Чалавек, які малюе настрой

За мальбертам Эдуард Бурвель.

Мастак павінен любіць жыццё і даказваць іншым, што яно прыгожае, – заўважана вельмі трапна і цалкам супадае з філасофскімі поглядамі нашага земляка Эдуарда Бурвеля. Надзвычай творчы і таленавіты, моцны духам і шчыры сэрцам, мовай фарбаў ён з любоўю апавядае пра непаўторнасць родных краявідаў.

– Не ўяўляю сябе без пэндзля. Бачыць і перадаваць прыгажосць мне нібы Бог дапамагае, – гаворыць Эдуард  Іванавіч.
У свой час скончыў сталічныя курсы мастакоў, потым афарміцеляў. З афарміцельствам і звязаў прафесійную дзейнасць. Пачынаў у мясцовым тэхнікуме, потым у мастацкай майстэрні калгаса імя Ламаносава, кінатэатры, Доме культуры ён упрыгожваў, ствараў, змяняў, афармляў. У творчым багажы не адзін адрас, у які ўклаў душу і дызайнерскі густ. Самы памятны – афармленне колішняга музея Бохвіцаў у Флер’янове, камінная зала ў ім. О, гэта былі незабыўныя імгненні творчага самавыяўлення, нават фарміравання ўласнай філасофіі пра еднасць часоў, незнікаючую прыгажосць і асабістае датыкненне да спрадвечнага і вечнага.
Жывапіс – хобі, якое стала неад’емнай часткай жыцця Эдуарда Бурвеля. Дзякуючы майстру жывапісу Анатолію Маісеенку, ён паверыў у свой талент і магчымасці.
Спачатку спрабаваў сябе ў розных жанрах. Быў нават час, калі сябраваў… з дрэвам. З-пад яго залатых рук выходзіла і мэбля, і прадметы інтэр’ера. Зараз піша тое, “што бліжэй да душы” – прыроду.
Кожная яго карціна адметная і непаўторная. На палотнах не проста пейзажы. Звычайныя малюнкі прыроды дапоўнены неверагоднай фантазіяй і яркімі вобразамі.
– Галоўнае ў карціне – добры настрой, пазітыў, які яна павінна несці, – упэўнены Эдуард Бурвель. – Жыццё бясконца, бесперапынна ўражвае, выклікае захапленне. Імкнуся праз колер і яго адценні перадаць эмоцыі, рознакаляровасць быцця, якое і натхняе, і падказвае новыя сюжэты. Іх — безліч. Важна ўбачыць. Важна адчуць. Важна перадаць на палатне.
Як з сямі нот атрымліваецца музычны твор, так з дапамогай палітры прывычных колераў – непаўторныя пейзажы, нацюрморты.
Сапраўды, яго карціны нібы свецяцца, дораць лірычны настрой. Самай яркай парой мастак лічыць восень, калі звычайныя фарбы набываюць чароўнае гучанне. Любімая кветка – бэз, які зноў і зноў не стамляецца маляваць.
Таленавіты, але вельмі сціплы, мастак не любіць расказваць пра сябе, быць навідавоку. Таму і не часта можна ўбачыць яго работы.
Але менавіта да Дня жанчын у гарадскім Доме культуры, дзе Эдуард Іванавіч працуе мастаком-афарміцелем, адбылася выстава яго карцін. Цудоўны вернісаж! Водгукі былі самыя станоўчыя: “На карцінах кожны бачыць свае родныя і любімыя мясціны”, “Лёгка, выразна, гарманічна і ўзнёсла”…
Сярод яго сяброў заўсёды былі і ёсць людзі творчыя. Адзін з іх – мастак Васілій Грынь, імя якога добра вядома ў творчых колах. Некалькі яго работ экспанаваліся на восьмасакавіцкай выставе побач з карцінамі Эдуарда Бурвеля. Мінчанін, для якога Ляхавіччына стала не проста месцам натхнення. Тут гадоў дваццаць назад купіў хутар у Залужжы, абжыўся. Зараз жыве ў Ліпску і развівае ў дзяцей не толькі з гэтай вёскі творчыя здольнасці, удзельнічае ў пленэрах і выставах. Яго выхаванцы станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, штогод прымаюць удзел у міжнародным конкурсе “На сваёй зямлі” і адзначаюцца ўзнагародамі рознай вартасці. Яго творчасць уразіць шматграннасцю і філасофскім зместам, прымушае разважаць і асэнсоўваць. І ў Бурвеля, і ў Грыня свой мастацкі почырк і агульная апантанасць творчасцю.
Дарэчы, сын Эдуарда Іванавіча Дзмітрый – таксама асоба адораная здольнасцю ствараць прыгажосць. Ён вядомы не толькі ў нашым раёне мастак-педагог. Калі працаваў у Ляхавіцкай школе мастацтваў, яго вучні не раз станавіліся пераможцамі конкурсаў рознага ўзроўню. А яшчэ Дзмітрый – “ас” ганчарнага рамяства, якое ў яго – на мяжы мастацтва, а можа – і само мастацтва.
Таленавітыя сябры, родныя, планы і жаданні не даюць спыніцца Эдуарду Іванавічу.
– Я заўсёды бачу свае памылкі і імкнуся іх паправіць… Мару стварыць серыю карцін з краявідамі Рэпіхава, Мядзведзіч, Флер’янова, Дарава… У Ляхавіцкім раёне столькі цудоўных мясцін, якія хочацца маляваць і падкрэсліваць іх непаўторнасць, – дзеліцца планамі мастак.
Няхай яны спраўдзяцца: Эдуард Бурвель – асоба не толькі творчая, але і мэтанакіраваная.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Васілій Грынь і Эдуард Бурвель – мастакі-сябры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *