Ізноў пра бяспеку

Калі вадзіцель садзіцца за руль у нецвярозым стане або на аўто, якое не прайшло тэхагляд, наўрад ці задумваецца, што можа здарыцца непапраўнае: пад пагрозай яго жыццё, у небяспецы і іншыя ўдзельнікі дарожнага руху. На жаль, за апошні час колькасць ДТЗ, асабліва з удзелам веласіпедыстаў і пешаходаў, на Ляхавіччыне павялічылася.
Менавіта сумная дарожная статыстыка стала нагодай для абмеркавання на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Тэма тычылася сітуацыі з дарожна-транспартнымі здарэннямі і гібелі ў іх людзей, прычын і ўмоў, якія гэтаму спрыяюць.
За мінулы год на тэрыторыі раёна зарэгістравана 13 ДТЗ, у якіх загінулі 6 чалавек. Гэта ўтрая больш у параўнанні з 2017 годам. Прычыны аварый: парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходамі і веласіпедыстамі, вадзіцелямі пры праездзе скрыжаванняў, парушэнне скораснага рэжыму, выезд на паласу сустрэчнага руху, кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення.
Пракурор раёна Сяргей Дзяжко адзначыў, што, безумоўна, кожны ўдзельнік дарожна-транспартнага руху ў адказе за свае паводзіны, аднак АДАІ і камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры райвыканкаме варта больш увагі ў сваёй рабоце надаваць прафілактычнаму аспекту. Фармалізму такія пытанні не церпяць. У кожнай аварыі свае прычыны і ўмовы, а значыць першачарговая задача – вывучыць кожны канкрэтны выпадак і зрабіць, каб такога больш не паўтарылася.
Калі механізатар выязджае на працу на няспраўнай тэхніцы, гэта, у першую чаргу, прэтэнзія да кіраўніка, які не здолеў забяспечыць выкананне патрабаванняў ПДР да перамяшчэння сельскагаспадарчай тэхнікі па дарогах агульнага карыстання. Перш чым даверыць работніку трактар ці машыну, варта праверыць і наяўнасць вадзіцельскага пасведчання.
І, напэўна, самае страшнае, калі транспартам кіруе алкаголь. Як адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі, у вырашэнні гэтага пытання вялікая роля належыць кіраўніцтву прадпрыемстваў і арганізацый. Калі працоўная дысцыпліна не на словах, а на справе, такіх «нецвярозых» выпадкаў не здараецца.
Пра бяспеку сваіх падначаленых клапоціцца кожны кіраўнік. Што датычыць складнікаў дарожнай бяспекі, то гэта і спецадзенне са святлоадбівальнымі элементамі, і выкананне працоўнай дысцыпліны, рэгулярныя прафілактычныя мерапрыемствы і многае іншае. Да патэнцыяльных парушальнікаў павінна быць асаблівая ўвага і з боку ўчастковых інспектараў.
На кантроль пастаўлена пытанне па арганізацыі правядзення дзяржаўнага тэхнічнага агляду трактарнай тэхнікі, што знаходзіцца ў прыватнай уласнасці.
Начальнік АДАІ Андрэй Гаўрыльчык падкрэсліў, што большасць ДТЗ зарэгістравана на дарогах рэспубліканскага значэння. На трасе Р-4 (Баранавічы-Ляхавічы) за мінулы год здарылася тры аварыі, у якіх загінуў адзін чалавек, чацвёра – траўмаваны.
Сярод значных мінусаў – некамплект асабовага складу падраздзялення АДАІ. Але, як запэўніў начальнік РАУС Андрэй Студзянічнік, гэты недахоп хутка выправіцца.
Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ляшчэня больш падрабязна расказаў пра дзейнасць камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху, створанай пры райвыканкаме.
Па прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму робіцца нямала: гэта разнапланавыя акцыі, мерапрыемствы з удзелам супрацоўнікаў АДАІ, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, школьнікамі і каляджанамі, правядзенне адзіных дзён інфармавання, заўсёдная сувязь з ляхавічанамі праз публікацыі ў «ЛВ». Аднак гэтага мала. Кожны павінен усвядоміць: з асабістай бяспекі пачынаецца парадак на дарозе.
Бяспеку і ўважлівыя адносіны да яе трэба выхоўваць з дзяцінства. Няхай стане звычкай у бацькоў і дзяцей правяраць перад выхадам на вуліцу наяўнасць флікера. Маленькая дэталь не сапсуе знешні выгляд, затое зробіць заўважным на дарозе.
Маргарыта КУХТА.