Галоўнае для Галаўнінцаў

Палявую прапіску мае галоўны клопат хлебаробаў ЗАТ «Белпрампрыбор». Задача дня – адсеяцца: своечасова, па-поўніцы, узорна з пункту гледжання якасці выканання работ. Вось і даводзіцца, месцамі, забывацца на перапрацоўкі, ахвяраваць, напрыклад, абедзеннай гадзінай, іншае.
Лепш перапрацаваць, чым недапрацаваць, неяк зусім па-філасоўску расстаўляе яравыя прыярытэты галоўны сейбіт гаспадаркі Дзмітрый Маляр. Чаму галоўны? Таму, што адзіны і на ўсім ранне-зерневым і зернебабовым палетку прадпрыемства вы знойдзеце толькі яго механізатарскі почырк.

Гэта акалічнасць – у якасці завяршальнага штрыха, канешне ж, паколькі ўсе мы добра ўсведамляем калектыўнасць хлебаробскай працы. Ворыўныя работы, падрыхтоўка паверхні глебы, унясенне арганікі і мінеральных удабрэнняў і іншае – сельскагаспадарчая вытворчая формула ўтрымлівае шмат складнікаў.
Даволі значных памераў абшар з меліяраваных палёў (па-мясцоваму плянт). Частка «квадратаў» у мінулы панядзелак ужо была пад ярыной, давяршыць справу і належала Дзмітрыю Маляру. Пад кіраўніцтвам (наглядам, кантролем) агранома ўчастка «Галаўнінцы» Святланы Кудзінай.
– З сяўбой зерневай групы мы справіліся. Зараз у бункеры пасяўнога агрэгата зернебабовы мікс: авёс, пелюшка, іншае. Вырасце – корм будзе. Таксама, у тым ліку на зялёны корм, будзем сеяць рэдзьку, аднагадовыя травы. Час кукурузы яшчэ не прыйшоў, але работы па гэтай культуры належыць выканаць нямала, – адзначае Святлана Іванаўна.
За пару палявых карт воддаль ад пасяўнога кліна працуе «Раса». Работа не пыльная. У самым літаральным сэнсе слова, паколькі па траве, ужо зусім жывой і дастаткова зялёнай. Атрымаўшы ў якасці кармавой падтрымкі порцыю карбаміда-аміячнага кактэйлю, «мусіць» паскорыцца ў росце. А вось з вільгаццю праблема.
– Вясной патрэбны дажджы. Калі глеба недаатрымае ў гэты час вады, на высокі ўраджай разлічваць складана, – разважае «МАЗіст» Аляксей Кулак, які сёння тут у якасці падвозчыка мінудабрэння. Пра свой МАЗ, а іх у яго не адзін, здаецца, гатовы гаварыць доўга, добра, у падрабязнасцях і не без адмысловых вобразаў і эпітэтаў:
– Гэтаму 13 гадоў, на спідо-метры больш за 750 тысяч кіламетраў, без вялікіх рамонтаў. Я на МАЗах з 1989 года, яны мяне слухаюцца, – канстатуе шафёр.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Вадзіцель  Аляксей Кулак.
Механізатар  Дзмітрый Маляр.