Такія людзі! «Так» – прагрэсіўнаму і інавацыйнаму

Яны лепшыя. Гэта калі вельмі коратка пра нашых землякоў, якія ва ўрачыстай абстаноўцы ў святочны дзень 3 ліпеня атрымалі дыпломы ўладальнікаў ганаровага звання «Чалавек года» за высокія дасягненні ў працы і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна па выніках работы за 2017 года. Прапануем разам з «ЛВ» завітаць па іх працоўных адрасах і пазнаёміцца бліжэй з гэтымі неверагодна цікавымі людзьмі.

«Так» – прагрэсіўнаму і інавацыйнаму

Першы адрас – тэрапеўтычнае аддзяленне райбальніцы. Менавіта тут працуе загадчыкам урач-тэрапеўт Міхаіл Буйкевіч – «Чалавек года» ў намінацыі «ахова здароўя».
Пра ўрача Буйкевіча раёнка пісала не аднойчы. Асабіста пра сябе гаварыць не любіць, а вось пра работу – калі ласка, пра сваё аддзяленне –   з задавальненнем. У Ляхавіцкай ЦРБ працуе шосты год, а наогул у медыцыне больш за тры дзесяцігоддзі, пацыенты яму давяраюць, у калектыве паважаюць.
Міхаіл Уладзіміравіч пра калег гаворыць проста: цудоўныя людзі, надзейныя і адказныя, а самае галоўнае – прафесіяналы. Дарэчы, на яго думку менавіта прафесіяналізм, адукаванасць, валоданне спецыяльнымі ведамі і ўменне прымяніць іх на практыцы – тое, што вызначае выдатнага ўрача.
За 9 месяцаў гэтага года медыцынскую дапамогу ў тэрапеўтычным аддзяленні атрымалі 1412 пацыентаў. А калектыў, які лечыць, выконвае ўрачэбныя прадпісанні, стварае камфорт і ўтульнасць у палатах, – гэта ўсяго 22 чалавекі.
Міхаіл Буйкевіч за ўдасканаленне і самаадукацыю.  У ягоным медыцынскім раскладзе заўсёды знаходзіцца месца для ўдзелу ва ўрачэбных канферэнцыях,  у вольны час – абавязковае штудзіраванне спецлітаратуры. І гэта, упэўнены Міхаіл Уладзіміравіч, не павінна  застацца толькі на тэарэтычным узроўні – усё інавацыйнае і прагрэсіўнае абавязкова ўкараняецца ў практыку. Напрыклад, апошнія два гады ў аддзяленні выкарыстоўваецца метад мікраструменнага ўвядзення прэпаратаў, у лячэнні прымяняюцца новыя прэпараты і г.д.
А яшчэ Міхаіл Буйкевіч проста настаяў, каб яго малады калега ўрач-ардынатар працягнуў вучобу ў ардынатуры Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыялізацыі «кардыялогія». Вопыт, па ягоным перакананні, рэч нажыўная і яго крыніца, у першую чаргу, – штодзённая практыка, якая павінна ісці ў нагу з часам. І гэта практыка жыццёва неабходная для маладых кадраў, што, дарэчы, актыўна папаўняюць калектыў нашай райбальніцы. І Міхаіл Уладзіміравіч лячэбныя нюансы ахвотна абмяркоўвае з імі, раіцца і прызнаецца: у іх ёсць чаму павучыцца.

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *