Без грыпу. Але напагатове

Тэмпература зашкальвае, кашаль, насмарк, галава баліць, цела ло-міць – няма сіл цярпець. Грып ці вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя? Кампетэнтна на гэта пытанне адкажа толькі ўрач, візіт да якога нельга адкладваць – запісацца на прыём ці выклікаць на дом. Адно бясспрэчна – ніякага самалячэння па парадах знаёмых, суседзяў, сяброў. І яшчэ – абавязкова пасцельны рэжым, каб не было ўскладненняў, якія яшчэ больш небяспечныя, чым сама хвароба.

Па словах урача-эпідэміёлага райЦГіЭ Васілія Скарахода, сітуацыя з грыпам і ВРВІ ў нашым раёне пад кантролем і пакуль знаходзіцца на даволі нізкім узроўні. Пік захворванняў чакаецца напрыканцы лютага-пачатку сакавіка.
Васілій Скараход падкрэсліў, што пакуль выпадкаў грыпу ў раёне не рэгіструецца, як і ўвогуле за апошнія 10 гадоў.
Урач-інфекцыяніст райбальніцы Віктар Макарчук паведаміў, што ў параўнанні з першым месяцам года за 14 дзён лютага колькасць хворых з дыягназам ВРІ павялічылася (на 20 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд 2018 года). Сярод захварэўшых пераважна дзеці. Ёсць і выпадкі ўскладненняў – пнеўманіі. Прычым, тыя, хто мінулай восенню атрымаў прышчэпку супраць грыпу (такіх на Ляхавіччыне 40 працэнтаў), хварэюць значна менш і ў больш лёгкай форме.
Як адзначыла загадчыца ЦРА   № 56 Лідзія Каласоўская, усе аптэкі раёна забяспечаны неабходнымі лекавымі сродкамі як айчыннай, так і замежнай вытворчасці і ў дастатковай колькасці. Акрамя таго, для зручнасці насельніцтва ў сезон прастуд працуе дзяжурная аптэка – па вуліцы Южакова ў райцэнтры, яе рэжым работы падоўжаны: у будні – з 10 да 20 гадзін, у выхадныя – з 11 да 21 гадзіны.

 Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.