Тры дні—і замужам

Літаральна некалькі тыдняў таму  ў аддзел загса райвыканкама звярнулася маладая пара з просьбай прыняць заяву на заключэнне шлюбу. Здавалася б, звычайная справа: людзі сустракаюцца, улюбляюцца, жэняцца.  Аднак, у гэтым на першы погляд звычайным факце было адно «але»: жаніх і нявеста — жыхары горада Баранавічы і па месцы пражывання зарэгістраваны менавіта там. А згодна Кодэкса аб шлюбе і сям’і рэгістрацыя маладажонаў праводзіцца па месцы жыхарства  будучых мужа ці жонкі.  Тым не менш, начальнік аддзела загса Людміла Палтарак маладых абнадзеіла прапановай: «Прыходзьце пасля 24 ліпеня, і тады абавязкова прымем вашу заяву».  Менавіта з  24 ліпеня ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 7 студзеня 2012 г. № 342-3 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і», у адпаведнасці з якім у Кодэкс унесены шэраг істотных змяненняў, у тым ліку і па пытаннях, якія датычацца паўнамоцтваў загса. Пра гэта — у  сённяшняй размове з начальнікам аддзела загса Людмілай Палтарак.

— Людміла Іванаўна,  усё ж, чым вы абнадзеілі маладажонаў з суседніх Баранавіч?

— Толькі прыемнымі навінамі. Ведаеце,  некаторыя баранавічане ўжо даўно аблюбавалі Ляхавіцкі загс. Па іх словах, прываблівае ўтульнасць, унутранае аздабленне і наш сцэнарый рэгістрацыі шлюбу.  З 24 ліпеня жыхары іншых гарадоў могуць быць у нашым загсе не толькі ў якасці гасцей, але і жаніха і нявесты. Калі  раней рэгістрацыя шлюбу праводзілася органам загса толькі па месцы жыхарства жаніха, нявесты ці іх бацькоў, то цяпер  гэта магчыма ў любым выбраным загсе ў адпаведнасці з жаданнем маладажонаў. Дарэчы, важная і ўрачыстая цырымонія можа праводзіцца не толькі ў памяшканні загса, але і за яго межамі — дзе пажадаюць  тыя, хто ўступае ў шлюб.  Напрыклад, у гарадскім парку ці на беразе ракі, у памятным гістарычным месцы ці ў холе рэстарана, але выключна ў парадку і на ўмовах, прадугледжаных заканадаўствам краіны. Варта нагадаць, што за такую паслугу прадугледжана дадатковая аплата.

— Як вядома, раней, каб афіцыйна стаць мужам і жонкай, неабходна было чакаць  мінімум паўмесяца, а максімум 3 месяцы з дня падачы заявы ў загс. Што змянілася з прыняццем паправак у Кодэкс?

— Цяпер закаханым давядзецца пры іх жаданні чакаць усяго  3 дні з моманту падачы заявы ў рэгіструючыя органы.  Апошні  тэрмін — не пазней за 3 месяцы з моманту звароту. У выключных выпадках, напрыклад, калі нявеста  цяжарная ці ў жаніха і нявесты ёсць агульнае дзіця, плануецца тэрміновая камандзіроўка будучых мужа ці жонкі, або маюць месца іншыя абставіны, рэгістрацыя магчыма і непасрэдна ў дзень падачы заявы.

— Людміла Іванаўна, калі прадаўжаць  прыемную тэму шлюбу, ці ёсць нейкія змены ў парадку рэгістрацыі шлюбу паміж замежнымі грамадзянамі?

— Так, змяненні ў Кодэксе датычацца і гэтага. Да 24 ліпеня  грамадзяне  замежных краін маглі зарэгістраваць афіцыйна свае  адносіны ў статусе мужа і жонкі толькі ў дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах. Цяпер замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, хаця б адзін з якіх мае дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусі, могуць афіцыйна зарэгістраваць шлюб у органах, рэгіструючых акты грамадзянскага стану згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, падаўшы ўсе прадугледжаныя заканадаўствам дакументы.

— З рэгістрацыяй шлюбаў разабраліся. Ці змянілася, што-небудзь у парадку скасавання шлюбаў?

— Калі муж і жонка вырашылі, што разам жыць немагчыма, няма неабходнасці звяртацца ў суд, іх могуць развесці непасрэдна ў загсе (змяненні і дапаўненні даюць загсу такія паўнамоцтвы).  Але пры ўмовах, што на скасаванне шлюбу згодны абодва бакі, у сям’і няма агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчак аб маёмасці.  У такім выпадку скасаванне шлюбу адбываецца пасля  месяца з дня падачы сумеснай заявы. Важная акалічнасць: скасаваць шлюб у аддзеле загса можна толькі з 1 студзеня 2013 года, менавіта з гэтай даты ўступаюць у сілу нормы закона па даным пытанні.

— Якія  яшчэ змяненні і дапаўненні ў Кодэксе аб шлюбе і сям’і датычацца непасрэдна загса?

— Унесены змяненні  і ў артыкулы, звязаныя з рэгістрацыяй смерці. Цяпер яна праводзіцца органамі, рэгіструючымі акты грамадзянскага стану па апошнім месцы жыхарства памершага, па яго месцы пахавання і там, дзе знаходзіцца арганізацыя, якая выдала   медыцынскае  пасведчанне аб смерці.

— Людміла Іванаўна, у якіх выпадках адддзел загса можа адмовіць у рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану?

— Згодна артыкула 203 Кодэкса, мы можам адмовіць у рэгістрацыі, калі яна супярэчыць патрабаванням Кодэкса аб шлюбе і сям’і, ці ў выпадку, калі прадастаўлены дакументы або звесткі, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і  падробленыя,  падложныя дакументы. Хачу дадаць, што па ўсіх узнікшых пытаннях можна звярнуцца непасрэдна ў аддзел загса райвыканкама.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *