Першы аўтограф. У ляхавіцкай купалаўцы паэтычнае надвор’е для сваіх землякоў–кнігалюбаў стварыла Галя Зыранава

Было цёпла і светла. На двары і на сэрцы. Так бывае менавіта ў вераснёўскіх каардынатах пры далікатна-пяшчотным сонцы, шчодрай кветкавасці, калі паўсюдна гучыць водар дзяцінства –   водар антонавак. А ў ляхавіцкай купалаўцы да ўсяго гэтага гучалі вершы. Як споведзь, як замова, як малітва. Такое паэтычнае надвор’е для сваіх землякоў–кнігалюбаў стварыла Галя Зыранава, творчае запрашэнне ад якой увасобілася ў хвіліны шчырасці, прыгажосці, чысціні, бясспрэчнага таленту, прычым не толькі літаратурнага, а жыццёвага.

Не прымяншаючы Галінай ролі, таленту, шчырасці, падкрэслю саўдзел у настроі, натхненні, літаральна ва ўсіх складніках творчасці і быту, быту і творчасці, чаканняў і дасягненняў яе Алега, надзейнага, моцнага, сапраўднага.

Дык вось, «Я Птушка, што неба нясе на крылах…» адбылася. Гэтак называлася творчая сустрэча з таленавітай літаратаркай-зямлячкай, унікальным, надзвычай чулым чалавекам. Яна бачыць вачамі і сэрцам, любуецца вачамі і сэрцам, усёй істотай сваёй захапляецца навакольнай прыгажосцю. На гэты раз пад дахам бібліятэкі ва ўтульным фае, дзе мы слухалі добрую паэзію і разважанні Галіны пра жыццё, пра яго каштоўнасці, пра месца Я ў шматлікім Мы, пра пачуцці асобнага чалавека, было шчыра і асабліва шчодра на думкі, эмоцыі. І на кветкі, падгледжаныя-ўбачаныя паэтам – выстава фотаработ Галі Зыранавай выпраменьвала прыгажосць і аўтарскае захапленне «мадэлямі»: лілеямі, дзьмухаўцамі, рамонкамі, вяргінямі, цыніямі… Як працяг гэтага чароўнага рада – жывыя ружы і хрызантэмы ў яе руках. Ад удзельнікаў сустрэчы, якія адкрылі для сябе ў зямлячцы з вёскі Крывошын не толькі літаратурны талент, але ўразіліся яе філасофіяй, стасункамі з жыццём, яе неверагодным лірызмам і стойкім аптымізмам, яе мужнасцю і сілай слабой жанчыны.
«Дайце мне каштанчык»…
Гэта Галя ў Мінску, сярод безлічы людзей і машын, сярод мітусні і бясконцага руху зачапілася позіркам за каштан. І ўразілася, і расчулілася, і «дайце мне каштанчык»… Дзяўчына на калясцы не магла ў сваю чаргу не ўразіць і не расчуліць, таму хутка ў далонях трымала восеньскі мінскі «прэзент».
«Вершы нараджаюцца з болю. Калі ты шчаслівы, яны не пішуцца…»
Гэта Галя наконт натхнення, бо паняцце паэтычнай лабараторыі да Зыранавай не хочацца прыстасоўваць. Пры дасканаласці яе вершаваных радкоў у іх столькі пачуццяў і такіх пачуццяў, што адчуваеш: пішуцца яны на адным дыханні, калі душа перапоўнена болем-шчасцем, болем-стратай, болем-радасцю, болем-жыццём.
«Жанчына і тварэц у сваёй жаночай ролі».   Гэта Галя адказвала на пытанне, кім яна сябе ў большай меры адчувае, што для яе галоўнае. Мяркую, што за лаканічнай высновай усе, хто быў на сустрэчы, адчулі непаўторны зыранаўскі шарм.
«Не даю сабе шансу не любіць сябе…»
Гэта Галя не пра эгаізм ці самалюбаванне – пра вартасць чалавека, самадастатковасць жанчыны, пра адказнасць перад жыццём. З удзячнасцю прымае ўзаемнасць. Колькі разоў прагучала: мне шанцуе на добрых людзей, у мяне быў цудоўны настаўнік, люблю сваіх вучняў, люблю сваволіць, марыць…
Успамінала пра першую спробу пяра, і спроба гэта зроблена ў нашай раёнцы. Гаварыла пра шлях да «Маладосці», дзе друкаваліся яе вершы. Канешне, пра сёлетні дэбют празаіка Галіны Зыранавай, якая стала суаўтарам кнігі   «Скажы, што кахаю…», выдадзенай у «Мастацкай літаратуры». І ўзрушана давала свой першы аўтограф – для купалаўкі. І нагадвала пра тых, з кім сябруе «ў сетках», хто падтрымлівае яе і каго падтрымлівае яна. І ў кантэксце інтэрнэцкіх стасункаў, не адмаўляючы іх, а зусім наадва-рот, паўтарала засвоенае на ўласным вопыце: не трэба баяцца заставацца сам-насам з сабою, хоць зрэдку, хоць калі…
Сустрэчы непаўторнай Галі Зыранавай з землякамі-кнігалюбамі быў наканаваны поспех: вельмі ўжо неардынарная галоўная дзеючая асоба гэтай сустрэчы. Улюбіла ў сябе ўсіх без выключэння. Яе параўноўвалі і з чыстагалосай птушачкай, і з празрыстым раўчуком, і з заранкай, і з Паўлінкай… Ёй дарылі кветкі, узрушана і ад усёй душы: ляхавічанкі Ганна Малевіч, Валянціна Бародзіч, «веснікаўцы» і бібліятэкары, сацыяльныя работнікі.

Застаецца падзякаваць супрацоўнікам купалаўкі, асабліва дырэктару ЦБС Вользе Пляшэвіч, бібліёграфу Рыме Прытульчык, якія адгукнуліся на прапанову «Ляхавіцкага весніка» «адкрыць» для тутэйшых кнігалюбаў (не праз газетныя старонкі, а ў жывым кантакце) паэта, празаіка, філосафа, летуценніцу, краязнаўцу, знаўцу роднай мовы, літаратуры, культуры і, зрэшты, усебакова цікавага і цікаўнага чалавека Галіну Зыранаву. І яе Алега.
Адкрылі! Уразіліся! І – да новых, спадзяюся, частых сустрэч!
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Маргарыты КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *