Здароўя вам, доктар

Вясковы хлопец з Гродзеншчыны ў якасці будучай прафесіі выбраў сялянскую справу, якую ведаў з дзяцінства. Але заатэхнікам так і не стаў – у завочнай барацьбе за спецыяліста перамагла медыцына. І, трэба сказаць, атрымала выдатнага паслядоўніка Гіпакрата – хірурга Веналія Бяганскага, які высакароднай справе – лячыць людзей – аддаў 47 гадоў, 37 з якіх працаваў ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіччыны.

Загартоўку і фізічную, і практычную  малады ўрач на працягу дзесяцігоддзя прайшоў у суровых умовах Хабараўскага краю. Даводзілася быць для мясцовага насельніцтва не толькі хірургам, але і тэрапеўтам, оталарынголагам, дзіцячым доктарам – асвоіў усе спецыяльнасці. На некаторыя выклікі па бязмежных прасторах тайгі даводзілася вылятаць на верталёце.
Напэўна, так і застаўся б там, каб падчас водпуску ў роднай Беларусі не пазнаёміўся з дзяўчынай Вольгай, якая стала яго другой палавінкай на ўсё жыццё.
Доўгі час маладая сям’я жыла ў бацькоў Вольгі ў Ліпску, і доктар Бяганскі ездзіў аўтобусам на работу ў Ляхавічы ў раённую бальніцу: паспяваў працаваць на прыёме ў паліклініцы, лячыць пацыентаў у стацыянары, як і іншыя ўрачы, заступаў на начныя дзяжурствы.
– Ведаю Веналія Пракопавіча больш за трыццаць гадоў. Надзвычай адказны чалавек, выдатны спецыяліст і мудры настаўнік для мноства маладых урачоў. Ён – высакакласны траўматолаг, разам з загадчыкам хірургічнага аддзялення Сяргеем Бяляевым рабілі нават складаныя аперацыі, – расказвае пра свайго былога калегу ўрач-эндакрынолаг ЦРБ Вольга Барташэвіч. І згадвае пра выдатнае пачуццё гумару Веналія Пракопавіча і ўменне падтрымаць у любой жыццёвай сітуацыі.
Цяпер у Веналія Бяганскага распарадак звычайнага беларуса на заслужаным адпачынку. Але не было і дня, каб не ўспамінаў пра адказнейшую прафесію, якой прысвяціў большую частку свайго цікавага, багатага на падзеі жыцця. І бязмежна ганарыцца, што медыцынская дынастыя Бяганскіх прадаўжаецца: адна з траіх дзяцей – дачка Алена – таксама ўрач.
А 13 сакавіка  ў кватэру ляхавічан Бяганскіх завітае  свята: гаспадар адзначае 80-гадовы юбілей. Здароўя, шчасця, дабрабыту вам, шаноўны доктар!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.