З назвай бярозавай. Кропка на карце: Бярэзкі Ляхавіцкага раёна

Неба паступова змяняе афарбоўку, быццам мастак на палітры спрабуе колеры: з цёмнага пераходзіць у светлы, чырвоны, праяўляецца блакіт. У Бярэзках – вёсцы Востраўскага сельсавета – світальны малюнак разбаўляюць гукі машын і дарожная мітусня. Цёзка гонару і сімвалу славян – бярозы, яна прапісалася на шашы Р-43 у брэсцкім напрамку. Быццам спынілася адпачыць ля лесу і затрымалася тут назаўсёды.

Тутэйшыя

Адзін са старажылаў – 86-гадовы Аркадзій Юрчык. На вуліцы падмарожвае, а ў доме цёпла і ўтульна.
Гаспадар на ложку перабірае таблеткі і скардзіцца на хваробы. Але трымаецца, яшчэ і жонку Марыю падбадзёрвае, з якой у шлюбе 63 гады. У Бярэзках нарадзіліся, выраслі, ажаніліся і дзяцей выгадавалі.
Раніца пажылых вяскоўцаў пачынаецца са звычайных клопатаў: прынесці вады з калодзежа, распаліць печ. Дровы акуратнай горкай складзены ў летняй кухні – пастараліся родныя. Марыя Аляксандраўна падносіць паленцы, выбірае смаленчыкі, а Аркадзій Іванавіч умошчвае ўсё ў топку.
– Не давярае мне распальваць печ, кажа, няправільна пакладзеш, –
гаворыць Марыя Юрчык і працягвае: – Калі агонь добра разгарыцца, тады і чыгунок можна ставіць з супам ці кашай. Народная мульціварка.
У марозны дзень пасля абеду надыходзіць час паліць печ-слупок. Каб у хаце было цёпла, расходуюць за зіму дзве машыны дроў. Купіць іх  не праблема, а пасекчы, скласці дапамагаюць дочкі і ўнукі.
Зімой без садова-агародных спраў дзень цягнецца доўга. Чакаюць аўталаўку, якая два разы на тыдзень прыязджае пад самыя вокны. Маюць уласную лазню, яе Аркадзій Іванавіч некалі будаваў сам, у памочніках шчыравала і жонка. Любімы занятак – чытаць газеты і слухаць радыё.
– Дзед яго ад вуха не адносіць. Цікавіцца палітыкай, надвор’ем, –
расказвае Марыя Аляксандраўна.
Не пакідаюць без увагі жыхароў Бярэзак сельвыканкам, медыкі. Гавораць, што загадчыца Востраўскага ФАПа Таццяна Аніскевіч спяшаецца да іх па першым выкліку.
– У тэрмін паштальён прыносіць пенсію, дапамагаюць родныя. На дзень тэлефануюць па некалькі разоў. Усё маем, акрамя здароўя, – уздыхаюць Юрчыкі.

Наша бабуля Алена

Суседка Марыі і Аркадзія Юрчыкаў Алена Юрчык (некалі ў вёсцы гэта прозвішча было ці не самым распаўсюджаным) старэйшая за іх –  дзевяноста гадоў мінула, ходзіць, абапіраецца на кіёк. Добра, што побач унук з жонкай жывуць. Яны і печ напаляць, і есці прынясуць, пажадаюць добрай раніцы.
– Наша бабуля не можа без справы. Стараецца што-небудзь зрабіць у доме і каля яго. Заўсёды рада гасцям, – расказвае жонка ўнука Наталля Плаўская.
Наталля з мужам Дзмітрыем у Бярэзках жывуць у доме яго бацькоў. Трымаюць птушыную гаспадарку.
– Мясціны ў нас прыгожыя, ягадна-грыбныя. Калі не ленавацца, можна запас зрабіць на ўсю зіму. «У госці» пад агарод казулі, козы, лосі заходзяць. Непадалёк цячэ Мышанка, – расказвае Наталля Міхайлаўна.
Пакуль яна завіхаецца па гаспадарцы, Дзмітрый працуе ў індывіду-альнага прадпрымальніка. У Бярэзках ім не сумна – за справамі дзень не ідзе – імчыць.

Правіла  аднаго цвіка

Назваць Мікалая Майдановіча пенсіянерам не павернецца язык. Падцягнуты, энергічны і бадзёры – сапраўдны палкоўнік, авіяцыйны інжынер. Ён мог бы, мяркую, праводзіць майстар-класы па пазітыўным успрыманні жыцця і пошуку свайго я. Расказвае пра вынаходніцтвы, праекты і планы. Напачатку 90-ых кадравы ваенны выйшаў у адстаўку і змяніў сталічную прапіску на Бярэзкі. На месцы пусткі пабудаваў дом і заняўся распрацоўкай-зборкай такарных, свідравальных, шліфавальных і іншых станкоў – розных па прызна-чэнні і тэхналогіі. На бацькавых станках сын Ігар стварае эксклюзіўную мэблю. Мікалай Іванавіч паказвае сваю майстэрню: вось прыстасаванне для таго, каб секчы дровы, а вось гэта труба стане печкай…
Заняты будаўніцтвам цяпліцы з дажджавым палівам і градкамі з абагрэвам. Творчы, жыццелюбівы, добразычлівы, уласным прыкладам пацвярджае, што і на пенсіі жыццё не ў шэрых танах. Уразіла яго жыццёвая філасофія – правіла аднаго цвіка. Калі за дзень забіў у сцену хоць адзін цвік (зрабіў карысную справу) – час не змарнаваў. А за год такіх цвічкоў збярэцца нямала –  365…
На сваю малую радзіму ў бацькоў-скі дом гады тры назад у статусе дачнікаў вярнулася з Гомельскай вобласці і Раіса Казлова з мужам Алегам. Іх дом пад першым нумарам пачынае вёску і стаіць на вуліцы Брэсцкай. У двары калодзежны журавель. Яшчэ бацькі Раісы ваду ім чэрпалі. І вада, падкрэслівае, Раіса Анатольеўна, чыстая і смачная.

Гісторыя  далёкая і блізкая

– Марыінскія, Гірэйча, Пазняк, Павэлак, Марак, Каласоўскі, Магдалена, Міхась, Юлік, Серафіна, Васіль, Стэфан, Заеўская, – Марыя Юрчык пералічвае вясковыя мянушкі і прозвішчы колішніх сяброў-суседзяў. Бярэзкі ніколі не маглі пахваліцца вялікай колькасцю двароў. Не больш за 14 было, але ў кожнай хаце душ па пяць-шэсць.
Прозвішчы жыхароў вёскі Георгія Арцёма, Аляксандра Гірэя, Васіля і Рыгора Марозаў з калгаса «Шлях да камунізму» ўвайшлі ў кнігу «Памяць. Ляхавіцкі раён» – землякі, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
…Сонца закацілася за лес, адправілася на начоўку, каб заўтра зноў пачаць новы дзень – не адзінокі, а напоўнены падзеямі і спадзяваннямі на хуткую вясну, на працяг.

Марыя і Аркадзій Юрчыкі
Наталля Плаўская
Алена Юрчык
Раіса Казлова
У майстэрні Мікалая Майдановіча.
У руках Ігара Майдановіча дрэва ажывае.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.