Міс у пуантах. У Ляхавічах прайшоў конкурс прыгажосці і таленту

▲Першая прыгажуня Ляхавіччыны  Дар’я Чуправа.

Як вядома, дзень пяшчоты, прыгажосці і, несумненна, жаноцкасці святкуецца ва ўсім свеце 8 сакавіка. А вось у Ляхавічах усім гэтым дадаткова парадавалі яшчэ і ў мінулую суботу. У гарадскім Доме культуры прайшоў эфектны конкурс вясны «Міс Ляхавічы-2019» .
У назначаны час у зале ГДК практычна ўсе месцы былі занятыя. Журы і гледачы з нецярпеннем чакалі з’яўлення канкурсантак. І вось пяцёра юных, прыгожых, жыццярадасных зямлячак выйшлі на сцэну, каб не толькі паказаць свае знешнія даныя, але і здзівіць аўдыторыю талентамі і дасягненнямі. Спачатку конкурсу стала зразумела: усе канкурсанткі вартыя перамогі!

Сярод чатырох іспытаў конкурсу першым традыцыйна стала «Візітоўка», у якой прыгажуні прэзентавалі сябе, расказвалі пра свае хобі, мары і захапленні, адказвалі на пытанні вядучага.
Лаліта Саўчык выступала пад нумарам адзін. Яна вучыцца ў СШ № 1, узначальвае каманду КВЗ «Пламбір», вядзе канцэрты і марыць стаць педагогам.
Пад нумарам два на сцэну выйшла навучэнка ЛДАКа Ірына Данільчык. Дзяўчына вельмі хвалявалася. Шчыра падзялілася, як з дзяцінства марыла дапамагаць жывёле, таму пасля школы і паступіла на ветэрынара.
Канкурсантка пад нумарам тры Алеся Камская – навучэнка Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа, выступае ў складзе народнай эксперыментальнай вакальнай групы «Берагіня» Дараўскага СДК і ансамбля народнай песні «Дзівосы» сваёй навучальнай установы.
Пад чацвёртым нумарам на сцэне з’явілася Дар’я Чуправа. Даша з дзяцінства займаецца танцамі, іграе на гітары, любіць плаванне. Дарэчы, сваю будучыню дзяўчына звязвае менавіта з танцамі.
І Анастасія Бузук – пятая з удзельніц – таксама можа пахваліцца букетам талентаў: малюе, займаецца танцамі і плаваннем, іграе на цымбалах.
Творчы конкурс дазволіў журы і гледачам ацаніць унутраны свет канкурсантак. Лаліта Саўчык прачытала пранізлівы верш пра каханне. Ірына Данільчык і Дар’я Чуправа прадэманстравалі добрае адчуванне музыкі, пластычнасць і танцавальны рытм. Вакальнымі данымі пакарыла Алеся Камская, якая выканала народную песню. Насця Бузук уразіла ігрой на цымбалах.
Наступныя іспыты – чарлідынг і дэфіле ў вясельных сукенках – прайшлі пад гучныя апладысменты і падтрымку зала.
Але конкурс на тое і конкурс, каб з лепшых выбраць самую-самую. Пашчасціла ўсім: Алеся Камская прызнана «Міс артыстызм», Ірына Данільчык – «Міс фота», Анастасія Бузук – «Міс топ-мадэль», Лаліта Саўчык стала ўладальніцай не толькі тытула «Міс талент», але «Міс глядацкіх сімпатый». А самай таленавітай і прыгожай журы прызнала Дар’ю Чуправу, якая і атрымала тытул «Міс Ляхавічы-2019».
Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ