У светлых пальчатках – залацістыя пачаткі. Кукурузаводы Ляхавіцкага раёна пажынаюць плады сваёй працы: працягваецца актыўная фаза ўборкі культуры

Кукурузе ў гэтым годзе пашанцавала больш, чым, напрыклад, хлебным культурам. Ліпеньскія дажджы, якія на апошніх мелі хіба толькі негатыўнае ўздзеянне, для царыцы палёў што той бальзам на душу. Кукурузу «выгнала», пачаткі наліліся. Зараз кукурузаводы раёна пажынаюць плады сваёй працы: працягваецца актыўная фаза ўборкі культуры. Найбольш важкі «кукурузны плод» вырасцілі ў СВК «Ляхавіцкі». Сярэдні паказчык ураджайнасці тут на зайздрасць – 470 цэнтнераў з гектара. Важкасць жарабковіцкага зялёнага кукурузнага гектара вельмі блізкая да 400 цэнтнераў, у «Начы» – 370 адзінак масы на круг. Сіласнай масы, якая праз вызначаны час «вылежыцца» і ператворыцца ў сілас, які, у сваю чаргу, трансфармуецца ў мяса і малако. КСУП «Востраў-Агра», напрыклад, сваю планавую сіласную праграму ўжо выканаў. Калі паглядзець на сітуацыю з наяўнасцю ў гаспадарках кармоў у параўнанні з годам мінулым, то сёлетняя падаецца больш выгаднай. У раёне на сённяшнія дні ў сярэднім нарыхтавана каля 14 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў на ўмоўную галаву –  на 3 пункты больш леташняга. Хоць некаторыя з прадпрыемстваў на ўзровень мінулага года пакуль не выйшлі. Сярод такіх мясцовы аграрны каледж і КСУП «Тальмінавічы», напрыклад. А вось у «Ляхавіцкім», «Начы», «Жарабковічах», «Шляху новым» і тым жа «Востраве-Агра» сітуацыя выгадна адваротная. Так, гаспадарка, названая апошняй, у плане корманарыхтовак у разліку на ўмоўную галаву ледзь ці не ўдвая пераўзышла сябе леташнюю. У гэтай сувязі зноў узгадваецца кормаўборачны камбайн, набыты ўлетку гаспадаркай па прымальнай для апошняй схеме разлікаў і з дапамогай аблвыканкама.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *