Малочнае пашырэнне

Чарговы будаўнічы сезон у ААТ «Жарабковічы» пачаўся ў снежні мінулага года. Месца ўзвядзення новага аб’екта –  вёска Зарытава, дзе каля старой МТФ сёння ўзводзіцца новая сучасная малочнатаварная ферма.
– Жывёлагадоўля – адзін з асноўных вытворчых накірункаў нашага сельгас-прадпрыемства. Зразумела, што неабходна рухацца наперад, павялічваць пагалоўе БРЖ, паляпшаць якасць прадукцыі. А для гэтага трэба не толькі сучаснае абсталяванне, але і прасторныя памяшканні. Ідэя новай МТФ даўно абмяркоўвалася. Яна будзе падобнай на комплекс «Чашчы», – гаворыць дырэктар «Жарабковічаў» Антон Булаты.
Тэндар на будаўніцтва выйграла Ляхавіцкая ПМК-13. На ўсё адведзены год. Чакаецца, што ў снежні 2019-га ў будаўніцтве будзе пастаўлена кропка. Па папярэдніх падліках МТФ «пацягне» на пяць мільёнаў рублёў, прыкладна чвэрць выдаткоўвае абласны бюджэт у межах абласной інвестыцыйнай праграмы, астатняе – крэдыты. Акрамя таго, гаспадарчым спосабам (за ўласныя сродкі ААТ) плануецца ўзвядзенне памяшкання для сухастойных кароў.
– Два кароўнікі, даільная зала з сучасным абсталяваннем, навес для пляцоўкі, дзе размесцяцца домікі для цялят, памяшканні для персаналу (пакоі для прыёму ежы, санвузел, душавыя) – такой будзе новая ферма. Дарэчы, яе ўвядзенне ў эксплуатацыю – не толькі важкі плюс для вытворчасці, але і стварэнне новых працоўных месцаў. Тут плануецца ўладкаваць на працу каля 20 чалавек, – расказвае намеснік дырэктара ААТ Леанід Варвашэвіч.
На сённяшні дзень у «Жарабковічах» 9 МТФ (да васьмі тутэйшых напрыканцы мінулага года далучылася і Тальмінавіцкая), на якіх утрымліваецца 2750 кароў. Сутачны надой на адну рагулю складае 15,5 кілаграма. 48 працэнтаў малака прадаецца на перапрацоўку гатункам экстра, астатняе – вышэйшым. Прычым, да таго, як Тальмінавіцкая ферма перайшла ў арэнду «Жарабковічам», на ёй даілі ўсяго па 4 кілаграмы малака ў дзень. Істотнае павелічэнне – вынік больш якаснай кармавой базы, лепшага догляду і, канешне, умоў утрымання.
Што тычыцца новай МТФ, то на ёй плануецца размясціць 720 рагуль. Частка –  свае гадаванцы, частка будзе закуплена. Для аднаўлення статка і павышэння яго прадукцыйнасці ўжо набыты каровы ў СВК «Ляхавіцкі».
Галіна КАНЬКО.