Студнабор. 11 сакавіка стартавала рэспубліканская акцыя «Выбіраем студатрад!»

Фота з архіва «ЛВ»

Хоць за вокнамі вясна, старшакласнікі і каляджане загадваюць пра студатрады. 11 сакавіка стартавала рэспубліканская акцыя  «Выбіраем студатрад!». А гэта значыць, што хутка ўстановы адукацыі наведаюць бээрэсэмаўцы, каб змястоўна і поўна праінфармаваць хлопчыкаў і дзяўчынак пра магчымасці і варыянты працаўладкавання летам. Пройдуць і дні адчыненых дзвярэй у штабах працоўных спраў пярвічных арганізацый.
У мінулым годзе ў раёне часова ўладкаваліся на працу ўсяго 37 школьнікаў і навучэнцаў каледжа. Шчыравалі ў чатырох атрадах: педагагічным «100 сяброў», сельскагаспадарчых – «Флагман» і «Ударнік» (на базе каледжа), «Яблычак» (на базе ДП «Шлях новы»).
На Ляхавіччыне першымі адрасамі, дзе разгарнецца студатрадаўская агітацыя, стануць Ліпская і Малагарадзішчанская школы. Актывісты раскажуць, што такое студатрады, як і дзе працавалі яны летась, пра матэрыяльнае заахвочванне і шмат іншых дэталяў. Такія сустрэчы дазваляюць бліжэй пазнаёміцца з жадаючымі працаваць, раней сфарміраваць і размеркаваць іх па студатрадах.
Школьнікі запоўняць анкеты, дзе адзначаць, калі ім зручней працаваць, якімі навыкамі валодаюць, чаму аддаюць перавагу і г.д. Хочацца верыць, што жадаючых працаўладкавацца летам у атрады будзе намнога больш, чым летась. Асабліва, калі ўлічыць, што 2019-ы аб’яўлены Годам студэнцкіх атрадаў.

Маргарыта КУХТА.