Вясновая сесія: гадавы залік

Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі ўручыў дыпломы
лепшым старастам Іне Несцяровіч і Мікалаю Піліневічу.
Старшыня Крывошынскага сельскага
Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.

Асаблівы для нашай краіны дзень 15 сакавіка 2019 года, калі адзначалася 25-годдзе прыняцця Канстытуцыі Беларусі, стаў знакавым і для раённай заканадаўчай улады. Роўна год назад пачаў сваю дзейнасць раённы Савет дэпутатаў дваццаць восьмага склікання, а сёлета на гэту дату была прызначана ўжо дзясятая сесія райсавета. Эпіграф яе святочны: падведзены вынікі раённага конкурсу ў дзвюх намінацыях сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Дыпломы і грашовыя прэміі пераможцам уручыў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі. Лепшым сельскім Саветам прызнаны Крывошынскі (старшыня Юрый Чаранкевіч). Сярод старастаў на першым месцы Людміла Сідорская, стараста аграгарадка Русінавічы, вёсак Гаслаўшчына і Жарскія Начаўскага сельсавета, на другім і трэцім адпаведна старасты Гайнінца (Ганчароўскі сельсавет) Іна Несцяровіч і Вялікай Лотвы (Навасёлкаўскі сельсавет) Мікалай Піліневіч.

Эканамічны экзамен

Справаздачу аб дзейнасці райсавета дэпутатаў трымаў яго старшыня Леанід Калбаса. Ён падрабязна спыніўся на выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны за 2018 год. Так, тэмпы росту экспарту тавараў, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове, створаныя за кошт арганізацыі новых прадпрыемстваў і вытворчасцей новыя працоўныя месцы, аб’ём будаўніча-мантажных работ –
у плюсе, стопрацэнтна выканана заданне па ўводзе жылля. Разам з тым, на працягу апошніх трох гадоў (мінулы не выключэнне) адзначаецца зніжэнне вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Для таго, каб выправіць сітуацыю, неабходна працягваць мадэрнізацыю вытворчасці пры дакладным захаванні тэхналогій. Вызначальны і кадравы складнік: на парадку дня павышэнне ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі аграрыяў.
Леанід Калбаса падкрэсліў, што прамысловасць арыентавана галоў-
ным чынам на перапрацоўку мясцовай сыравіны і сельгаспрадукцыі. Адпаведна, яе недабор выклікаў змяншэнне аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі: тэмп росту склаў 96,1 працэнта пры заданні 103 працэнты. Для параўнання: на торфабрыкетным заводзе «Ляхавіцкі» – 114,6 працэнта, на льнозаводзе – 87,8, на малочным – 79,9 працэнта.
Адно з актуальных пытанняў – занятасць насельніцтва. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна падкрэсліў, што дзяржаўная палітыка ў галіне занятасці насельніцтва, дзейсныя меры раённай улады дазволілі забяспечыць станоўчую дынаміку: колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у 2018 годзе на Ляхавіччыне зменшылася ўдвая ў параўнанні з папярэднім годам і склала 0,2 працэнта. На пачатак гэтага года ў раёне зарэгістраваны 34 беспрацоўныя. Зменшылася і колькасць грамадзян, якія працавалі ў рэжыме няпоўнай занятасці. Летась створана пяць новых арганізацый (а гэта новыя працоўныя месцы), за два месяцы бягучага года – ужо дзве.
Леанід Калбаса падрабязна спыніўся на тым, як спрацаваў раён у пытаннях добраўпарадкавання, жыллёва-камунальным, сацыяльным забеспячэнні, ахове правапарадку, адукацыі, ахове здароўя, культуры і інш.

Пра мясцовае самакіраванне

Леанід Калбаса перакананы: работу дэпутатаў у акрузе трэба ацэньваць не па колькасці зваротаў выбаршчыкаў, а па тым, што канкрэтна зроблена. Адна з галоўных задач для народнага абранніка – забеспячэнне зваротнай сувязі, пастаяннае ўмацаванне кантактаў з насельніцтвам. Старшыня райсавета назваў прыклады актыўнай работы дэпутатаў у сваіх выбарчых акругах. Так пры садзейнічанні Аляксея Навіцкага па завулку Першамайскім у райцэнтры адрамантавана вулічнае асвятленне. Сяргей Юшкевіч вырашыў пытанне, якое ўзнікла пры эксплуатацыі пластыкавых вокнаў у доме № 35 па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры (падрадная арганізацыя ўхіліла дапушчаныя недахопы). Аляксандр Мацюшэнка дапамог арганізаваць работу аўтамагазіна птушкафабрыкі «Дружба» на тэрыторыі акругі.
Народныя абраннікі актыўна ўдзельнічаюць у рабоце інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Падчас такіх сустрэч грамадзяне не толькі атрымліваюць інфармацыю пра стан спраў у краіне, вобласці, раёне, але дэпутаты маюць магчымасць вызначыць кола праблем, што найбольш хвалюе землякоў. Уздымаюцца камунальна-бытавыя, жыллёвыя пытанні, тэмы, якія датычацца аховы здароўя, адукацыі.
Леанід Калбаса агучыў задачы дэпутатаў: актывізацыя работы ў выбарчых акругах (асаблівая ўвага на сустрэчы, апытанні, падваровыя абходы); выкарыстанне сацыяльных сетак для зносін з выбаршчыкамі і атрымання інфармацыі; больш эфектыўнае выкарыстанне ў дзейнасці дэпутацкіх запытаў і інш.

Што ў сельсаветах?

Для парадку і чысціні ў нашых населеных пунктах неабходны намаганні ўсіх і кожнага. Вынік дасягаецца там, дзе мэтанакіравана працуюць, каб на тэрыторыі сельсавета людзям жылося камфортна. У мінулым годзе сельсаветы выканалі работы па добраўпарадкаванні на суму 93798 рублёў, на вулічнае асвятленне выкарыстана 119849 рублёў. На дэпутацкім кантролі – скарачэнне колькасці пустуючых дамоў. Летась такіх было 62, з бюджэту на іх разбор выдаткавана 28525 рублёў. Насельніцтвам сабрана 11992 рублі сродкаў у фонды самаабкладання (гэтыя сродкі ў асноўным зрасходаваны на навядзенне парадку на могілках). Крывошынскі сельвыканкам на мэты добраўпарадкавання зрасходаваў, акрамя бюджэтных сродкаў, 200 рублёў спонсарскай дапамогі.
Нямала слоў удзячнасці прагучала ў адрас вясковых старастаў – надзейных і галоўных памочнікаў старшынь сельвыканкамаў.
На сесіі разгледжаны і іншыя пытанні, па ўсіх прыняты адпаведныя рашэнні.

ФАКТ

Летась праведзена восем сесій райсавета, на якіх прынята 48 рашэнняў, 11 з іх прайшлі абавязковую юрыдычную экспертызу. Падчас васьмі пасяджэнняў прэзідыума райсавета разгледжана 50 пытанняў, што датычыліся, у прыватнасці, выканання дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва, рэалізацыі ў раёне дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка», якасці водаправоднай вады і іншага.
Вынікова працавалі ў справаздачным перыядзе і чатыры пастаянныя камісіі. Стварэнне новых працоўных месцаў, арганізацыя грамадскіх работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, захаванне заканадаўства ў галіне аплаты працы, прыняцце дадатковых мер па прафілактыцы п’янства і алкагалізму, стан дарожнай сеткі раёна – толькі частка тэм, узнятых на іх пасяджэннях.

Галіна КАНЬКО.

Фота Маргарыты КУХТА.