Ляхавіцкая гасцініца ніколі не пустуе

Пераступіўшы парог часовага месца пражывання, прыезджы чалавек адразу трапляе ў атмасферу ветлівасці, парадку і камфорту. Такія ўмовы створаны ў ляхавіцкай гасцініцы літаральна за апошнія 5 гадоў. У сакавіку мінулага года ёй прысвоена ІІ катэгорыя – знак якасці на прыступку вышэй, чым дагэтуль. Вонкавы і ўнутраны дызайн сучасны, сведчыць пра стыль і густ гаспадароў, якія імкнуцца дагадзіць сваім гасцям.
Дом далёка ад дому” – пад такім дэвізам мы арганізавалі работу гасцініцы. – Таму імкнёмся, каб нашы госці, якія спыніліся тут на суткі ці месяц, пастаянна адчувалі камфорт і клопат, каб не ўзнікала ніякіх нязручнасцей і ў людзей засталіся толькі прыемныя ўражанні ад іх часовага месца пражывання ў ляхавіцкай гасцініцы — расказвае яе адміністратар Жанна Мядзвецкая.
33 месцы ў 16 нумарах амаль заўсёды запоўнены. Як высветлілася, наша гасцініца даволі папулярная. Нядаўна, напрыклад, замежная дэлегацыя, якая знаходзілася з візітам у Ганцавіцкім раёне, месцам пражывання выбрала двухпавярховы будынак у Ляхавічах па адрасе: вуліца 17 Верасня, 13. Гэта яна, мясцовая гасцініца. Увогуле ў 2009 годзе тут спыніліся больш як 80 грамадзян Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Малдовы, Узбекістана, Харватыі, Арменіі, Балгарыі, Швецыі, Італіі, Польшчы. Ніхто з іх не пакінуў ніводнай заўвагі: у свой адрас супрацоўнікі гасцініцы чулі толькі словы ўдзячнасці за створаныя камфортныя ўмовы і добразычлівую ўвагу да кліентаў.
“Дарагія нашы гаспадынькі (менавіта так хочацца вас называць), дзякуй за ўвагу, клопат і падтрымку. Нам было ў вас утульна і цёпла, зусім, як дома”, – такі запіс у кнізе водгукаў і прапаноў пакінула дырэктар здымачнай групы студыі “Беларусьфільм” Ірына Філіпава. І гэта не адзіная падзяка. Заўсёды добрым настроем і ветлівай усмешкай сустракаюць гасцей адміністратар Жанна Мядзвецкая, касіры па разліках Зінаіда Яраш, Іна Гачко, Надзея Ясінская і Наталля Алфёрава. Гэтыя мілыя жанчыны – сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Менавіта ад іх уважлівасці, кампетэнтнасці, клапатлівасці залежыць першае ўспрыманне гасцініцы. Яны – яе твар, прычым прыгожы і прывабны.
Сапраўдным квітнеючым аазісам сустракае наведвальнікаў хол на першым паверсе. Аўтар арыгінальных кветкавых кампазіцый – Жанна Мядзвецкая. Другі паверх аформлены ў класічным стылі – строгім ламбрыкенам на вокнах пасуе мэблевы гарнітур, падлога з новых матэрыялаў. І нідзе ні пылінкі, ні парушынкі.
Асобная размова пра нумары. Летась зроблены касметычны рамонт і з’явіўся яшчэ адзін — узорнага парадку і першага разраду (такіх усяго цяпер чатыры): шырокі двухспальны ложак, дывановае пакрыццё на падлозе, прыгожыя шторы і цюль. Кошт за суткі на аднаго чалавека – 95970 рублёў. Такія нумары заўсёды забраніраваны загадзя. Менавіта яны карыстаюцца асаблівай папулярнасцю і ў маладажонаў. Дарэчы, для іх у гасцініцы 10-працэнтныя скідкі на працягу месяца з моманту рэгістрацыі шлюбу. А персанал стварыць для маладых мужа і жонкі рамантычную атмасферу: упрыгожваюць пакой шарамі, кветкамі, уручаюць віншавальную паштоўку.
Дзейнічаюць і 20-працэнтныя скідкі пры браніраванні нумара на выхадныя дні з 12 гадзін пятніцы да 12 гадзін нядзелі.
Ніколі не пустуюць і два нумары вышэйшага разраду, яны ў гасцініцы пад лічбамі 7 і 8. Парадак тут заўсёды ідэальны. Інакш чым выдатна не могуць і не маюць права працаваць (статус абавязвае) пакаёўкі Вера Канько і Марыя Данілевіч. Яны ўсё робяць настолькі акуратна і з душой, што пастаяльцы нарадавацца не могуць, толькі і дзякуюць працавітым жанчынам.
Аб запатрабаванасці гасцініцы гаворыць і той факт, што з пачатку 2010 года ў журнале рэгістрацый зроблена 100 запісаў аб засяленні. Летась даходы па гасцініцы склалі 242 мільёны рублёў (з якіх 221 мільён атрыманы непасрэдна за пражыванне, а 20,5 мільёна – за аказанне бытавых паслуг). Прыбытак складае 16,8 мільёна рублёў. Яшчэ некалькі гадоў таму гасцінічнае падраздзяленне КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” было стратным, а прадпрыемствы і арганізацыі горада і раёна ў пераважнай большасці выбіралі для сваіх правяраючых і гасцей баранавіцкія гасцініцы. Дзякуючы прадбачлівасці кіраўніцтва камунгаса і добрасумленнай працы супрацоўнікаў гасцініцы, сітуацыя змянілася. Людзям патрэбны камфорт – яны яго атрымалі. Без капітальнага рамонту не абышлося, затое ўсе нумары абсталяваны санвузламі, некаторыя перапланаваны, поўнасцю на сучасную і камфортную заменена мэбля, бялізна, посуд, свяцільні. За апошнія 2 гады набыты тэлевізары, халадзільнікі, амаль ва ўсіх нумарах і на калідорах – новыя шторы. На гэта зрасходавана 27 мільёнаў рублёў.
– Цяпер у кожным нумары ёсць электрачайнік і набор посуду, у адпаведнасці ад разраду нумара. За дадатковую плату можна карыстацца прасам, іншай бытавой тэхнікай. У нумарах вышэйшага разраду – інтэрактыўнае тэлебачанне. Арганізавана дастаўка газет і часопісаў, да паслуг наведвальнікаў – бесправадны доступ у інтэрнет. У кожным пакоі – мыла і шампунь з лагатыпам ляхавіцкай гасцініцы, – з гонарам расказвае пра сервіс Жанна Мядзвецкая.
У бліжэйшай перспектыве – адкрыццё ўласнага бізнес-цэнтра, што, безумоўна, створыць дадатковыя зручнасці для наведвальнікаў. Магчыма ўжо сёлета новымі фарбамі зайграе і добраўпарадкаваная стаянка для аўтамабіляў ва ўнутраным дворыку гасцініцы. Там павінны з’явіцца альтанка, альпійскія горкі і газоны. Няма ніякіх сумненняў, што ў дружнага, ініцыятыўнага, прафесійнага калектыву ўсё задуманае атрымаецца. А запісаў накшталт: “Выказваю падзяку за добразычлівасць усім, хто тут працуе. За парадак і чысціню – пакаёўкам, за кампетэнтнасць – адміністратару, за павагу і прыстойнасць – касірам па разліку”, – будзе яшчэ больш.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *