Гэта наша з табой біяграфія


Герой Сацыялістычнай працы Генрых Траццяк і сакратар РК КПБ Андрэй Куркач – ганаровыя госці свята ў Брэсце.

Цёплыя прывітанні і поціскі, успаміны пра былое і шчырая зацікаўленасць сённяшнім – усё гэта было ў мінулую пятніцу ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы. Сюды на святкаванне 100-годдзя БССР з’ехаліся дэлегацыі з ўсіх раёнаў Брэстчыны.

Сярод шматлікіх гасцей прадстаўніча выглядала і ляхавіцкая дэлегацыя на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Леанідам Калбаса. У складзе дэлегацыі былі таксама Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк, былы старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, сакратар РК КПБ Андрэй Куркач, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Мікалай Юруць і іншыя вядомыя землякі.
Менавіта ў перыяд БССР быў закладзены трывалы грамадска-палітычны, эканамічны і культурны фундамент будаўніцтва суверэннай Беларусі. Яркую старонку ў гісторыю БССР упісала і Брэстчына, адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч. Шчырыя словы ўдзячнасці ён выказаў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія цаной свайго жыцця здабывалі мір і свабоду, усім, хто развіваў эканоміку, будаваў заводы і жыллё, стаяў ля станка, вырошчваў хлеб, клапаціўся пра здароўе і вучыў дзяцей, уносіў уклад у культурнае развіццё і дасягаў спартыўных вышынь, усім, хто робіць гэта сёння ў гонар роднай Беларусі і Брэстчыны.
Прыемна было пачуць у выступленні старшыні аблсавета дэпутатаў, калі той прыгадваў, дасягненні сельскай гаспадаркі ў 80-я гады, і ляхавіцкі адрас – калгас «Кастрычнік» (зараз далучаны да «Шляху новага») названы сярод шасці тагачасных ардэнаносных гаспадарак Брэстчыны.
Канцэрт, які падарылі ўдзельнікам святкавання самадзейныя артысты вобласці, стаў упрыгажэннем урачыстасці. Гледачы адправіліся ў яркае музычнае падарожжа па гісторыі краіны і песнях, якія ў розныя гады натхнялі і вялі наперад. Зала падхоплівала знаёмыя словы і дружна апладзіравала выканаўцам.
Шчыры інтарэс выклікала выстава «БССР: гісторыя даўжынёй у стагоддзе», арганізаваная супрацоўнікамі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.
Для многіх нашых землякоў юбілейная дата – падзея не радавая. У эпоху БССР наш зямляк Генрых Траццяк стаў Героем Сацыялістычнай Працы, кавалерам двух ордэнаў Леніна, абараніў кандыдацкую дысертацыю.
– Для прадстаўнікоў нашага пакалення БССР – гэта ўсё жыццё, наша краіна, у імя якой мы ішлі на працоўны подзвіг, – дзеліцца Генрых Траццяк.
Ляхавічанін Андрэй Куркач з тых, хто не можа крочыць па жыцці раўнадушным пешаходам. На пенсіі старанна аднаўляе спартыўныя старонкі Ляхавіччыны, з’яўляецца актыўным членам КПБ.
– Многае з таго, чым сёння ганарымся, нарадзілася і ўмацавалася менавіта ў той цікавы, насычаны адкрыццямі, дасягненнямі, выпрабаваннямі час, – адзначае Андрэй Барысавіч.
Мне таксама пашчасціла нарадзіцца ў БССР. Прайсці ўсе прыступкі, якія праходзілі савецкія школьнікі – ад акцябрацкай зорачкі да камсамольскага білета, з захапленнем чытаць пра Паўку Карчагіна і «Маладую гвардыю», старацца адпавядаць старэйшаму пакаленню і фантазіраваць, што будзе ў XXI стагоддзі…
І вось мы адзначаем юбілей.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ