Інфармацыі многа не бывае. Гэта пацвердзіла XXIII Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «СМІ ў Беларусі»

Аўтограф-сесіі, майстар-класы, дыскусіі, трэнінгі, віктарыны, розыгрышы і г.д. – такім шматколерным інфармацыйным калейдаскопам у сталіцы напачатку мая некалькі дзён гасцінна запрашала XXIII Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «СМІ ў Беларусі». На пляцоўцы БелЭкспа штогод ярка і ўрачыста раскрываецца сэнс выказвання «інфармацыі многа не бывае».

Сярод 400 сродкаў масавай інфармацыі на выстаўцы – 178 рэгіянальных выданняў. І не толькі з беларускай прапіскай. Упершыню ў журналісцкім форуме прыняла ўдзел дэлегацыя Новасібірскай вобласці, якая прэзентавала раённыя газеты, выдавецкі дом «Савецкая Сібір», сайт і абласное тэлебачанне. Мінск, па словах сібіракоў, сустрэў іх вельмі цёпла, прыгожа і сардэчна, вельмі натхніліся госці маштабнасцю выстаўкі. Да новасібірскага павільёна падыходзілі не толькі калегі-журналісты, наведвальнікі выстаўкі, але і расіяне, якія даўно жывуць у Беларусі. З прафесійным і асабістым інтарэсам пагутарыла з намеснікам старшыні савета рэгіянальных СМІ Новасібірскай вобласці Наталляй Анкудзінавай і я. Здаецца, якія стасункі могуць быць у «ЛВ» з сібіракамі?! Ёсць, і не толькі ў газеты. У брацкай магіле на плошчы Перамогі ў Ляхавічах пахаваны сібірак – салдат Васілій Рудзь, ураджэнец Новасібірскай вобласці. Раёнка пісала пра пошук яго магілы нераўнадушным жыхаром вёскі Кавалі Дзмітрыем Несцяровічам у матэрыяле «Сказ пра сібірскага Васілька».
Галоўныя тэмы выстаўкі – 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захоп-нікаў, II Еўрапейскія гульні, сучасныя інтэрнэт-тэхналогіі, адраджэнне малой радзімы. Стэнд «СМІ Брэстчыны» цудоўна ўвасобіў усе.
– Мы пастараліся спалучыць гісторыю і сучаснасць з тысячагадовым юбілеем Брэста, – расказала начальнік аддзела па рабоце са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Юлія Цікунова. Касцюміраванае шоу з удзелам «сям’і Радзівілаў», прэзентацыя копіі радзівілаўскай Бібліі збіралі ля павільёна шматлікіх гасцей. Асаблівую цікавасць у дарослых і дзяцей выклікаў друкарскі станок, і кожны жадаючы атрымліваў каштоўны сувенір – адбітак старонкі свяшчэннай кнігі. Здавалася, што час змясціўся на некалькі стагоддзяў назад – так гэта было прыгожа, сапраўдна і маляўніча. Рэдакцыі газет прэзентавалі свае лепшыя праекты, знаёмілі з прыцягальнасцю роднага краю.
Абласны савет развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва прыцягнуў увагу 3D падарожжам па Брэсцкай крэпасці. Яго старшыня Дзмітрый Пяскоў расказаў, што на выстаўцы яны ўпершыню паказалі сумесныя напрацоўкі савета і інтэрнэт-клуба «Хаос» – электронны ролік з відэахронікай, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі. Таксама было прадэманстравана ўнікальнае выданне 1966 года з арыгіналамі подпісаў абаронцаў Брэсцкай крэпасці, спецыяльна перададзенае на форум маладзёжным патрыятычным цэнтрам Брэсцкай вобласці.
Што адрознівала сёлетнюю выстаўку ад папярэдніх? Яе практыкаарыентаванасць. Тут сустракаліся прафесійныя супольнасці, абмяркоўваліся надзённыя пытанні, вучыліся і вучылі. Інфармацыйны багаж упакаваны і абавязкова будзе выкарыстаны па прызначэнні.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Ліцера» сёлета была юбілейнай –пятнаццатай па ліку. Урачыста, вельмі хвалююча і прыгожа прайшла гэта падзея на пляцоўцы «Дыпсэрвіс Хол», дзе ўзнагароды ўручаны ў 23 намінацыях: ад сацыяльна-эканамічнай да спартыўнай. На ўдзел у конкурсе пададзена больш за 330 заявак, запаветныя статуэткі і дыпломы атрымалі самыя дастойныя. Сярод раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ ганаровыя адзнакі атрымаў «Ляхавіцкі веснік»: раёнка стала лаўрэатам ХV Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Ліцера» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі», а галоўны рэдактар «ЛВ» Вольга Барадзіна ўдастоена звання лаўрэата ў намінацыі «Лепшы рэпарцёр раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ».
Прыемна, што на сцэне гучалі і нашы землякі: пераможцай у адной з намінацый стала абласная «Заря». Гран-пры – у «Навін Камянеччыны». Баранавіцкая газета «Наш край», «Полесская правда» (Пінскі раён), сабкар «СБ» па Брэсцкай вобласці Павел Лосіч удастоены дыпломаў лаўрэатаў.
…У павільёне БелЭкспа становіцца цішэй і не так мітусліва. Вядучы на галоўнай сцэне выстаўкі «СМІ ў Беларусі» абвяшчае пра закрыццё форума, гучаць фанфары. За актыўнасць уручаны дыпломы ўдзельнікаў, сярод іх і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама. А журналісты зноў у пошуку тэм, сюжэтаў, цікавых людзей, каб кожны новы нумар быў цікавым для чытачоў і каб праз год на чарговым майскім фэсце прэзентаваць творчыя знаходкі, радавацца сустрэчы з калегамі і быць у цэнтры інфармацыйнага патоку.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ