і яблыкаў, ад шчодрага ўраджаю якіх да зямлі схіліліся галіны дрэў. Вось чаму гэты аазіс спакою, яднання з прыродай аблюбавалі і дачнікі.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

 

Алена і Галіна Каліноўскія.

Старажылы Лабузоў Алена Каліноўская …

…і Іван Сакун

Сцепаніда і Мікалай Грыгаровічы.

Яўгеній Грыгаровіч з унучкамі.

Валерый Каліноўскі.

Ганна Цыкман

One thought on “Cэрцу люба, душы светла. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: Лабузы

  • 15/08/2018 в 00:01
    Permalink

    Лабузы- сила !

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *