“Наша зямля – наша душа”

Пад такой назвай у мінулую суботу прайшло свята вёскі Малое Гарадзішча. У святочна ўпрыгожанай зале СДК сабраліся жыхары вёскі, госці.

Мы хлебам вітаем цябе, вёска мілая,
Каб лёс твой далейшы быў толькі шчаслівым,
Хай жыта квітнее, смяюцца хай дзеці.
Хай мірна і шчасна жывецца на свеце…

Гэтымі словамі сустракалі ўдзельнікаў свята вядучыя Кацярына Ліхач і Алена Прадчанка.

І сёлета арганізатары не сталі парушаць добрыя традыцыі свята. У якасці ганаровых гасцей на яго былі запрошаны ветэран вайны Іван Віхноўскі, былыя вязні канцлагераў Яўгенія Кудзін, Таццяна Віхноўская, старэйшая жыхарка Малога Гарадзішча Надзея Грынько, якой 17 ліпеня споўніцца 92 гады, і самы маленькі жыхар вёскі Мікіта Карповіч, які нарадзіўся ўсяго 5 месяцаў назад.

«Тут мы нарадзіліся, выраслі, працуем. І кожны з нас упісвае сваю старонку ў гісторыю вёскі,» — словы вядучай усе ўспрымалі надзвычай блізка да сэрца. Настаўніца гісторыі, завуч Малагарадзішчанскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ядвіга Плескацэвіч падрыхтавала для сваіх землякоў завочны экскурс у гісторыю вёскі.

Вялікі інтарэс выклікала знаёмства з выставай вышыванак. Сапраўдны цуд уласнымі рукамі ствараюць Валянціна Катко, яе дочкі Алёна і Марына, унучкі Карына, Таня і Наташа.

Парадавала выстава страў беларускай кухні, якую падрыхтавала Валянціна Карповіч.

На свяце ўшаноўвалі сем’і Валянціны Зубік і Кацярыны Захаранковай, якія ўзялі на выхаванне дзяцей.

Фальклорны дзіцячы калектыў мясцовага СДК парадаваў і ўразіў гасцей свята пастаноўкай «Беларускія вячоркі».

Заўсёды вялікі інтарэс выклікае падвядзенне вынікаў конкурсу на лепшы падворак. Сёлета яго пераможцамі былі прызнаны двары Рамана і Зоі Данілевічаў, Наталлі і Міхаіла Саўчыкаў.

Былі на свяце і падарункі — цудоўныя песні, што прагучалі ў выкананні мясцовых самадзейных артыстаў, а таксама ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Зубелевіцкага і Альхоўскага сельскіх дамоў культуры.

Міхаіл КАРПОВІЧ,
дырэктар Малагарадзішчанскага СДК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *